У суквецці талентаў
На Міншчыне распачаўся фестывальны год.
Адкрыўся ён ХІІІ святам класічнай музыкі «Заслаўе-2013», якое наладзіў Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі прафесара Міхаіла Фінберга.
Увогуле, фестывальны каляндар сталічнай вобласці, як заўсёды, вельмі насычаны і разнастайны. Там значыцца больш за 20 буйных культурных мерапрыемстваў. Сёлета ўпершыню пройдзе абласное свята народнай творчасці «Слуцкія паясы». Як абяцаюць ва ўпраўленні культуры аблвыканкама, там будуць прадстаўлены многія віды народных промыслаў. Больш арганізатары пакуль што нічога не рассакрэчваюць, каб захаваць інтрыгу да самага адкрыцця святочнай дзеі.
Адным з найбольш значных традыцыйна будзе фестываль народнай творчасці «Напеў зямлі маёй», які праводзіцца ўжо дванаццаць гадоў. На гэты раз ён прысвечаны 75-гадоваму юбілею з дня нара-джэння старшыні Беларускага саюза кампазітараў Ігара Лучанка і пройдзе ў Мар’інай Горцы. Гэты адметны музычны форум аб’ядноўвае ў сабе ўсю багатую жанравую палітру народнага мастацтва, а ўладальнікам галоўнага прыза становіцца той аддзел культуры, чый калектыў дэманструе найвышэйшы ўзровень выканаўчага майстэрства.
Адным з найбольш буйных абяцае стаць X абласны фестываль нацыянальных культур у Маладзечне. Таксама адбудуцца XV адкрыты абласны конкурс выканаўцаў на духавых і ўдарных інструментах імя Івана Янкоўскага «Залатая труба», ХVІІІ свята мастацтваў «Музы Нясвіжа», ІX абласны фестываль дзіцячай тэатральнай творчасці «Чароўны куфэрак» і шмат іншых цікавых дзей. У календары адзначаны і мерапрыемствы, прысвечаныя 70-годдзю з дня трагедыі ў вёсцы Хатынь, у тым ліку міжнародная навукова-практычная канферэнцыя.