Хоць гапак, хоць кракавяк
У пятніцу беларусам прапануюць пабываць у XVIII—XIX стагоддзях.
Традыцыйна ў канцы чэрвеня ў вёсцы Азярцо Мінскага раёна будуць адзначаць «Сонцаварот». Арганізуе мерапрыемства Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту.
— У гэтым годзе гулянне сумясціць у сабе элементы трох свят: Купалля, Русальнай нядзелі і Сёмухі, — расказвае Ірына Марчанка, загадчык аддзела маркетынга Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту. — Наведвальнікі змогуць пабываць на рынку XVIII—XIX стагоддзяў, прайсці майстар-клас па пляценні вянкоў і нават паспрабаваць шчасця, шукаючы папараць-кветку.
Будзе працаваць тут і этнадыскатэка, дзе навучаць танцаваць лявоніху, кракавяк, гапак, польку.
Яшчэ адна асаблівасць «Сонцавароту» — дрэс-код: беларускае нацыянальнае адзенне.
— Звычайна ідэю са строямі падтрымлівае шмат людзей, — працягвае Ірына Марчанка. — Але часцей за ўсё госці чамусьці апранаюць толькі адзін з элементаў касцюма, напрыклад кашулю або спадніцу. Таму на сайце музея мы выклалі падрабязную інструкцыю таго, што ўключае ў сябе нацыянальны строй. Нават прапісалі, як у дзяўчын павінны быць сабраны валасы.
Пройдзе «Сонцаварот» з 18.00 да 23.00.