Культурныя жарсці: народны рамеснік - захавальнік традыцый ці бізнэсмен?
26.01.2013 11:13
—
Новости Культуры
Культурныя жарсці: народны рамеснік — захавальнік традыцый ці бізнэсмен?
У парламенце ідзе абмеркаванне праекта Закона "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь "Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспубліцы Беларусь". Стары закон быў прыняты яшчэ ў 1999 годзе, жыццё змянілася. Наспела неабходнасць удасканалення заканадаўчых нормаў. Асаблівую актуальнасць дапаўненні ў закон набываюць перад чэмпіянатам свету па хакеі, бо вырабы народных рамеснікаў, майстроў — гэта добрыя сувеніры для тых, хто збіраецца наведаць краіну. Але майстры — усё ж такі не камерсанты, не гандляры. Дык ці патрэбна камерцыялізаваць народную культуру або можна пакінуць рамеснікаў па-за рынкавымі адносінамі? Гэта было найбольш вострае пытанне пры абмеркаванні ўнутры парламенцкай рабочай групы.
Народны промысел ≠ прамысловасць
Спачатку было слова... З яго і пачалася спрэчка. Дакладней з двух слоў — "промыслы" і "рамёствы". У старой рэдакцыі закона яны падаюцца як сінонімы і ідуць адзін за адным: "промыслы", а пасля ў дужках "рамёствы". Прадстаўнікі Савета Рэспублікі прапанавалі развесці гэтыя паняцці: маўляў, промысел — гэта выраб вялікай колькасці прадуктаў і іх продаж, а рамёствы — гэта выраб нязначнай колькасці прадуктаў з малой арыентаванасцю на продаж. "Дзе заканчваюцца рамёствы і пачынаецца промысел?" — гучала ўвесь час пытанне. У выніку прыйшлі да высновы, што развесці гэтыя паняцці немагчыма і, каб пазбегнуць непаразуменняў, трэба іх захаваць сінанімічнымі.
Далей размова пайшла аб тым, што промыслы трэба ўспрымаць як галіну прамысловасці, якая таксама павінна прыносіць даход дзяржаве. Аднак гэтаму сур'ёзна запярэчыла Міністэрства культуры і аб'явіла, што аднясенне народных промыслаў да прамысловасці заб'е іх. Пасля гэтага сутыкнуліся два погляды. Адзін быў выказаны Наталляй Чарнаруцкай, памочнікам члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Сяргея Навіцкага: "Калі дзяржпраграма па слуцкіх паясах у адкрытую названа праграмай па сувенірнай прадукцыі, то тады давайце разумець і ў размове аб народных промыслах, што гэта насамрэч сувенірны бізнэс, частка турыстычнай прыцягальнасці краіны, і давайце да гэтага падыходзіць з улікам бізнэс-інтарэсаў. Не трэба здзьмухваць пылінкі з рамесніцтва і казаць, што гэта народны здабытак. Гэта частка бізнэсу. Усе павінны плаціць падаткі".
Другі погляд выказаў Вадзім Шчэрбіч, начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры: "Калі мы сёння паставім гэта ўсё на рэйкі бізнэсу, то заўтра мы згубім майстроў, якія займаюцца рамеснай дзейнасцю. Сёння яны не ў тым аб'ёме вырабляюць, каб у іх былі праблемы са збытам прадукцыі. Тым больш, што кожная прадукцыя ў майстра ў адзіным экзэмпляры, бо ён не можа зрабіць дакладна такую ж рэч, як папярэдняя. Калі яны пачнуць вырабляць шмат, як прамыслоўцы, то гэта ўжо не будзе народным рамяством. Ручная праца тады знікне, а ў нас і так зараз складана знайсці добры сувенір. І гэты сувенір павінен быць беларускім, а не кітайскім. Ды і падаткі яны плацяць, але не за дзейнасць, а за даход".
Поўная камерцыялізацыя культуры немагчыма
Аляксандр Сягоднік, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы, той самай камісіі, якая вядзе вышэйзгаданы законапраект, даў "Звяздзе" каментарый пасля абмеркаванняў. "Над законапраектам даўно ідзе праца. Стары закон быў прыняты даўно, прайшло ўжо шмат часу. І жыццё стала больш камерцыялізаваным, а таму ўзнікала шмат пытанняў, — распавядае дэпутат. — Пазіцыя камісіі, у першую чаргу, у тым, каб прывесці закон да адпаведнасці з іншымі нарматыўнымі актамі: законам аб культуры, Падатковым кодэксам, указам Прэзідэнта і іншымі. Але ж мы ўлічваем, што праект закона выносіла на абмеркаванне Міністэрства культуры.
А таму больш прытрымліваемся іх пункту гледжання. Разам з тым, карысна пачуць і таму ж Міністэрству культуры пункт гледжання іншых ведамстваў. Усё роўна мы не можам усё перавесці на камерцыю, бо гэта духоўнае, здабытак народа. Безумоўна, кожны з народных творцаў мае права прадаваць, але тады ўжо трэба ўлічваць і іншае заканадаўства. Культуру перш за ўсё трэба захоўваць і развіваць. Быць у баку ад камерцыі яна не можа. Аднак поўная камерцыялізацыя немагчыма, бо тады, напрыклад, і квіткі на спектакль у тэатр вы не зможаце купіць па камерцыйным кошце".
А таму больш прытрымліваемся іх пункту гледжання. Разам з тым, карысна пачуць і таму ж Міністэрству культуры пункт гледжання іншых ведамстваў. Усё роўна мы не можам усё перавесці на камерцыю, бо гэта духоўнае, здабытак народа. Безумоўна, кожны з народных творцаў мае права прадаваць, але тады ўжо трэба ўлічваць і іншае заканадаўства. Культуру перш за ўсё трэба захоўваць і развіваць. Быць у баку ад камерцыі яна не можа. Аднак поўная камерцыялізацыя немагчыма, бо тады, напрыклад, і квіткі на спектакль у тэатр вы не зможаце купіць па камерцыйным кошце".
Міністэрства культуры спадзяецца, што пасля зацвярджэння новай рэдакцыі закона народных рамеснікаў стане больш. На іх думку — гэта галоўная задача.