Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мечыслаў МОРХАТ: «Землякі такога гонару заслугоўваюць»

Источник материала:  
ШАРКОЎШЧЫНСКІ раён «славіцца» сваімі гліністымі землямі. Тут ці не ў кожнай гаспадарцы можна вырабляць цэглу. І нездарма ў савецкія часы ў гарадскім пасёлку быў магутны цагельны завод. Затое хлебаробам даводзіцца працаваць, па сутнасці, у экстрэмальных умовах: пасля дажджоў на поле не ўз’ехаць, а ў засуху — «не закласці» плуг. Падкормку азімых вясной да нядаўніх часоў, пакуль не з’явіўся ўсюдыход «Раса», вяла тут авіяцыя.

Аднак, нягледзячы на такія суровыя неспрыяльныя ўмовы, Шаркоўшчына год ад году прыбаўляе. Летась на 16 працэнтаў атрымана больш зерня і на 10 — малака. Пабудавана 2 тысячы квадратных метраў жылля. Уведзена ў строй цэнтральная раённая бальніца, адна з самых прыгожых і камфартабельных у краіне.

За ўсім гэтым — падтрымка дзяржавы і напружаная плённая праца людзей.

І менавіта да людзей мясцовая ўлада праяўляе асаблівы клопат.

У мінулым годзе па ініцыятыве былога старшыні райвыканкама, а цяпер дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Мечыслава Морхата праведзены святы амаль у кожным аграгарадку, на якіх усе лепшыя працаўнікі і ветэраны былі прылюдна ўшанованы. Адбыўся і раённы слёт перадавікоў.

Дарэчы, увесь мінулы год раён падыходзіў да таго, каб урачыста правесці цырымонію на званне «Чалавек года Шаркоўшчыны». Гэта была заветная мара Мечыслава Морхата і яго, можно сказаць, святы абавязак перад сваімі землякамі. Яна, гэтая мара, добра лягла ў кантэкст даручэння старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Косінца — у кожным раёне падрыхтаваць, як мае быць, і правесці такія мерапрыемствы.

І вось спрацаваў закладзены ў 2012 годзе трывалы падмурак. Па розных аб’ектыўных прычынах прэм’ера адметнай падзеі для Шаркоўшчынскага раёна і Віцебшчыны адбылася толькі ў мінулую пятніцу. У раённым Доме культуры ўпершыню ў гісторыі раёна названы «Чалавек года Шаркоўшчыны». Ганаровага звання ўдастоены людзі з самых розных сфер жыцця: педагог Ларыса Гараніна, прадавец Алена Матрунёнак, медыцынская сястра Вера Сіняўская, работнік культуры Вера Шуман, бізнесмен Вячаслаў Кожан і іншыя. Усяго — 15 чалавек.

Трэцяя частка з іх — працаўнікі вёскі. Гэта трактарысты-машыністы Анатоль Ермаловіч з КУВСП «Гарадзец», Дзмітрый Качан з КУВСП імя Маркава, Пётр Чарняўскі і Дзмітрый Ліпскі з ААТ «Даватарскі» і аператар машыннага даення з гэтай жа гаспадаркі Ніна Лубянцова.

У кожнага — свая адметная біяграфія, звязаная з зямлёй і роднай вёскай.

Дзмітрый Качан пераняў эстафету механізатара ад бацькі. Вярнуўся ў родную гаспадарку пасля арміі сем год таму назад. Шчыраваў і на трактары, і на камбайне. Летась намалаціў 1300 тон зерня і заняў другое месца ў раёне сярод маладзёжных экіпажаў. Жыве ў аграгарадку, гадуе сына.

Дзмітрый Ліпскі таксама малады механізатар. Выдатна ведае сельскагаспадарчую тэхніку, паспяхова спраўляецца з яе рамонтам. Заняў першае месца па ворыве на рэспубліканскіх спаборніцтвах.

Ніна Лубянцова па маладосці выехала было ў Латвію. Працавала там медсястрой у бальніцы. Але праз які час вярнулася ў родныя мясціны, Валожынкі, дзе нарадзілася, і вось ужо два дзясяткі год нясе вахту аператара машыннага даення на мясцовай ферме. Летась надаіла ад кожнай каровы па 6318 літраў малака. Па яе прыкладу прыйшлі на ферму і маладыя работніцы з яе ж вёскі — Таццяна Савуць і Наташа Елубаева. Ніна мае і сваю вялікую падсобную гаспадарку: дзвюх кароў, свіней, курэй, трусоў.

Пра кожнага з лаўрэатаў, пакуль той падымаўся на сцэну, гучаў невялічкі расказ.

Уручаў узнагароды — спецыяльны значок, Дыплом і грашовую прэмію — старшыня райвыканкама Мікалай Баговіч.

— Вы — сапраўдныя героі года! — падкрэсліў ён у сваім выступленні. — Кожны ўкладваў у работу душу, самаадданасць, праяўляў ініцыятыву. Сёлета 510-годдзе Шаркоўшчыны, і вы сваімі дасягненнямі зрабілі ёй выдатны падарунак.

Член Савета Рэспублікі Мікалай Мартынаў падараваў кожнаму лаўрэату адмысловы наручны гадзіннік з сімвалічнай назвай «Брава».

У гэты ж дзень на гэтай жа сцэне былі названы лепшыя сярод школьнікаў — «Вучань года». Такога ганаровага звання ўдастоены Святаслаў Пракаповіч, Елізавета Сакова, Ірына Буйко, Ігар Барсук, Андрэй Стральчонак і іншыя.

Хто ведае, пройдзе колькі год, і мо зноў прагучаць гэтыя прозвішчы, толькі ўжо ў намінацыі  «Чалавек года Шаркоўшчыны»!

Удзельнікаў урачыстасці, а справа была якраз напярэдадні Масленіцы, частавалі блінамі. Быў дадзены вялікі канцэрт мастацкай самадзейнасці. Запомніліся словы гімна Шаркоўшчыны на верш мясцовага паэта Міледзія Кукуця:

Не стамлюся я любіць

Гэтыя мясціны,

Дзе Дзісёнка ўдаль бяжыць,

Дзе народ гасцінны!

Тут працуюць і песні пяюць,

Павялося здаўна, так і будзе,

Услаўляючы край і зямлю,

Працавітыя, шчырыя людзі!

Уладзімір САУЛІЧ, «БН»

Фота аўтара

←Плявузгаць не будзем

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика