Гурт :B:N: прыедзе ў сталіцу з акустычным канцэртам

Источник материала:  
12.02.2013 10:28 — Новости Культуры

13 лютага, напярэдадні Дня святога Валянціна, беларускі топ-гурт :B:N: падорыць усім закаханым сапраўднае свята: хлопцы ўпершыню выступяць з вялікім акустычным канцэртам у канцэртнай залі “Мінск”.

Карэспандэнт Naviny.by напярэдадні пагутарыла з салістам гурта Алесем Лютычам.

Гурт :B:N: прыедзе ў сталіцу з акустычным канцэртам

— Арганізатарамі канцэрта заяўлена, што гурт упершыню выступіць у акустыцы. Вы сапраўды раней не выступалі акустычна? Ці нейкія спробы ўсё ж былі?

— Арганізатары мелі на ўвазе, што наш гурт упершыню выступіць у акустыцы поўным складам. Раней мы з гітарыстам выступалі два-тры разы акустычна: узяць той жа “Тузін Unplugged”… Але тое было нешта накшталт своеасаблівага кватэрніка. 13 лютага мы будзем на сцэне з басам і бубнамі — такая power-акустыка атрымаецца. Па вялікім рахунку, мы сапраўды зайграем акустычна поўным складам упершыню. Троху хвалюемся, але ўсё будзе добра (смяецца).

— Якая канцэпцыя выступу? На што вы будзеце рабіць ухіл на сцэне?

— Да канцэрту адабралі пад два дзесяткі песень, рэпетуем іх — атрымліваецца цікавае гучанне рокавых песень на акустычных гітарах. Ухіл будзе рабіцца на лайтовае гучанне, на лірыку. Не буду пералічваць усе песні. Скажу толькі, што будуць як песні з самага пачатку творчасці гурта, так і кампазіцыі з апошняга альбома. Калі б мы, напрыклад, чыталі рэп ці рабілі нешта падобнае, тады я нават не уяўляю сабе, як бы мы рабілі выступ акустычным (пасміхаецца), а тут — спяваць умеем ужо, таму ўсё павінна атрымацца як след. Спадзяемся, тыя, хто прыйдзе на канцэрт 13 лютага, застануцца задаволеныя!

— Як будзе раскрывацца тэма свята ўсіх закаханых? Ці чакаць нам сюрпрызаў?

— Думаем падчас канцэрту некалькі конкурсікаў правесці. Прыадкрыю таямніцу: мы плануем зрабіць такі конкурсік для ўсіх закаханых пар: найлепшая пара і самы салодкі пацалунак (смяецца)! Будуць і музычныя сюрпрызы, пра якія пачуеце ўжо на самім канцэрце — усё ж, хай застанецца інтрыга непасрэдна да мерапрыемства. І, канечне, слухачы змогуць задаваць пытанні музыкам, а мы паспрабуем на іх шчыра адказаць.

— Ці выступалі вы раней у малай залі КЗ “Мінск”?

— У малай залі я быў неяк год 5-7 таму на нейкім канцэрце-салянцы. Я тады навучаўся ва Ўніверсітэце культуры і жыў у сваіх сяброў — сям'і Бузоўскіх (гітарыст IQ48 — Яўген). Айкюшнікі тады гралі на гэтай салянцы, і я трапіў на іх выступ, але, шчыра кажучы, я ўжо не памятаю, якая там акустыка і які там гук… Але паколькі там час ад часу ладзяцца нейкія канцэрты, думаю, і мы прагучым зачОтна! (смяецца)

— З якім музычным багажом вы правялі 2012 год?

— У 2012-м годзе мы ўсе ж-такі запісалі даўгачаканы многімі нашымі прыхільнікамі альбом, у якім, здаецца, 15 песень. Гэтыя кампазіцыі былі напісаныя за той перыяд, калi ўсе чакалі гэты дыск, а гэта цэлых шэсць гадоў! Кружэлка атрымалася разнастайнай — ад лірыкі да харда.

— Што ўжо атрымалася зрабіць цікавага ў гэтым годзе?

— Разам з бубначом (Зміцер Харытановіч — Drum Extasy, PomidorOFF) мы запісваем не зусім звычайны акустычны альбом, што будзе складацца як са старых добрых песень гурта, так і з зусім новых твораў. Гэты акустычны альбом будзе кардынальна адрознівацца ад той канцэртнай акустыкі, якую мы будзем граць 13 лютага… На сайце і хвалях “Еўрарадыё” мы плануем ужо зусім хутка прэзентаваць сінгл з будучага акустычнага альбому. Сачыце за навінамі (пасміхаецца).

— Нядаўна вы выступілі ў “Рэпабліку” на прэміі “Даём рады”. Як ты ацэньваеш ваш выступ?

— Наш выступ... Хм... Калі па 10-бальнай шкале, дык на моцную 9-ку ацэньваю. Менавіта я. Можа, у каго з астатніх нашых музыкаў другая адзнака, а уласна я ацэньваю на 9! Добра зайгралі, а яшчэ лепшай была атмасфера ў залі! Такога слэму я яшчэ на нашым выступе не бачыў! Дзякуй тым, хто не шкадаваў моцы на танцы і голасу на спевы разам з намі! Першы фестываль “Даём рады” атрымаўся дастаткова на добрым узроўні, прыемна было прыняць удзел у такім фэсце, дзякуем арганізатарам за запрашэнне. Спадзяюся, мы зрабілі тое, чаго ўсе чакалі ад нашага гурта (усміхаецца).

— Што можаш сказаць пра гэтую суб’ектыўную прэмію і пра намінацыю, у якой вы перамаглі?

— Шчыра кажучы, мы зусім не разлічвалі на нейкую там прэмію. Нам было прыемна тое, што нас запрасілі пайграць на такім фэсце, прыемна, што падабраўся вельмі добры склад удзельнікаў фэсту. І, канечне, было прыемна атрымаць статуэтку ад “Еўрарадыё” за колькасць спамповак нашага альбому з сайта радыёстанцыі. Сапраўды крута, што менавіта НАШ альбом быў спампаваны найбольшую колькасць разоў! Можа, у наступным годзе будзе яшчэ якая там суб'ектыўная прэмія, і яна таксама дастанецца нам за што-небудзь (смяецца).

— Чаго ты асабіста чакаеш ад канцэрта 13 лютага? З якім настроем рыхтуешся да яго?

— Я чакаю добрага і рамантычнага, святочнага настрою ад ўсіх, хто прыйдзе на гэты канцэрт. А таксама добрага настрою ў нашых музыкаў — тады ўсе застануцца задаволенымі!

— Як ты святкуеш гэты дзень? Які самы вар'яцкі ўчынак зрабіў дзеля каханай?

— Пакуль маё сэрца вольнае… Але, як спявае Вакарчук, “всэ будэ добрэ, настанэ ліш час!” Хачу, карыстаючыся момантам, павіншаваць усіх з надыходзячым святам! Каханне — гэта лепшае, што ёсць у чалавека! Кахайце адзін аднаго і беражыце гэтае пачуцце як мага болей!



Ася ПАПЛАЎСКАЯ

←В Италии открывается очередной фестиваль эстрадной песни в Сан-Ремо

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика