КУЛЬТПОШУК. Сеня SHANE: бітбоксінг перамог і паркур, і графіці, і саломку

Источник материала:  
26.02.2013 19:30 — Новости Культуры


Сеня SHANE, якога сябры і знаёмыя ведаюць як Арсеня, уварваўся ў Байнэт з новым і шмат для каго нечаканым музычным накірункам. Хлопец грае бітбокс, замяняючы сабой цэлы аркестр. Многія ўпарта называюць Арсеня заснавальнікам беларускага бітбоксінга. Сам ён з гэтым не пагаджаецца. Сёлета хлопец стаў лаўрэатам прэміі “Люблю Беларусь” у намінацыі “Культура”, абыйшоўшы такіх знаных дзеячоў як Уладзімір Арлоў, Андрэй Курэйчык ды Сяргей Харэўскі.

Я распытала Арсеня пра нечаканы для яго поспех, пра музыку ў ягоным жыцці, а таксама атрымала адказ на пытанне, ці можа займацца бітбоксінгам любы жадаючы.

КУЛЬТПОШУК. Сеня SHANE: бітбоксінг перамог і паркур, і графіці, і саломку

Арсень — музыка, бітбоксер. Нарадзіўся ў Салігорску, зараз навучаецца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце на факультэце маркетынга. У 2010 годзе стаў заснавальнікам першага беларускага бітбокс-аб'яднання. Арганізатар буйных падзей на беларускай бітбокс-сцэне.


З вызначэннем бітбоксінгу ў Вікіпедыі я не згодны

У інтэрнэце, у прыватнасці на ўсім нам вядомым партале Вікіпедыя, напісана, што бітбоксінг — гэта імітацыя музычных інструментаў з дапамогай маўленчага апарату. Я з гэтым вызначэннем абсалютна не згодзен, як, зрэшты, і іншыя музыкі, якія выкарыстоўваюць бітбоксінг для самавыяўлення. На мой погляд, голас — гэта асобная прылада, а бітбоксінг — частка гэтай музычнай прылады, бо існуе шмат акапэльных выканаўцаў, шмат бітбокс-гуртоў, і часцяком гэтыя два кірункі перасякаюцца, таму гэта ні ў якім выпадку не імітацыя, а асобны кірунак у музыцы.


Адразу зразумеў, што музыка з рота — гэта маё

Калі я толькі пачынаў спрабаваць сябе ў музыцы, у мяне і думкі не было, што я выберу бітбокс, бо ён круцейшы за нешта іншае. Тады я і нават не ведаў, што ў гэтага кірунку ёсць назва. (усміхаецца) Як толькі я пачуў, што ёсць музыка, якая паходзіць з чалавечага рота, я адразу зразумеў, што гэта маё і я хачу развіваць менавіта гэты кірунак.




З бітбоксінгам мяне пазнаёміў аднакласнік

Бітбоксінгам я пачаў займацца даўно, яшчэ ў школе. Мяне з гэтым накірункам пазнаёміў мой аднакласнік — тады мы проста капіравалі трэндавыя мелодыі з дапамогай маўленчага апарата. Таму я з упэўненасцю кажу, што з першымі асновамі бітбокса я пазнаёміўся дзякуючы майму аднакласніку. Потым, са з’яўленнем інтэрнэту, я знаходзіў усё больш і больш інфармацыі пра гэты накірунак і працягваў вучыцца выконваць бітбокс самастойна.


Схіліўся да малявання

У пачатковай школе перада мной стаў выбар: пайсці вучыцца маляванню, або пачаць граць на ўдарных. Тады я схіліўся да малявання, таму і музычнай адукацыі не маю…


Я не першы беларускі бітбоксер

Не, вы што, я далёка не першы бітбоксер у Беларусі і ўпэўнены ў тым, што і не апошні. (усміхаецца) Калі я пачынаў, у мяне нават былі свае куміры беларускай бітбокс-сцэны: гэта Plast (зараз вядучы розных мерапрыемстваў), Cemz (навучаецца ў Маскве на акцёра), Voodoo (яго ўжо няма з намі…). Наконт развіцця гэтага руху ў Беларусі… Я думаю, пэўныя спробы былі, але, можа, сіл не хапіла, альбо не было выразнай мэты, як у нашай каманды. Я хачу выказаць рэспэкт бітбоксеру Мікіце NIGGA Нікіфараву, які напрыканцы 2009 года падтрымаў маю ідэю пра першую беларускую бітбокс-супольнасць!

КУЛЬТПОШУК. Сеня SHANE: бітбоксінг перамог і паркур, і графіці, і саломку



Беларускія бітбоксеры капіруюць заходніх

Насамрэч у беларускага бітбоксінгу адменных адрозненняў няма, бо асноўная маса беларускіх бітбоксераў капіруе стылі заходніх школ бітбокса, што вельмі сумна, канечне. Толькі хіба адзінкі адрозніваюцца сваім індывідуальным падыходам і стылем, у якім, пэўна, і ёсць беларуская асаблівасць. Што да мяне, то я вельмі шмат імправізую. Таксама ў мяне ёсць кампазіцыі, над якімі я доўга працаваў, каб яны цікава гучалі. Таксама выконваю каверы, падладжваю знакамітыя мелодыі пад свой стыль.


Калі ў вас ёсць рот, язык, зубы, то вы — наш чалавек

Навучыцца выконваць бітбокс можа кожны жадаючы. Ніякіх перашкод для гэтага няма, калі ў вас ёсць рот, язык, зубы, то вы — наш чалавек. Натуральна, як і ў любой творчасці, трэба найперш велізарнае жаданне авалодаць нейкім мастацтвам, упартасць, а таксама шчырая цікавасць. Тады ўсё атрымаецца.


Стаў лаўрэатам прэміі толькі дзякуючы галасаванню

Калі мне патэлефанавалі і паведамілі, што я намінаваны на прэмію “Маладога фронта” “Люблю Беларусь”, я быў вельмі рады. Пра перамогу тады я і не думаў. Калі ж я даведаўся, з якімі людзьмі я намінаваны, падумаў, што перамагчы нерэальна. Перамог я толькі дзякуючы людзям, якія за мяне прагаласавалі. Я вельмі ўдзячны ўсім ім за падтрымку!

КУЛЬТПОШУК. Сеня SHANE: бітбоксінг перамог і паркур, і графіці, і саломку



Нам не хапае моладзевых беларускамоўных праектаў

Поспех свой тлумачу тым, што я больш за ўсіх наспаміў у сацыяльных сетках пра тое, што ідзе галасаванка. (смяецца) На самой справе, мне здаецца, што беларусам не хапае моладзевых праектаў, асабліва праектаў па-беларуску. Зараз бітбокс набірае абароты, таму да таго, чым я займаюся, і з’явілася зацікаўленасць у людзей. Трэба больш увагі надаваць моладзевым праектам, ну і, натуральна, новым трэндавым кірункам у музыцы і не толькі.


Псеўданім для мяне прыдумаў хлопец з Казахстана

Ой, гэта было даўно, мабыць, годзе ў 2005-м… Тады я займаўся графіці, і мне тэрмінова быў патрэбны творчы псеўданім. Мне дапамог ў інтэрнэце адзін хлопец з Казахстана. Ён знайшоў амерыканскі аналаг імя Сеня — SHANE. Так гэты псеўданім за мной і прывязаўся.




Важна цалкам разумець тое, аб чым спяваюць музыкі

У апошні час я слухаю вельмі спакойную, душэўную музыку рускіх альбо беларускіх выканаўцаў, бо для мяне важна, каб я мог цалкам зразумець тое, што хоча данесці аўтар. Апошні беларускі калектыў, які мне спадабаўся, гэта гурт Akute. Ён мне сапраўды запаў у душу, гэтаксама, як апошнія альбомы “РСП” і “Касіяпеі”.


На беларускамоўны праект мяне нахніў 34mag.net

Я вельмі дакладна для сябе вырашыў, што наш праект будзе на беларускай мове. Натхніў мяне на гэта рашэнне партал 34mag.net. У меня самога нейкіх ідэй наконт таго, чаму мы робім наш праект па-беларуску, не было. Гэта ж родная мова, і спяваць, размаўляць на ёй павінна быць звычайнай справай. Часта суседзі з Расіі і Украіны пытаюцца, маўляў, чаму праект і сайт на беларускай мове — нічога не зразумела. На гэта мы адказваем, што неўзабаве будзе ангельская версія нашага сайта, каб усе змаглі атрымаць асалоду ад нашых матэрыялаў. (усміхаецца)


Бітбоксінг выціснуў усе іншыя захапленні

У мяне было шмат розных захапленняў: паркур, графіці, мастацкая школа, нават на адзін занятак на танцы схадзіў, (усміхаецца) саломкай займаўся… Але ўсё гэта выцесніў бітбоксінг, уся мая цікавасць, увесь імпэт скіраваўся на гэты кірунак. Нядаўна я яшчэ стужкавым фота займаўся — вельмі цікавы працэс, канечне, але ж бітбоксінг перамог і фота! (смяецца)



Ася ПАПЛАЎСКАЯ

←В НХМ откроется выставка китайской каллиграфии

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика