Малюнкі на шкле і маляваныя дываны прадстаўлены на выставе “Маляваны рай” у Вілейскім музеі
У выставачнай зале імя Сілівановіча праходзіць выстава “Маляваны рай”.
На ёй прадстаўлены малюнкі на шкле, маляваныя дываны, куфры, узоры ткацтва, макаткі (невялікія малюнкі на тканіне, якія выкарыстоўваліся для аздаблення ў чырвоным куце хаты). Гэта прадметы са збораў Вілейскага краязнаўчага музея і Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту.
– Працы выкананы ў асноўным ад пачатку і да 50-х год дваццатага стагоддзя, – расказвае навуковы супрацоўнік музея Надзея Аўдзей. – Сярод малюнкаў на шкле шмат рамак для фотаздымкаў, выяў кветак і жанчын з імі. Ёсць малюнкі з казачнымі матывамі, а таксама два абразы. Прадстаўлена на выставе і віншавальная паштоўка на шкле.
У выставачнай зале 5 чэрвеня адбылася творчая сустрэча з супрацоўнікамі Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту і майстар-клас па роспісу на шкле. Вілейскія дзеці даведаліся пра гэта майстэрства і самі паспрабавалі намаляваць на шкле.
Алесь ВЫСОЦКІ.
Фота vilmuseum.by