Стрэчанне — сустрэча Новага і Старога Запавету

Источник материала:  

Сёння мы святкуем свята Стрэчання Гасподняга. Стрэчанне — гэта сустрэча, мы святкуем сустрэчу Старога і Новага Запавету, калі Гасподзь быў прынесены ва Іерусалімскі храм.

Існуе рознае разуменне гэтага свята. Некаторыя людзі, не ведаючы сэнсу гэтага святога дня, чапляюцца да слова «стрэчанне», i ім здаецца, што гэта — сустрэча вясны з зімой ці яшчэ нешта іншае...

Сапраўды, свята адзначаецца тады, калі заканчваецца зіма і пачынаецца вясна, але гэта проста супадзенне. Свята гэтае адбываецца на саракавы дзень пасля Нараджэння Хрыстова, бо Хрыстос менавіта ў гэты дзень быў прынесены ў Царкву.

У іудзеяў быў такі звычай: свайго першынца прысвячаць Богу. Дзева Марыя і Іосіф праведны, які захоўваў дзявоцтва Багародзіцы, прынеслі немаўлятка Ісуса ў Царкву. Гэта стала як бы ўвасабленнем Новага Запавету, а Стары Запавет увасобіў старац Сімяон, які быў адным з сямідзесяці перакладчыкаў Свяшчэннага Пісання з яўрэйскай на грэчаскую мову. Калі ён перакладаў такія словы: «...вось Дзева ва ўлонні прыіме і народзіць Сына і будзе дадзена імя Яму Эмануіл, што азначае «з намі Бог», Сімяон пачаў сумнявацца: «Ці ж магчыма такое, ці ж можа Дзева нарадзіць?» Старац хацеў замяніць слова «дзева» словам «маладая жанчына», але Бог яму адкрыў, што гэта будзе менавіта Дзева і што ён не памрэ да той пары, пакуль не ўбачыць здзяйснення гэтага прароцтва.

І вось прайшло трыста гадоў. У той дзень Сімяон быў у Іерусалімскім храме, калі туды прынеслі немаўля Ісуса. Старац духам зразумеў, што гэта менавіта тое немаўля, якога так доўга чакаў народ ізраільскі. Узяўшы Ісуса на рукі, ён сказаў: «Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Уладыка, па абяцанню Твайму з мірам, бо бачыў я збаўленне Тваё перад абліччам усіх народаў, святло для прасвятлення паганцаў і славу людзей Тваіх Ізраіля».

Гэтыя словы мы кожны дзень прамаўляем на вячэрнім набажэнстве, узгадваючы той момант з евангельскай гісторыі. Для нас гэта вельмі важнае свята, яшчэ адна прыступка нашага збаўлення. Хрыстос нарадзіўся, Хрыстос быў прысвечаны Богу, Ён пачаў сваё жыцце як звычайны чалавек ва іудзейскім народзе. Пасля гэтага Хрыстос рос, станавіўся дарослым і ўрэшце паказаў, што Ён — сапраўды Богачалавек, Які прапаведуе Евангелле ва ўсім свеце.

Айцец Яўгеній ГРАМЫКА, клірык Свята-Духава кафедральнага сабора Мінска

←Идеи для полки

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика