У сталічным клубе Loft адбыўся вялікі канцэрт «Калядныя сустрэчы»
7 студзеня ў сталічным клубе Loft адбыўся вялікі калядны канцэрт, які аднавіў праект лідара гурту "Палац" Алега Хаменкі "Калядныя сустрэчы". "Палац" прадставіў сваю новую праграму "Кола грукатала" ў клубным фармаце. Сваю творчасць прэзентавалі і больш маладыя гурты Guda і Dzivasil.
"Калядныя сустрэчы з "Палацам" мы ладзілі штогод, але ж апошнім часам яны былі арганізаваныя прыватным чынам для сяброў — на іх маглі патрапіць не ўсе, — адзначыў у інтэрв`ю БелаПАН Алег Хаменка. — Сёлета мы вырашылі зрабіць вечарыну ў клубным фармаце. Але пры гэтым хочацца, каб на нашых вечарынах захаваўся настрой сяброўскіх калядных сустрэч, якія мы ладзілі прыватным чынам".
Гаворачы пра паплечнікаў, якія зайгралі падчас канцэрта, Алег Хаменка адзначыў: "Гэтым разам да нас далучыліся гурты Dzivasil і Guda. Яны як раз былі падрыхтаваны да каго, каб увайсці ў клубную атмасферу. Яны не проста адраджэнне традыцый ці рэканструкцыя, гэта ўжо натуральнае існаванне ў нашых умовах. Мне падаецца, што яны зробяць тое, чаму я магу ў іх навучыцца".
Падчас святкавання Калядаў было паказанае традыцыйнае шэсце калядоўшчыкаў з Казой, Буслом і Мядзведзем.
Праект "Калядныя сустрэчы" Алег Хаменка з паплечнікамі пачаў ладзіць у 1997 годзе. Канцэрты адбываліся на розных пляцоўках: у Палацы культуры МАЗ, Тэатры эстрады, Купалаўскім тэатры.
Відэа Сяргея САЦЮКА