Унук Анатоля Рогача перамог на конкурсе юных даследчыкаў
9 лютага ў СШ №№3 сабраліся юныя даследчыкі. Тут прайшлі раённы фестываль даследчых работ дашкольнікаў і конкурс даследчых работ малодшых школьнікаў “Я – даследчык”.
У секцыі “Прыродазнаўства. Жывая прырода” журы прызнала пераможцай вучаніцу 3 класа гімназіі №1 “Логас” Яўгенію Рамановіч, у секцыі “Прыродазнаўства. Нежывая прырода” – вучаніцу 4 класа СШ №3 Дар’ю Мароз. У секцыі “Матэматыка, фізіка, тэхніка” перамог другакласнік гімназіі №1 “Логас” Арцём Кратовіч, у секцыі “Гуманітарныя веды “ – вучань 4 класа гімназіі №2 Ілля Курыловіч.
Ілья прадставіў працу “Краязнаўчыя пошукі майго дзядулі Анатоля Валянцінавіча Рогача” (кіраўнік – настаўніца пачатковых класаў Лілія Цвярдоўская).
– Цудоўная праца! – не хавае захаплення намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі №2 Марына Жарская. – Ілля правёў вялікую падрыхтоўчую працу. Хлопчык з бацькамі выязджаў да помнікаў, якія з’явіліся ў Вілейскім раёне дзякуючы намаганням яго дзядулі. З дапамогай бацькоў вывучыў хатні архіў.
На абароне працы ў яго спыталі: “Што б параіў аднакласнікам, якія вырашаць заняцца краязнаўствам?”. Ілля адказаў: “Параіў бы пачаць са свайго радаводу”. А калі запыталі пра тое, чаму дзядуля столькі часу выдаткоўваў на краязнаўчую работу, то пачулі адказ: “Напэўна, таму, што ён вельмі любіў сваю Радзіму”.
Алесь ВЫСОЦКІ.
Фота institutfrancais-roumanie.com