1.«Усё на свеце даецца работай, цяжка. Але раз ты папрасіў...»
— Іван Юр’евіч, як склаўся лёс Юзі — вашай бабулі і сястры Якуба Коласа?
— Калі сям’я Коласа з Ластка пераехала ў Альбуць, то Юзя першай там і нарадзілася. А ўзяў яе замуж Міхась Казіміравіч Белы — мой дзед. І калі ў сям’і бацькоў Коласа да сталага ўзросту выгадавалася дзевяць дзяцей, то ў маёй бабулі Юзі — дзесяць. Невядомы толькі лёс самага старэйшага сына — Сашы. Я яго не памятаю, бо ён яшчэ пры паляках, а Мікалаеўшчына да 1939 года адносілася да Польшчы, як і многія хлопцы, пад уплывам савецкай прапаганды перайшоў граніцу — з Польшчы ў Савецкі Саюз. І з таго часу пра яго няма ніякіх звестак.
Акрамя Сашы, у бабулі яшчэ былі Вольга, Маня, Лена, Коля, Юрка — мой бацька. А таксама Лёва, Сеня, Міша, Валодзя. У майго бацькі было чацвёра дзяцей. А ў мяне ўжо толькі двое…
Як склаўся лёс бабулі Юзі? Яна пражыла 73 гады. Нарадзілася ў 1891-м, а ў 1964-м памерла. Жыла заўсёды толькі ў Мікалаеўшчыне. Лічу, што вельмі цяжкая ў яе была доля, няўдала склаўся лёс. Бо мой дзед любіў залішне выпіць. Меў вельмі цяжкі характар. А яшчэ падчас Першай сусветнай вайны яго пакалечыла. І ў бабулі ўвесь клопат быў пра дзяцей: падняць іх на ногі, вывучыць.
Помню, як пасля Вялікай Айчыннай вайны, калі малых не было чым карміць, яна брала таптуху, клікала сваю сяброўку Грышчыху і ішла з ёй да Нёмана. Наловяць рыбы, насмажаць. Вось гэта была вячэра ці абед для сям’і. А потым зноў думала, чым жа ў наступны раз дзяцей накарміць.
І вось да чаго я вяду. Якуб Колас добра дапамагаў родным. Асабліва пасля вайны, калі ўжо ўстанавілася сувязь з сям’ёй, якая абарвалася з 1921 года, пасля падпісання Рыжскай дамовы. Атрымалася так, што Колас жыў у Мінску, у Савецкім Саюзе, а мы ж былі пад Польшчай.
Дык вось, пасля вайны Колас дапамагаў усім сваім братам і сёстрам. Да таго часу памёр толькі яго брат Алесь, які жыў у Расіі, у Белгародскай вобласці. А ўсе астатнія былі жывыя і жылі на Стаўбцоўшчыне. Толькі самы малодшы, Міхась, пабаяўся, што яго пакараюць, бо ён пры немцах быў настаўнікам. Яго сталі палохаць: «Табе Саветы не даруюць!» І ён адышоў на Захад. Пажыў трохі ў Чэхіі, Германіі, а потым з’ехаў у Амерыку. Там і памёр. Яго псеўданім — Антось Галіна, ён быў друкаром, выдаваў газету «Белая Русь», пісаў апавяданні. Міхась стаў дасылаць лісты на Мікалаеўшчыну, калі наш знакаміты родзіч ужо памёр. І брат з-за мяжы ўжо ніяк не мог кінуць цень на Якуба Коласа. Тыя лісты захаваліся, Міхась пісаў іх розным людзям: сястры Міхаліне, пляменніцы Лене — сястры майго бацькі, ці Юзінай дачцэ. Я чытаў некаторыя з тых пасланняў. Міхась пра сябе распавядаў, пра сваё жыццё. Апошнія гады ён працаваў царкоўным старастам на ўскраіне Нью-Ёрка. Там і пахаваны. Сям’і ў яго не было.
— Чым жа Якуб Колас дапамагаў?
— Проста грошы дасылаў. А ўжо пасля яго смерці былі аформлены дадатковыя пенсіі ўсім братам і сёстрам. Праўда, пенсіі тыя былі невялічкія, і родныя Якуба Коласа не доўга імі карысталіся.
Дарэчы, у Мікалаеўшчыне жыве многа людзей з прозвішчам Міцкевіч. У вёсцы яго носяць сем’і, якія маюць, каб іх адрозніваць, аж 28 мянушак! І здаўна ў нас ёсць родавыя мянушкі. Наша вясковая мянушка, Белых, была Зімкі. А астатнія, той жа Юзік, брат Якуба Коласа, — гэта ўжо Альбуцкія. Паколькі яны нарадзіліся ў Альбуці, таму за імі замацавалася такая назва.
І вось я назіраў, што ў адносінах сярод родных Якуба Коласа была нейкая напружанасць у такім плане: маўляў, пісьменнік Альбуцкім больш дапамагае (смяецца). Гэта я вельмі добра памятаю. Чуў малым такія размовы: «А, вось Колас прыслаў нам столькі грошай, а людзі казалі, што Альбуцкім, таму ж Юзіку, альбо Міхаліне, куды болей». Наколькі яно было праўда, хто яго ведае. Але такая зайздрасць між сабою была.
Помню, дзядзька Юзік прыходзіў гуляць да майго дзеда ў карты, другі раз і распачыналіся такія спрэчкі з-за грошай: «Табе болей Колас дапамог!» А той у адказ: «Дзе болей?»
Вядома, што Якуб Колас дапамагаў не толькі родным, але і чужым людзям. Напрыклад, у кагосьці карова прапала — ён даваў грошы. Такіх фактаў вядома шмат.
А вось што ніхто не ведае: Канстанцін Міхайлавіч дапамог і майму бацьку. Апошні вярнуўся дадому з вайны ў пачатку 1945 года, стаў будавацца па суседству з дзедавай хатай і даслаў Якубу Коласу пісьмо, у якім папрасіў грошай. І знакаміты родзіч даслаў зваротны ліст, які я доўга-доўга хаваў. Калі яшчэ студэнтам быў, паказваў сваім аднакурснікам. А потым не ведаю, куды той ліст знік.
Амаль на памяць яго ведаю. Якуб Колас пісаў: «Дарагі Юрка! Многія лічаць, што я — «залаты мяшок». Ты так не думай. Усё на свеце даецца работай, цяжка. І вось ты, паколькі ў цябе няма такой адукацыі, цяпер старайся сваімі рукамі здабываць гэтыя грошы. Але раз ты папрасіў, то я табе на гэты раз дасылаю 120 рублёў». А на той час, дзесьці ў 1946—47 гады, гэта былі добрыя грошы…
Аднойчы я з братам Юркам, з якім разам вучыліся на філфаку БДУ і які цяпер жыве на Стаўбцоўшчыне, пайшлі дамоў да Якуба Коласа, хоць таго ўжо не было. Жыла ў яго доме радня — сястра Канстанціна Міхайлавіча Лена і яго сыны Даніла і Міхась. Пайшлі ў госці, бо проста хацелася есці (смяецца). А зрабілі выгляд, што як бы кніжак узяць пачытаць. Памятаю, я для прыліку ўзяў Жуль Верна. Ну, думалі, здагадаюцца нас пакарміць. І мы не памыліліся. Пакармілі. І добра. Таму дапамога была заўжды.
— Гэта па Коласаўскай традыцыі: хто прыйшоў у дом, усіх частаваць?
— Так. Дарэчы, Якуб Колас пускаў жыць да сябе людзей знаёмых і незнаёмых, якім проста не было дзе прытуліцца. Падбіраў іх на вуліцы. А сам жа спачатку жыў на кватэры, калі прыехаў у Мінск яшчэ перад вайной — у 1921 годзе.
Да слова, у Якуба Коласа гадаваўся і Іван Міцкевіч — сын яго першага настаўніка, дарэктара з паэмы «Новая зямля», Яські Базылёва. І гэты Іван Міцкевіч стаў потым акадэмікам, выдатным хімікам. І мой дзядзька Сеня — малодшы бацькаў брат, які вучыўся ў інязе, таксама апошнія гады вучобы жыў у Якуба Коласа. Праўда, ужо ў новай хаце, якую пабудавалі пасля вайны, калі ў госці да Канстанціна Міхайлавіча прыйшоў сам Панамарэнка. Ён паглядзеў, у якіх той не вельмі добрых умовах жыве, і сказаў: «Не. Мы такое цярпець не можам». І даў каманду, каб пабудавалі новы двухпавярховы дом. Там цяпер размяшчаецца музей…
Колас быў вельмі шчодрым чалавекам. Дапамагаў, паўтараю, не толькі родным, але і выпадковым людзям. Было такое, што адзін чалавек аднойчы расплакаўся і выпрасіў у Якуба Коласа грошы. А потым, відаць, яго заела сумленне. І праз колькі гадоў ён прыйшоў да пісьменніка і прызнаўся, што як бы падманам у яго грошы ўзяў: «Ведаеце, тады я вас проста падмануў. У мяне не была такая ўжо цяжкая сітуацыя, як я абмаляваў».
Хаця, бывае, кажуць, што Якуб Колас быў скупы. Нават анекдоты такія хадзілі. А гэта ж зусім не так. Нядаўна адкрыўся такі факт. Аднойчы Якуб Колас апынуўся ў ГУМе, а там дзяўчаткі, дзве студэнткі, нагледзелі сабе нейкую пакупку, у іх аж вочы гарэлі, так хацелі купіць! А грошай жа няма. І тут нейкі дзядзька да іх падышоў, і гэтыя грошы ім усунуў. Аказалася, што гэта быў Якуб Колас.
А тое, што ён зрабіў многа для нашай вёскі Мікалаеўшчына, гэта таксама агульнавядома. У 1940-м яна згарэла амаль уся. Быў халодны вецер, і пастушкі схаваліся ў адзін зруб. Рашылі агеньчык раскласці. І так расклалі, што згарэла вёска. Якуб Колас унік у гэту праблему і дабіўся, каб прыехалі архітэктары, планіроўшчыкі і распланавалі вёску па тыпу горада — разбілі на квадраты. І дзяржава адпусціла пагарэльцам бясплатную цэглу на печы, дрэва на зрубы, а некаторым нават шыфер. І людзі з Мікалаеўшчыны, што не згарэлі, ужо зайздросцілі тым, хто адбудаваўся. Бо адбылося гэта вельмі хутка — за паўгода.
— Вашы сваякі ў той час таксама пагарэлі?
— Канешне. Дзедава хата згарэла, і потым ён стаў будаваць новую, а тут пачалася вайна. Прыйшлі немцы, хаця яны ў нашай вёсцы былі ўсяго разы два-тры. Вёску не зачапілі, бо яна збоку ад вялікіх дарог стаіць. Дык аднойчы каля дзедавага зруба загразлі нямецкія машыны. І фашысты раскідалі зруб яго хаты: клалі бярвенні пад колы. Дзед падумаў-падумаў — і зноў сабраны зруб з грудка на ўскраіну вёскі перавез. У той хаце я і нарадзіўся ў 1943 годзе. Яна і цяпер стаіць.
— Іван Юр’евіч, вы самі бачылі Якуба Коласа?
— Двойчы. Першы раз я яго бачыў у 1949-м годзе, гэта было, здаецца, 11 верасня. Тады памёр Ігнат Юр’евіч Міцкевіч, стрыечны дзядзька Якуба Коласа, а таксама дырэктар нашай школы. І Канстанцін Міхайлавіч прыляцеў на Стаўбцоўшчыну на кукурузніку на пахаванне свайго дзядзькі, якога вельмі любіў. А ў нас там быў стадыён, дзе мы ў футбол гулялі — роўны луг над Нёманам, на які гэты самалёт лёгка сеў. Вестка пра прылёт Якуба Коласа тут жа абляцела вёску. У той час, помню, мы нашу хату будавалі, у варыўню цягалі пясок, уцяплялі столь. Дык усё кінулі і пабеглі. Дарэчы, нас, малых, пасля вайны было, Божа ж мой мілы, колькі! Гэта цяпер, у параўнанні з тым часам, мёртвая вёска. Стаіць можа пяцьсот дамоў, а дзяцей няма…
Дык вось, нас, малых, тады выстраілі ў шарэнгу і сказалі: «Складзіце далонькі». Уздоўж шарэнгі ішоў Колас, а з ім побач чалавек нёс торбачку. Канстанцін Міхайлавіч у яе запускаў руку, браў жменю цукерак і нам, кожнаму па чарзе, сыпаў іх ў далонькі.
Вера ГНІЛАЗУБ, «БН»
Фота Паўла ЧУЙКО, «БН»
(Працяг будзе.)