Крутымі дарогамі дваццатага стагоддзя

Источник материала:  

Да 100-годдзя з дня нараджэння Сяргея Прытыцкага выйшла ў свет кніга ўспамінаў аб ім

Жыццё аднаго з арганізатараў камсамольскага падполля і партызанскага руху, віднага дзяржаўнага і палітычнага дзеяча Беларусі Сяргея Восіпавіча Прытыцкага цесна звязана з лёсам Беларусі. Многія факты яго яркай біяграфіі сталі асновай для стварэння шэрага твораў дакументальна-мастацкай літаратуры, кінафільмаў, шматлікіх публікацый. Прытыцкі ўнёс вялікі асабісты ўклад у развіццё Міншчыны, быў першым сакратаром Маладзечанскага, Мінскага абкамаў КПБ, а затым старшынёй Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, намеснікам старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР.

І вось яшчэ адна кніга, аўтар якой — сястра Сяргея Прытыцкага, доктар гістарычных навук, прафесар Іраіда Восіпаўна Царук, выйшла з друку. Яе прэзентацыя прайшла ў Мінскай абласной бібліятэцы імя А.С. Пушкіна і сабрала шмат гасцей самых розных узростаў. Былі сярод іх і родзічы героя друкаваных старонак. «Крутыя дарогі» — такую назву кніга атрымала нездарма, бо, сапраўды, у той няпросты час на лёс людзей аднаго пакалення выпала столькі выпрабаванняў і паваротаў гісторыі, што цяжка нават уявіць.

«Кніга нарадзілася не раптоўна, некалькі гадоў выношвалася ідэя пра тое, што трэба адлюстраваць гісторыю нашай сям’і, бо яна цесна пераплятаецца з жыццём краіны, беларускага народа. Я не збіралася рабіць дакументальнае даследаванне, а хацела напісаць успаміны пра той час, расказаць, як мы жылі і што адчувалі. А галоўнае, проста, па-чалавечы, без канцылярскіх падыходаў расказаць пра брата, які вельмі любіў людзей, Беларусь, быў перакананым патрыётам і чэсна выконваў любую работу», — адзначыла, прадстаўляючы кнігу, Іраіда Восіпаўна.

У жыцці сям’і Прытыцкіх было шмат цяжкасцей і поспехаў, страт і сустрэч са знакамітымі людзьмі. На старонках кнігі чытач убачыць знаёмыя і незнаёмыя прозвішчы, падзеі і факты. Разам з тым змешчана шмат архіўных дакументаў і рэдкіх фотаздымкаў.

Сваімі ўспамінамі і меркаваннямі на прэзентацыі падзяліўся старшыня савета старэйшын пры Мінскім аблвыканкаме Сяргей Паўлюкевіч, а дачка Прытыцкага Тамара шмат расказала пра яго як пра бацьку і асобу.

Прымаючы віншаванні, аўтар выказала шчырую падзяку Мінскаму аблвыканкаму, які аказаў усебаковую падтрымку для таго, каб кніга ўбачыла свет. Яна хутка паступіць у дар ва ўсе бібліятэкі Міншчыны.

На здымку: аўтар кнігі доктар гістарычных навук, прафесар Іраіда Восіпаўна ЦАРУК.

Фота: Марына БАРАДАЎКА

←Книжкины смотрины

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика