Шырокі фармат
Каля 500 кніг прадставяць беларускія выдаўцы на міжнароднай выставе ў Вільнюсе
Кнігі ўсіх дзяржаўных выдавецтваў Беларусі будуць прадстаўлены на XIV Вільнюскім міжнародным кніжным кірмашы, які пройдзе з 21-га па 24 лютага. Аб гэтым паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік Упраўлення выдавецкай дзейнасці і кніжнага гандлю Міністэрства інфармацыі Беларусі Алена Паўлава.
Літаратурныя прэзентацыі пройдуць як на самім кірмашовым стэндзе, так і за межамі выставачнага комплексу. Так, плануецца, што 22 лютага ў бібліятэцы Вільнюскага ўніверсітэта будзе прэзентаваны альбом «Беларусы ў фотаздымках Ісака Сербава 1911—1912 гадоў» з серыі «Энцыклапедыя рарытэтаў» выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя iмя Петруся Броўкі».
Кніжныя навінкі прадставяць таксама выдавецтвы Міністэрства адукацыі. Так, «Пачатковая школа» прэзентуе новы даведнік па Беларусі на англійскай і рускай мовах. Выданне разлічана на падрастаючае пакаленне, утрымлівае шмат фотаілюстрацый і вялікі аб’ём неабходнай турысту даведачнай інфармацыі. Яшчэ адзін значны літаратурны праект «Пачатковай школы» — серыя «Гарады і гістарычныя мясціны Беларусі», у якой пакуль выйшлі тры кнігі — пра Полацк, Гродна і Мінск. Выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» прадставіць серыю кніг, прысвечаных беларускім народным традыцыям.
Акрамя таго, на стэндзе Беларусі можна будзе ўбачыць сучасныя падручнікі і навучальныя дапаможнікі, у тым ліку на электронных носьбітах, а таксама апошняе выданне кнігі «Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь».
Па традыцыі айчынныя выдаўцы перададуць у дар кнігі беларускай школе імя Францыска Скарыны ў Вільнюсе. На гэты раз навучальнай установе будзе падорана каля 200 выданняў. Запланаваны таксама сустрэчы з суайчыннікамі, якія пражываюць у Літве.