Адкрытыя старонкі
Заўтра пачынае работу ХХ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш
Сцягі 25 краін свету ўзнімуцца 6 лютага над Нацыянальным выставачным цэнтрам «БелЭкспа» (вул. Я. Купалы, 27). Акрамя беларускіх кнігавыдаўцоў, на юбілейную выстаўку-кірмаш у Мінску чакаюць прадстаўнікоў Азербайджана, Арменіі, Венесуэлы, Германіі, Індыі, Ірана, Італіі, Казахстана, Кітая, Кубы, Літвы, Малдовы, Польшы, Расіі, Славакіі, ЗША, Фінляндыі, Таджыкістана, Туркменістана, Турцыі, Украіны, Францыі. Упершыню да іх далучацца сёлета калегі з Палесціны і Сербіі.
Такое шырокае прадстаўніцтва пацвярджае важкасць і значнасць заслуг Беларусі ў развіцці сусветнага кнігавыдання, што дазваляе Мінску прэтэндаваць на статус Сусветнай сталіцы кнігі 2017 года. Тым больш ёсць для гэтага і выдатная падстава. У 2017-м будзе адзначацца знамянальная гістарычная дата — 500-годдзе з дня выдання нашым земляком, друкаром і асветнікам Францыскам Скарынам першай кнігі на беларускай мове.
Агульная колькасць экспанентаў ХХ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу — больш за 600, з іх каля 400 — айчынныя ўдзельнікі. Дэвіз юбілейнага форуму — «Чытаючы кнігу, знаходзіш сябе!». Цэнтральным экспанентам сёлета стане Іран, наведвальнікам прадставяць яго сучаснае кнігавыданне, а таксама гісторыю, культуру і традыцыі. У статусе пачэснага госця выстаўкі-кірмашу сёлета выступае Расія. Кнігі гэтай краіны традыцыйна карыстаюцца цікавасцю і попытам у беларускіх чытачоў. На працягу ўсіх 20 гадоў існавання мінскай выстаўкі-кірмашу расійская кніжная экспазіцыя была і застаецца адной з самых маштабных. Не стане выключэннем і сёлетні Нацыянальны стэнд Расіі, які забяспечыць шырокі паказ лепшых выданняў апошніх гадоў. Чакаецца прыезд у Мінск прадстаўнічай дэлегацыі расійскіх кнігавыдаўцоў, пісьменнікаў, грамадскіх дзеячаў. Падзеяй культурнай праграмы абяцае стаць творчая сустрэча з вядомым расійскім пісьменнікам, публіцыстам, нязменным удзельнікам вострых дыскусій Аляксандрам Праханавым.
Наведвальнікаў выстаўкі чакаюць сустрэчы і з многімі беларускімі майстрамі слова — Мікалаем Чаргінцом, Міколам Мятліцкім, Алесем Марціновічам, Раісай Баравіковай, Уладзімірам Ліпскім, Віктарам Шніпам, Валянцінай Паліканінай і інш. Праграма беларускіх кнігавыдаўцоў, як заўсёды, насычаная. Асаблівы акцэнт у ёй будзе зроблены на прэзентацыі праектаў леташняга, аб’яўленага ў нашай краіне Года кнігі. У ліку іх, напрыклад, кніга «Беларусы ў фотаздымках Ісаака Сербава. 1911—1912» з серыі «Энцыклапедыя рарытэтаў», фотаальбом «Полацк. 1150», выпушчаныя выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі»; кнігі з серыі «Жыццё знакамітых людзей Беларусі», прымеркаваныя выдавецтвам «Мастацкая літаратура» да нядаўніх юбілеяў нацыянальных класікаў — 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа і 100-годдзя з дня нараджэння Максіма Танка. Кнігу лепшых твораў беларускіх і расійскіх пісьменнікаў новага сумеснага праекта «Сугучча сэрцаў», прысвечанага старшынству Беларусі ў СНГ у 2013 годзе, прэзентуе Выдавецкі дом «Звязда».
Адной з яркіх падзей выстаўкі стане ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў 52-га Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі». Удзел у ім прымалі 175 кніг ад больш чым 30 выдавецкіх арганізацый. Кампетэнтным журы пераможцы — уладальнікі вялікага і малых «Залатых фаліянтаў» вызначаны ў 14 намінацыях.
Цікавым абяцае стаць пасяджэнне міжнароднага круглага стала, у час якога пісьменнікі розных краін абмяняюцца думкамі пра асаблівасці мастацкай літаратуры ХХІ стагоддзя, а таксама профільны семінар, дзе ў цэнтр увагі прафесіяналаў трапіць электронная кніга і яе магчымасці.
Упершыню ў час выставачных дзён, акрамя першага паверха павільёна «БелЭкспа», задзейнічаюць і другі, там размесціцца арт-паверх «Таямніца кніжных старонак». Наведвальнікі змогуць пазнаёміцца з кніжнай графікай студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, пацікавіцца майстар-класамі па вырабе і рэстаўрацыі кніг, якія правядуць навучэнцы Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа паліграфіі, паўдзельнічаць у тэматычнай віктарыне, а таксама выпіць кубачак духмянай кавы ў кніжным кафэ.
Уваход у Нацыянальны выставачны цэнтр «БелЭкспа» ў дні выстаўкі бясплатны. 6 лютага наведвальнікаў чакаюць з 14.00. У наступныя дні — з 10.00 да 19.00. Закрыццё выстаўкі — 10 лютага ў 15.00.