Музейная сенсацыя
Знойдзены яшчэ адзін сапраўдны аўтограф Максіма Багдановіча
Сапраўдны аўтограф Максіма Багдановіча знойдзены нядаўна ў фондах бібліятэкі Яраслаўскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта. Пра гэта распавяла дырэктар дзеючага ў Яраслаўлі Дома-музея Максіма Багдановіча Наталля Прохарава ў час наведвання яго Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Расіі Ігарам Петрышэнкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
«Гэта сапраўдная сенсацыя», — падкрэсліла Наталля Прохарава, дадаўшы, што дасюль было вядома аб 26 сапраўдных аўтографах класіка беларускай літаратуры, якія захоўваюцца ў розных музеях і архівах. Яраслаўскі аўтограф — 27-ы. Як кажа Наталля Прохарава, плануецца перадаць гэтую знаходку беларускаму боку.
Як вядома, Максім Багдановіч пражываў у Яраслаўлі з 1908-га па 1916 год. Памяць пра яго яраслаўцы захоўваюць: акрамя дома-музея, у горадзе ўсталяваны помнік Максіму Багдановічу, ёсць вуліца, якая носіць яго імя.
У час наведвання дома-музея Ігар Петрышэнка таксама сустрэўся з членамі Яраслаўскай рэгіянальнай грамадскай арганізацыі руска-беларускай дружбы «Сяброўства» на чале з яе кіраўніком Дзмітрыем Паповічам.
Пасол падзякаваў супрацоўнікам музея за падзвіжніцкую дзейнасць і падтрымку духу славянскага братэрства. «Вы сапраўдныя патрыёты беларуска-расійскіх адносін», — сказаў дыпламат, звяртаючыся да работнікаў музея і прадстаўнікоў беларускай дыяспары.
Паводле апошняга перапісу насельніцтва, у Яраслаўскай вобласці пражываюць 13 тысяч этнічных беларусаў.