А суддзі хто?
Гэту байку Івана Крылова ў свой час вывучалі ў школе. Не ведаю, як цяпер. Нагадаем нашым чытачам некалькі радкоў на мове арыгінала:
Осел увидел Соловья
И говорит ему: «Послушай-ка, дружище,
Ты, сказывают, петь великий мастерище.
Хотел бы очень я
Сам посудить, твое услышав пенье,
Велико ль подлинно твое уменье…»
А вось як гучыць гэты твор у перакладзе на беларускую мову, які зрабіў Кандрат Крапіва:
Асёл убачыў Салаўя
І да яго: “Паслухай, даражэнькі!
Ты, кажуць, пець мастак — і не маленькі:
Хацеў бы вельмі я
Паслухаць сам твой спеў удалы —
Ці сапраўды такі ён дасканалы”.
Тут Салавей паказваць талент стаў:
Зашчоўкаў, засвістаў.
На тысячу ладоў спяваў, пераліваўся;
То голас раптам прыцішаў
І сумнаю жалейкай адгукаўся,
То дробным шчэбетам па лесе рассыпаўся.
Зачараваны ўсе наўкол былі
Цудоўным спеваком Аўроры:
Прыціхлі ветрыкі, прымоўклі птушак хоры,
На пашы статкі прыляглі,
Амаль не дышучы, пастух ім любаваўся
І, слухаючы спеў, пастушцы ўсміхаўся.
Спеў скончаны. Асёл сказаў тут: “Так,
Пяеш нішто ты,
Цябе я слухаў без нудоты,
Шкада, аднак, —
Ты з нашым пеўнем не знаёмы.
Спявак ён слаўны, усім вядомы.
Яшчэ б ты болей налаўчыўся,
Каб у яго хоць крышку падвучыўся”.
Які ж на гэта мог Салоўка даць адказ?
Пачуўшы суд такі, з вачэй ён знік ураз.
Ад суддзяў гэтакіх ратуй ты, Божа, нас.
Вось і ўсё на сёння. У наступны раз, спадзяюся, зноўку нешта цікавае пашукаем.