«Дзяржаўная граніца»
На «Беларусьфільме» здымаюць працяг знакамітага серыяла
Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм» прыступіла да здымак працягу серыяла «Дзяржаўная граніца», паведамляе БЕЛТА.
«Дзяржаўная граніца» — гісторыка-прыгодніцкі серыял пра службу савецкіх памежнікаў, зняты ў 1980—1988 гадах. Дзеянне фільма адбываецца на тэрыторыі СССР ад Далёкага Усходу да заходніх межаў у перыяд з 1917-га па 1980-я гады.
Новая карціна атрымала рабочую назву «Апошні шпіён». Дзеянне стужкі разгортваецца ў пачатку 90-х гадоў. Ветэран баявых дзеянняў у Афганістане маёр пагранвойскаў Антон Пякарскі вяртаецца ў родную Беларусь пасля распаду СССР. Веды і вернасць абавязку дасведчанага пагранічніка, які адслужыў дзесяць гадоў на граніцы ў Сярэдняй Азіі, аказваюцца запатрабаванымі на Радзіме, дзе ствараецца новая нацыянальная служба аховы граніцы Рэспублікі Беларусь.
Рэжысёр-пастаноўшчык Ігар Чацверыкоў. Сцэнарый напісаны Валянцінам Залужным пры ўдзеле Ільі Цофіна і Ігара Чацверыкова.
Ролю Антона Пякарскага выконвае акцёр Андрэй Фралоў, вядомы гледачам па фільмах «Смяротны танец», «Два лёсы», «Рускі пераклад», «Мацней агню», «Міны ў фарватэры» і інш. У фільме таксама прымуць удзел артысты Міхаіл Месхі, Ігар Дзянісаў, Мікалай Кучыц, Алег Ткачоў, Павел Яскевіч, Віктар Рыбчынскі і многія іншыя.
Здымкі фільма будуць праходзіць у Мінску, Маладзечне, Лідскім і Смаргонскім раёнах, а таксама ў іншых кутках Беларусі пры садзейнічанні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.
Выхад фільма запланаваны на першую палову 2014 года. Усяго ж у новы сезон «Дзяржаўнай граніцы» ўвойдзе восем карцін (кожная па 2 серыі).