Вілейскі пяцікласнік малюе выключна машыны
У гімназіі №№1 “Логас” праходзіць выстава пяцікласніка Іллі Вансовіча. На ёй прадстаўленыя выключна выявы машын.
– Чаму толькі машыны малюеш? – пытаюся ў юнага мастака.
– З дзяцінства такое захапленне: машыны пачаў маляваць у садку. Тата займаецца грузаперавозкамі, і гэта пачало прыцягваць.
– Машыны цікавяць таму, што з бацькавай працай звязаны?
– Не толькі. Падабаецца, як яны выглядаюць, што могуць перавозіць такія вялікія грузы.
Расказаў Ілля, што некаторыя малюнкі дапамагае стварыць фантазія, штосьці ў энцыклапедыях падглядвае.
Выставу прапанаваў правесці Эдуард Мацюшонак, пад кіраўніцтвам якога Ілля займаецца ва ўзорнай студыі выяўленчага мастацтва “Вясёлка”. Кажа юны мастак, што заняткі яму даюць многае.
– Што, апроч машын, яшчэ любіш маляваць?
– Практычна нічога – толькі машыны. Але нядаўна спрабаваў вітраж размаляваць – цікава!
– Як дзеці адгукаюцца пра выставу?
– Кажуць, што падабаецца. Цікавяцца, як так атрымліваецца.
Даспадобы захапленне хлопца і бацькам.
– Захапленне сына падтрымліваем, прыемна, што такая творчая жылка ў яго ёсць, – кажа бацька юнага мастака – Дзмітрый. – Я сам у дзяцінстве машынамі цікавіўся. І сыну гэта перадалося.
Алесь ВЫСОЦКІ.
Фота Алеся ВЫСОЦКАГА.