Беларускамоўны хіт з праекту «Перазагрузка-2» перамог на АНТ
Пераможцай першага канцэрту трэцяга сезону праекту «Я пою!» на тэлеканале АНТ стала Сабрына Бабшукова, якая выканала песню Алены Свірыдавай «Пакуль». Песня была створаная адмыслова для ўдзелу ў праекце «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2».
У першы дзень конкурса гэта быў адзіны беларускамоўны нумар, які перамог па выніках галасавання гледачоў у зале. Праект «Я пою!» дае магчымасць дзецям з дзіцячых дамоў, шматдзетных і няпоўных сямей раскрыць вакальныя здольнасці, выступіўшы на сцэне ў суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь.
Праект, які быў адзначаны ў Беларусі ды атрымаў шыльду «Сьвята маргінальнасьці і цуд дыпляматыі», працягвае актыўнае пострэлізнае жыццё. Песні з праекту можна замаўляць на хвалях беларускіх радыёстанцый, а аддзячыць некаторых з артыстаў можна на буйным партале Thankyou.ru.
Нагадаем, што гэта не першы пазітыўны «засвет» праекту грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі!» і парталу «Тузін Гітоў» на тэлебачанні. Раней Аляксандр Рыбак заспяваў “Небасхіл Еўропы” па-беларуску на БТ падчас удзелу ў «Еўрафэсце». Як і ў праекце АНТ, песня з «Перазагрузкі» тады была адзіным беларускамоўным творам імпрэзы. Прыемнай тэндэнцыяй стала і тое, што пасля рэлізу «Перазагрузкі-2» навагодні канцэрт-2013 на АНТ быў цалкам пабудаваны на пераспевах вядомых песень па-беларуску.