Сямейны сеанс

Источник материала:  

Прэм’ера першага беларускага поўнаметражнага анімацыйнага фільма «Прыгоды Несцеркі» адбудзецца 25 сакавіка ў мінскім кінатэатры «Дом кіно»

Аб гэтым БЕЛТА паведаміў рэжысёр карціны Ігар Волчак. Першы паказ на вялікім экране будзе суправаджацца незвычайнай праграмай. Цэнтральнай тэмай свята стане фальклор, бо мульцік прадставяць на беларускай мове. «Мы плануем правесці гульню ў «агучванне». Будзем выклікаць гледачоў на сцэну і прасіць агучыць той ці іншы фрагмент стужкі. Затым пройдуць майстар-класы артыстаў, якія прымалі ўдзел у стварэнні мультфільма. Самым актыўным удзельнікам уручым падарункі», — падзяліўся задумай рэжысёр.

«Прыгоды Несцеркі» — мультфільм для сямейнага прагляду. Гэта 8 смешных і захапляючых гісторый, у якіх самы папулярны герой народных легенд і паданняў Несцерка са сваімі неразлучнымі сябрамі сабакам і катом знаходзяць выйсце з любой сітуацыі. Яны ператвараюць звычайныя гліняныя збаны ў музычны інструмент, перамагаюць крыважэрнага Дракона, які выкраў нявесту Несцеркі, і знаходзяць управу на Ліха, якое пасялілася ў іх доме.

Акрамя беларускамоўнай версіі мультфільма, ёсць варыянт на рускай — для партнёраў з СНД і з англійскімі субцітрамі — для іншых краін.

Поўнаметражная анімацыйная карціна — цэласная версія першага ў краіне чыста беларускага мультсерыяла «Несцерка». Экраннае жыццё ўдалага веселуна пачалося 10 гадоў таму. У 2003 годзе выйшла першая з 8 серый, і толькі ў мінулым годзе завяршылася работа над апошняй часткай. Пасля гэтага ўсе серыі зманціравалі, ператварыўшы праект у поўны анімацыйны метр на 52 мінуты.

Прэс-паказ анімацыйнай стужкі адбыўся 8 лютага 2013 года ў Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм».

←Лучшая роль

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика