Святлана Роўда: “Мне хочацца, каб хтосьці таксама захацеў вышываць”
Святлана Роўда
У Крывічах 25 красавіка распачалася персанальная выстава Святланы Роўда "Праз вышыўку глядзіць душа". На выставе ў цэнтры народных рамёстваў прадстаўлены каля трыццаці прац майстрыхі. Зроблены яны вышыўкай крыжыкам.Падчас адкрыцця выставы пазнаёмілі з біяграфіяй творцы: працавала яна настаўніцай пачатковых класаў у Крывіцкай сярэдняй школе. Святлана Мікалаеўна расказала пра тое, як з’яўляюцца творы.
– Захапляюся вышыўкай сем год, – паведаміла ў інтэрв’ю Святлана Роўда. – Калі працавала апошні год у школе, прапанавалі гурток весці. Які? Успомніла дзяцінства, як мне хацелася вышываць крыжыкам. Арганізавала гурток “Самацветы”, на занятках дзеці з задавальненнем вышывалі. А як пайшла на пенсію, не ведала, куды сябе дзець. Дык “захварэла” на рукадзелле.
– Ці часта вышываеце?
– У асноўным зімою, калі ўнукаў няма. А летам поўны дом унукаў – ніяк не атрымліваецца.
– Якія асноўныя тэмы прац?
– Пейзажы і кветкі. Гэта мае любімыя вышыўкі.
На адкрыццё выставы сабраліся крывічане. Падзівіліся майстэрству Святланы Роўды. Прапанавалі і іншых майстрых выставы ладзіць – іх у Крывічах нямала.
А ў адрас Святланы Роўда гучалі цёплыя словы, у тым ліку і ад начальніка аддзела культуры Ганны Падгол. І падарунак быў ад цэнтра народных рамёстваў.
– Што для вас азначае гэта выстава? – спытаў у майстрыхі на развітанне.
– Мне хочацца, каб хтосьці таксама захацеў вышываць.
Алесь ВЫСОЦКІ.
Фота Алеся ВЫСОЦКАГА.