I доўгі шлях…
Гэту песню ў свой час выконвалі Вадзім Козін, Клаўдзія Шульжэнка, Ізабэла Юр’ева. Яна і цяпер калі-нікалі гучыць па радыё. Як аказалася, гісторыя самой песні даволі складаная і заблытаная. Каб паставіць усе кропкі над «і», патрэбна будзе вельмі шмат месца. А гэта мы і не ставім сваёй мэтай. Проста возьмем за аснову той факт, што аўтарам верша з’яўляецца Андрэй Шмульян, а музыку напісаў Уладзімір Сідараў. Безумоўна, ёсць і другія меркаванні. Але спрачацца не будзем па той жа простай прычыне — рамкі «Лікбеза» проста не дазваляюць гэта зрабіць. А цяпер нагадаем радкі з песні, якая мае назву «Дружба»:
Когда простым и нежным взором
Ласкаешь ты меня, мой друг,
Необычайным цветным узором
Земля и небо вспыхивают вдруг.
Веселья час и боль разлуки
Готов делить с тобой всегда.
Давай пожмем друг другу руки —
И в дальний путь на долгие года…
А цяпер прасочым, як гэтыя радкі выглядаюць у перакладзе на беларускую мову:
Як толькі ты з усёй пяшчотай
У сэрца мне зірнеш наўпрост,
Душа прагоніць сваю самоту,
Каб не забыць ніколі пра мілосць.
Святло сустрэч і боль расстанняў
Я падзялю з табой заўжды.
У руцэ рука, у душы каханне —
І доўгі шлях праз дні і гарады.
Мы марных слоў казаць не хочам,
Усё без іх вядома нам.
Да сэрца праўду даносяць вочы,
І мы ўдзячны сэрцу і вачам…
Паспявалі? Ну і добра. А зараз трошкі звычайных перакладаў:
гать — грэбля
причуда — прыхамаць
оладья — аладка
беседка — альтанка
в прошлом году — летась
небрежный — нядбайны
нижнее бревно в срубе — падруба
мощность — магутнасць
чулан — камора
вонь, смрад — смурод
возбужденный — узрушаны
салфетка — сурвэтка
Ну і досыць на сёння. А заўтра, спадзяюся, зноў нешта перакладзём.