Мюзікл пра сапраўдных чараўнікоў
Момант з музычнага спектакля “Сапраўдныя чараўнікі” .
Падчас школьных канікулаў у гарадскім Доме культуры паказвалі музычны спектакль пад назвай “Сапраўдныя чараўнікі”.Адбылося пяць прадстаўленняў для дзяцей. Рэжысёрам навагодняй казкі стала супрацоўніца ГДК Людміла Фадзеева. Над пастаноўкай працавалі разам з мужам Яфімам і іншыя работнікі Дома культуры. Гэта ўжо другая сур’ёзная навагодняя пастаноўка ў Мядзеле: год таму дэманстравалася казка-мюзікл “Навагоднія прыгоды”.
Сямейны дуэт Фадзеевых працаваў і працягвае працаваць у тэатрах Мінска і іншых гарадоў. Вось гэтая казка некалі была пастаўленая ў Тэатры юнага гледача, а цяпер у пераробленым варыянце дэманстравалася на сцэне Мядзельскага ГДК.
Да прэм’еры ўсе супрацоўнікі Дома культуры рыхтаваліся амаль два месяцы. Трэба было зрабіць прыгожыя дэкарацыі, падабраць музыку, светлавое афармленне, правесці шмат рэпетыцый.
Апроч культработнікаў, у пастаноўцы былі занятыя школьнікі – удзельнікі тэатральнага гуртка пры Доме культуры.
– У музычным спектаклі ўдзельнічалі вельмі таленавітыя дзеці. Пасля мінулагодняга мюзікла яны пастаянна пыталіся ў мяне: “А будзем што-небудзь рабіць да гэтага навагодняга свята?”. І як жа тут не зробіш?! – кажа Людміла Фадзеева. – Але ў будучым пастараемся паставіць спектакль на іншую тэму, каб ён “жыў” доўга і яго можна было дэманстраваць не толькі ў навагоднія святы.
Алесь ВЫСОЦКІ.
Фота Алеся ВЫСОЦКАГА.