Маладосць спявала з Маладзечна

Источник материала:  

Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі сёлета выдаўся на рэдкасць юбілейным

Споўнілася роўна 20 гадоў, як у гэтым гасцінным і маляўнічым кутку Міншчыны ўпершыню заззялі агні цудоўнага фестывальнага свята. Яго прыгожы юбілей супаў з адметнай датай — 75-годдзем з дня ўтварэння Мінскай вобласці. Нарэшце, і сам горад Маладзечна вось-вось будзе адзначаць свой 625-ы дзень нараджэння.

Прыўзняты настрой адчуваўся ўсе фестывальныя дні. І гэта зразумела, бо арганізатары напярэдадні заявілі аб тым, што гледачоў чакае шмат сюрпрызаў, і заява гэта спраўдзілася. Галоўная інтрыга — рэспубліканскі конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Больш за 20 выканаўцаў выйшлі на цудоўную сцэну амфітэатра і паказалі сваё майстэрства ў суправаджэнні заслужанага калектыву краіны Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам прафесара Міхаіла Фінберга.

«Сёння ў Беларусі праводзіцца шмат фестываляў, адметных і самабытных. І няхай іх будзе як мага больш. Кожны з іх — гэта дэманстрацыя нашай культурнай сілы. Што да конкурсу маладых выканаўцаў, то вызначальна, што сёлета літаральна ўсе аднагалосна сведчаць, што такога ўзроўню выканаўцаў даўно ўжо не было. І гэта вельмі радуе. Магчыма, у будучым фестываль зможа стаць міжнародным, а гэты статус — наступны крок у яго развіцці», — падсумаваў міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў.

Што ж, конкурс ёсць конкурс, а гэта значыць, што павінны быць і пераможцы, і тыя, чый сапраўдны поспех яшчэ наперадзе. Сёлета журы шчодра раздало ўсе магчымыя ўзнагароды. Прысуджаны Гран-пры, першае, два другіх і два трэціх месцы. Час трыумфу для маладых выканаўцаў наступіў на гала-канцэрце ў першы фестывальны дзень. У час яго святочнага адкрыцця было сказана шмат узнёслых слоў у адрас свята паэзіі, мовы і беларускай песні. Прывітанне Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі да ўдзельнікаў паэтычна-музычнага форуму абвясціў намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Тозік.

Старшыня Мінскага аблвыканкама Барыс Батура ўпэўнены, што галоўнае ў фестывалі, каб як мага больш людзей пачулі голас роднай зямлі, які так цёпла і пранікнёна гучыць у беларускай песні.

У той вечар гучна пелі фанфары ў гонар пераможцаў. Гран-пры ўручаны канкурсантцы з Магілёва Валерыі Грыбусавай. Нягледзячы на свой юны ўзрост, яна ўжо добра ведае, што такое поспех: толькі ў мінулым годзе яна стала ўладальніцай чатырох Гран-пры міжнародных конкурсаў. Маладой спявачцы апладзіравалі Мінск, Наваполацк, Масква і Парыж. Натхненне на новыя дасягненні даў конкурс і Наталлі Кірыенка з Жодзіна. Гэта ёй было прысуджана першае месца. Як і Вылерыя, яна заканчвае музычны каледж і мяркуе паступаць у вышэйшую навучальную ўстанову, марыць стаць сапраўдным майстрам сцэны.

На канцэрце — адкрыцці фестывалю прагучала шмат выдатных твораў, напісаных на словы класікаў беларускай паэзii. Гэта ўзорная музыка і тыя словы, што будуць гучаць вякамі. Разам з Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам Беларусі выступілі заслужаны калектыў Дзяржаўны ансамбль танца Беларусі, знакамітыя і маладыя спевакі.

Больш за 20 мерапрыемстваў прайшло за два фестывальныя дні. Гэта паэтычныя сустрэчы з удзелам беларускіх паэтаў, канцэрт лаўрэатаў рэспубліканскага дзіцячага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні, прагучалі лепшыя беларускія хіты мінулага стагоддзя і шмат чаго іншага.

Сёлета на фестывалі адзін з канцэртаў прайшоў у пасёлку Чысць, які прэтэндуе на званне яшчэ аднаго адметнага культурнага цэнтра.

Шмат сюрпрызаў чакала гледачоў і на закрыцці фестывалю. На сцэне амфітэатра ў той вечар панаваў заслужаны калектыў Беларусі сімфанічны аркестр Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага пад кіраўніцтвам заслужанага дзеяча культуры краіны Рыгора Сарокі. Адметна, што да ўсіх юбілейных падстаў нацыянальнага фестывалю далучылася і 55-годдзе каледжа, які шмат чаго даў музычнаму свету.

Фота: БЕЛТА

←Камерный оркестр Беларуси завершит 45-й сезон "Июньскими морозами"

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика