У Астраўцы працуе выстава: партрэты Вялікіх князёў Альгерда, Кейстута і Вітаўта напісаныя на дрэве

Источник материала:  

У панядзелак, 8 красавіка, у будынку дзіцячай школы мастацтваў адбылося адкрыццё выставы мінскага мастака Алеся Сушы пад назвай “Напрадвесні”.

Гэта манументальныя алейныя краявіды старажытнай Нальшчаншчыны, якія Алесь стварыў на працягу апошніх гадоў у Крэве і Кабыльніку.

Партрэты вядомых асоб Беларусі – Вялікіх князёў Альгерда, Кейстута і Вітаўта, магната Януша Радзівіла, паэткі Алаізы Пашкевіч (Цёткі), нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага, напісаных на дрэве. Ну і вядома ж, візітоўка Сушы, – салонныя дзяўчынкі, выкананыя пастэльнымі фарбамі.

Ініцыятарам мастацкай выставы выступіў Астравецкі краязнаўчы музей на чале з дырэктарам Ганнай Кацуба. Адкрыў імпрэзу намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Свіла.

Сваімі ўспамінамі пра пленэр, які адбыўся ў 2007 годзе на Астравеччыне і быў прысвечаны 100-гадоваму юбілею мастака з Лошы Льву Дабжынскаму, а таксама ўражаннямі пра выставу з прысутнымі падзяліліся сябры і калегі па творчым цэху – краязнаўца Алесь Юркойць, скульптар Сяргей Гумілеўскі, мастакі Тэрэса Варановіч, Алесь Буйвідовіч, Лю­дміла Кухарэвіч і Стафан Казлоўскі.

Завяршыў імпрэзу госць з Літвы – доктар гуманітарных навук, прафесар Эгідыюс Мажынтас, якога партрэты Альгерда і Кейстута натхнілі на згадку пра Вялікае Княства Літоўскае.

Спадар Мажынтас казаў, што менавіта протабеларускі этнас быў рухавіком магутнай еўрапейскай дзяржавы, а жамойты, дзякуючы нам, ліцвінам, здолелі выстаяць перад крыжацкай навалай.

Згодна з прагнозамі сіноптыкаў, да прыходу на Беларусь цёплага надвор’я засталіся два тыдні. Напрадвесні музей запрашае на выставу, якая будзе працаваць да 19 красавіка.

Тадэвуш НАЛЬШЧАНСКІ.

Фота google.by

←Янни: Минск напоминает мне скрытый бриллиант

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика