Спадчына дзядзькі Апалінара
Маляваная казка
Пераступаю парог хаты — і заміраю, бо апынулася ў дзіўным, ні на што не падобным памяшканні. Сенцы распісаны разнастайнымі ўзорамі, пейзажамі, выявамі людзей і жывёл. Размалявана ўсё: сцены, дзверы, столь...
— Гэта яшчэ што! — смяецца Сафія Апалінараўна, заўважыўшы маю збянтэжанасць — раней тут вялізны драўляны чорт стаяў, у чалавечы рост. Некаторыя палохаліся нават. Але зараз большасць бацькавых твораў у музеі, дома засталося няшмат.
Я крочу за гаспадыняй далей, у пакоі. Тут таксама распісаны кожны сантыметр. Тэматыка малюнкаў самая разнастайная: і абразы, і антычныя постаці, і замалёўкі з сялянскага жыцця, і нават Напалеон на кані. А таксама шматлікія партрэты сваякоў мастака: дочкі Элеанора, Вікторыя і Сафія ў розным узросце, першая жонка Яніна, якая рана пайшла з жыцця, другая жонка Леанарда, якая стала надзейнай падтрымкай пасля доўгіх гадоў адзіноты, брат Эдзвін, брат Вацлаў, аўтапартрэты… Над печкай — гарэльеф анёла…
— І вы жылі ў гэтых пакоях? — пытаюся.
— Вядома ж! Бацька ўсю хату распісаў яшчэ ў юнацкім узросце. І спалі ў размаляваных пакоях, і гасцей прымалі. І скульптуры дома таксама стаялі. Бацька не вельмі любіў развітвацца са сваімі творамі, вельмі мала дарыў нават музеям. А прадаваць — наогул нічога на прадаваў, хаця прасілі пра гэта часта, і грошы неблагія прапаноўвалі.
Але, нягледзячы на нежаданне Апалінарыя Пупко аддаваць свае творы «ў свет», яны сёння знаходзяцца не толькі ў Івянецкім музеі традыцыйнай культуры, абласным краязнаўчым музеі ў Маладзечне, філіяле Дзяржаўнага мастацкага музея ў Раўбічах, але і за мяжой — у Гісторыка-этнаграфічным музеі Вільнюса і Дзяржаўным музеі этнаграфіі Санкт-Пецярбурга.
Справы мінуўшчыны
Нарадзіўся Апалінарый Пупко яшчэ ў пазамінулым стагоддзі, у далёкім 1893 годзе. І ўсё яго доўгае жыццё, акрамя двух гадоў вучобы ў Мінскай гімназіі, было звязана з Івянцом.
Прафесійнай мастацкай адукацыі Апалінар не атрымаў, але нездарма кажуць, што талент і сам праб’ецца: з дзяцінства з вялікай асалодай ён піша эцюды родных краявідаў акварэллю, лепіць з гліны, рэжа па дрэве, робіць малюнкі каляровымі алоўкамі.
Пасля заканчэння Івянецкага чатырохкласнага гарадскога вучылішча ён працуе рахункаводам. Затым выкладае маляванне ў школе, а пры савецкай уладзе кіруе выяўленчым гуртком пры Доме піянераў.
Дарэчы, самабытная «беларускасць», творы, не падобныя да твораў іншых мастакоў, неаднойчы служылі яму ў жыцці не лепшым чынам. Напрыклад, «за польскім часам» Апалінарый Пупко актыўна ўдзельнічаў у самадзейным беларускім тэатры ў якасці рэжысёра, акцёра і мастака-дэкаратара.
— Вядома ж, польскім уладам гэта было недаспадобы, і тады яму як свядомаму беларусу, а не проста тутэйшаму католіку, ужо не знайшлося месца для працы настаўнікам у школе, — расказвае Алег Раманоўскі, былы дырэктар Івянецкага музея традыцыйнай культуры, мастак, краязнаўца, які асабіста ведаў «дзядзьку Апалінара», як яго называлі добрыя знаёмыя.
Пазней, у савецкія часы, Апалінарый Пупко так і не дачакаецца ніводнага звання, ніводнага дакументальнага прызнання сваіх творчых заслуг, нягледзячы на сапраўды народную славу, бо прыязджалі да яго ў дом на экскурсіі з усяго Савецкага Саюза і нават з замежжа.
— Яго адмоўна ўспрымалі мясцовыя чыноўнікі, пыхліва сцвярджаючы, што Пупко ніякіх заслуг не мае перад савецкай уладай, бо робіць партрэты Дуніна-Марцінкевіча ды Міцкевіча, а не «бацькоў усіх народаў» Сталіна ды Леніна. За гэта адмаўлялі яму ў праве на пенсію ды ўсяляк шкодзілі ў ягонай справе. Па ідэалагічных меркаваннях нават канфіскавалі сямейную бібліятэку… — працягвае Алег Раманоўскі.
Бадай, толькі адна асоба з «савецкіх герояў» з’яўлялася ў яго творчасці зноў і зноў, і гэта быў вядомы рэвалюцыйны дзеяч Міхаіл Фрунзе. Мастак пісаў яго партрэты алоўкам, фарбамі, рэзаў па дрэве… Такая зацікаўленасць асобай рэвалюцыянера тлумачыцца проста: блізкім знаёмствам з Фрунзе.
Напярэдадні Лютаўскай рэвалюцыі Міхаіл Фрунзе некалькі месяцаў кватараваў у доме Пупко пад прозвішчам Міхайлаў. Выконваючы заданне партыі, ён прыехаў у Беларусь у красавіку 1916 года і трапіў на пасаду статыстыка ў камітэт Заходняга фронту Усерасійскага земскага саюза.
— Аднойчы, ідучы па ўскрайку Івянца, Міхаіл Фрунзе зацікавіўся незвычайнымі драўлянымі постацямі, якія ўпрыгожвалі дом і вароты, зайшоў у хату, дзе яго сустрэла гаспадыня, маці Апалінарыя, бацька на той час ужо памёр. Фрунзе спытаўся пра мастака, што стварыў гэтую прыгажосць, а пасля вырашыў пасяліцца ў дзіўнай хаце, — расказвае дырэктар Івянецкага музея традыцыйнай культуры Валянціна Адамовіч.
Кажуць, што малады Апалінарый нават хадзіў у будучага рэвалюцыянера ў пісарах, праўда, зусім нічога не ведаючы пра яго падпольную дзейнасць. І даведаўся пра сапраўднае прозвішча свайго знаёмага і яго ўдзел у рэвалюцыі, толькі калі ўбачыў у газетах фотаздымак былога пастаяльца. А на памяць пра гэтае незвычайнае знаёмства ў Апалінарыя Пупко застаўся падораны Міхаілам Фрунзе наручны гадзіннік, які верай і праўдай служыў яму ўсё жыццё.
Клопат пра будучыню
Пасля смерці Апалінарыя Фларыянавіча засталося некалькі соцень яго твораў: скульптур, барэльефаў, карцін і малюнкаў, большасць з якіх ва ўдавы мастака выкупілі беларускія музеі. Але ў 1993 годзе, да 100-годдзя майстра, было вырашана большасць экспанатаў перадаць у Івянецкі музей традыцыйнай культуры, дзе яны зараз і захоўваюцца.
Сёння дом-музей Апалінарыя Пупко зарэгістраваны як аграсядзіба, але выкарыстоўваць яго для пастою гаспадары намеру не маюць — толькі ў якасці музея.
— Мой бацька быў чалавекам вельмі строгіх правілаў, ніколі не ўжываў спіртнога і дома не трымаў. А калі прымаць на начлег турыстаў — без чаркі не абыдзешся, так што мы не можам гэтага дапусціць, бацька б не адобрыў... — тлумачыць сваю пазіцыю Сафія Апалінараўна. — А музей працуе і сёння, толькі наведвальнікаў вельмі мала: летась прыходзілі мясцовыя школьнікі з настаўніцай, заглядаюць раз-пораз турысты, прыхільнікі народнай творчасці.
Між тым калісьці людзі тут не пераводзіліся, узгадвае дачка мастака. Здаралася, адна група ходзіць па хаце, другая чакае ў двары, а трэцяя ўжо на аўтобусе пад’ехала... Адных амбарных кніг, дзе запісаны ўражанні наведвальнікаў дома-музея, каля дзясятка. Я гартаю іх старонкі, на якіх — уся геаграфія: рэспублікі Савецкага Саюза, краіны замежжа, Масква, Ленінград і, вядома ж, розныя куткі Беларусі. Прыязджалі да Апалінарыя Пупко і школьнікі, і студэнты, і дарослыя людзі — нават цэлымі працоўнымі калектывамі, заглядаў у яго хату і вядомы пісьменнік Уладзімір Караткевіч з сябрамі, Вячаславам Рагойшам і Адамам Мальдзісам.
— Вельмі цікавы быў чалавек мой бацька, — успамінае Сафія Варатніцкая. — І любога мог зацікавіць, для кожнага ў яго былі свае гісторыі, свой стыль зносін. Для дзяцей прызапашаныя адны байкі, з дарослымі гутарка ішла зусім пра іншае. Але ўсе нязменна ад’язджалі ў захапленні… Здаралася, я, яшчэ зусім дзяўчо, у нядзелю прачнуся позна, чую: па хаце экскурсія ходзіць, але спрасонку саромеюся выходзіць да людзей, вось і сяджу, чакаю, калі ўсе сыдуць. Доўга чакаць прыходзілася — людзям падабалася бываць у нашай хаце, размаўляць з бацькам…
— Творчасць Апалінарыя Пупко — неацэнны пласт духоўнай культуры нацыі. Будучы прадстаўніком рэнесансу беларускай культуры пачатку дваццатага стагоддзя, ён усёй сваёй творчасцю верна служыў ідэі беларушчыны, — сцвярджае Алег Раманоўскі. — Вельмі шкада, што багатая спадчына майстра пакінула неафіцыйны музей у яго роднай хаце. Сёння, у год 120-годдзя са дня нараджэння майстра, цяжка бачыць гэты асяродак нацыянальнай культуры без знакамітай брамы, упрыгожанай на слупах-вушаках рэльефамі гусляра і жняі, над стрэшкай — аб’ёмнай фігурай арла з распрасцёртымі крыламі, па цэнтры сіметрычных створак брамы — дэкаратыўнымі выявамі ільвіных галоў, якая з’яўлялася свайго роду камертонам да ўсёй творчасці майстра, адметнай дамінантай местачковай архітэктуры.
Будынак дома-музея, на жаль, паступова прыходзіць у заняпад: акрамя прыйшоўшай у нягоднасць брамы, паступова псуецца і асыпаецца распісаная тынкоўка, пайшоў шырокімі расколінамі камін, які клаў бацька мастака. Наогул, падтрымліваць у добрым стане хату, якой больш за паўтары стагоддзі, — справа даволі затратная. А грошай у гаспадароў небагата.
— Зараз мы марым па фотаздымках аднавіць браму, але як гэта зрабіць, праўду кажучы, не зусім разумеем, — дзеліцца Сафія Апалінараўна. — Што ж тады казаць пра малюнкі на тынкоўцы: ніхто не бярэцца за гэту работу, бо спецыяліст патрэбны. А дзе ж яго знайсці? Думаю, без падтрымкі дзяржавы тут не абысціся...
У свой час Міністэрства культуры вяло перамовы з нашчадкамі Апалінарыя Пупко пра пакупку бацькавай хаты — планавалася ў ёй зрабіць філіял Івянецкага музея традыцыйнай культуры, але справа зайшла ў тупік — не сышліся ў цане.
На жаль, менавіта гэтая акалічнасць зараз прывяла да таго, что паступова спадчына Апалінарыя Пупко разбураецца: у дзяцей мастака няма грошай на рэстаўрацыю, дзяржава ж не можа ўзяць на сябе траты па аднаўленні іх уласнай, а не дзяржаўнай маёмасці. Але можа здарыцца так, што хутка і аднаўляць не будзе чаго: час няўмольна ставіцца да рэчаў, хай яны нават — мастацкія каштоўнасці.
Пакуль жа застаецца спадзявацца толькі на тое, што праўнучка майстра, Ксенія Высоцкая, якой перадаўся талент продка і якая прафесійна займаецца выяўленчым мастацтвам, стане знакамітай і здолее захаваць спадчыну, пакінутую яе прадзедам…
Юлія БАЛЬШАКОВА, «БН»
Фота аўтара і з архіва сям’і ПУПКО