Старая змеркнула Масква…
Зноў класіка, зноў Пушкін. Сёння будзем чытаць знакамітага “Меднага конніка” ў перакладзе на беларускую мову. Але спачатку ўспомнім урывак з твора на мове арыгінала:
На берегу пустынных волн
Стоял он, дум великих полн,
И вдаль глядел. Пред ним широко
Река неслася; бедный челн
По ней стремился одиноко.
По мшистым, топким берегам
Чернели избы здесь и там,
Приют убогого чухонца;
И лес, неведомый лучам
В тумане спрятанного солнца,
Кругом шумел…
А вось гэтыя радкі на беларускай. Дарэчы, пераклад зрабіў Янка Купала:
На беразе пустынных вод
Стаяў ён, буйных дум палёт
Лунаў у даль. Прад ім шырока
Плыла рака, па ёй — сярод —
Плыў бедны човен адзінока.
Па мшыстых, топкіх берагах
Чарнелі хаты ў хмызняках,
Прытул убогага чухонца;
І лес, які не знаў ў вяках
Туманам схованага сонца,
Вакол шумеў.
І думаў ён:
Адсюль гразіць мы будзем шведу,
Тут стане горад з бегам дзён
Назло пышліваму суседу.
Прыродай суджана даўно
Ў Еўропу высеч тут акно,
Нагою цвёрдай стаць пры моры.
Сюды праз новыя шляхі
Ўсе ў госці прыплывуць сцягі,
І забалюем на прасторы.
І горад после сотні год,
Краін паўночных цуд і дзіва,
З гушчынь лясоў, з дрыгвы балот
Узнёсся пышна, гардаліва.
Дзе ўперад фінскі рыбалоў,
Няшчасны пасынак прыроды,
Адзін ля нізкіх берагоў
Кідаў ў нязведаныя воды
Стары свой невад, там цяпер
Па берагах на ўвесь бязмер
Паўсталі ўместа ўбогіх хатаў
Палацы, вежы; караблі
Гурбой з усіх канцоў зямлі
Плывуць да прыстаняў багатых.
Граніт адзеў бакі Нявы;
Масты навіслі над вадамі,
Цёмна-зялёнымі садамі
Зазелянелі астравы.
І прад малодшаю сталіцай
Старая змеркнула Масква,
Як перад новаю царыцай
Парфіраносная ўдава...
На гэтым сёння і ўсё. Спадзяёмся, у наступны раз зноў знойдзем нешта цікавае.