Духоўныя скарбы культурнай сталіцы
Кожны год студэнты-першакурснікі філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржуніверсітэта імя першадрукара Францыска Скарыны праходзяць вучэбную фальклорную практыку. Мінулым летам шлях фальклорнай экспедыцыі пралягаў на Нясвіжчыну. І гэта невыпадкова. Нясвіж у мінулым годзе прыняў ад Гомеля ганаровую эстафету культурнай сталіцы Беларусі.
На працягу некалькіх летніх тыдняў практыканты рупліва збіралі дыяменты народнай культуры. У час сустрэч з мясцовымі жыхарамі студэнты-філолагі і выкладчыкі зрабілі шмат цікавых запісаў каляндарна-абрадавых свят, замоў, легенд, паданняў, песень, прыказак, прымавак, прыпевак. Вынікам плённай працы стала навуковае выданне «Нясвіжскага краю напеў векавы: народная духоўная культура Нясвіжчыны» (на здымку). Яно падрыхтавана вучонымі філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Францыска Скарыны пад агульнай рэдакцыяй загадчыка кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі доктара філалагічных навук, прафесара Валянціны Новак.
«Гэта падзея — яскравае сведчанне таго, што тут бруіць, не перасыхае крыніца народных талентаў, якая знітоўвае мінулае і сучаснае, далучае новыя пакаленні да адвечных народных скарбаў», — піша ў прадмове да выдання доктар тэхнічных навук, прафесар, прарэктар па навуковай рабоце ГДУ Алег Дземідзенка.
Сапраўды, Нясвіжчына слынная сваімі таленавітымі людзьмі. У кожным яе куточку ёсць свае майстры, захавальнікі самабытнай культуры і мастацкіх каштоўнасцей. Яны займаюцца ткацтвам, ганчарствам, ручной вышыўкай, салома- і лозапляценнем, разьбой па дрэве. Аб’ядноўвае іх тое, што ў сваіх работах яны ўвасабляюць прыгажосць і духоўнае багацце малой радзімы. Аб такіх унікальных людзях расказваецца ў раздзеле кнігі «Промыслы і рамёствы Нясвіжскага краю».
— Фальклорная ж традыцыя гэтай мясціны Беларусі вызначаецца спецыфічнымі рысамі, якія можна знайсці ў розных жанрах, — адзначае Валянціна Новак. — Ёсць тут, напрыклад, свае адметнасці ў святкаванні Масленіцы: катанне на конях звязвалі з магіяй ураджайнасці льну. Запомніліся і згадкі мясцовых жыхароў пра абрад валачобніцтва, прымеркаваны да святкавання Вялікадня. Цікава тое, што і валачобнікаў, і калядоўшчыкаў у вёсках Нясвіжскага раёна называюць кукольнікамі. Вельмі цікавыя і захаваныя тутэйшымі людзьмі скарбы народнай прозы: казкі, легенды і паданні.
Усе гэтыя акалічнасці і сёння прывабліваюць даследчыкаў. Гэта дае падставы меркаваць, што матэрыялы кнігі, а таксама ўключаныя ў яе запісы з архіваў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, вучэбна-навуковай фальклорнай лабараторыі БДУ, БДПУ імя Максіма Танка будуць цікавымі для ўсіх аматараў традыцыйнай культуры Беларусі.