24 студзеня гурт BosaeSonca прэзентуе «Залаты альбом»
Гурт BosaeSonca прэзентуе доўгачаканы «Залаты альбом» 24 студзеня ў клубе Loft.
Прэзентацыя лонгплэя каманды адбудзецца ў межах праекту «Жывы Тузін» у фармаце вялікага супольнага канцэрту двух адметных гуртоў адразу. BosaeSonca прэзентуе свой новы «Залаты альбом», а музыкі з ili-ili упершыню пакажуць сваю новую беларускамоўную праграму list, якую яны падрыхтавалі адмыслова для гэтага вечара.
«Залаты альбом» — першы студыйны CD гурта BosaeSonca. Ад часу заснавання ў 2006 годзе музыкаў пастаянна пыталі, калі ўжо яны выдадуць поўнафарматны дыск. «Доўгі час мы знаходзіліся ў пошуках нашага гучаньня, і як толькі зразумелі, як павінны выглядаць нашы песьні, адразу ж пайшлі ў студыю», — тлумачыць лідэр гурта Алесь Кот-Зайцаў.
Падтрымае калегаў гурт ili-ili, які адмыслова да гэтага вечара падрыхтаваў цалкам беларускамоўную праграму, якая завецца list.
«Калі з’явілася ідэя нашага супольнага канцэрту з гуртом BosaeSonca, то мы адразу вырашылі згадаць напрацоўкі нашых песень, напісаных па-беларуску і дарабіць іх», — кажа Міхась Зуй.
Весьці канцэрт будзе Алег Хаменка.