Гурты «Палац», Dzivasil i Guda далi вялікі калядны канцэрт ў Мінску

Источник материала:  
08.01.2013 12:21 — Новости Культуры

Вечарам 7 студзеня ў сталічным клубе Loft адбыўся вялікі калядны канцэрт, які аднавіў праект лідара гурту "Палац" Алега Хаменкі "Калядныя сустрэчы". "Палац" прадставіў сваю новую праграму "Кола грукатала" ў клубным фармаце. Сваю творчасць прэзентавалі і больш маладыя гурты Guda і Dzivasil.

"Калядныя сустрэчы з "Палацам" мы ладзілі штогод, але ж апошнім часам яны былі арганізаваныя прыватным чынам для сяброў — на іх не маглі патрапіць людзі з вуліцы, — адзначыў у інтэрв'ю БелаПАН Алег Хаменка. — А раней адбываліся сапраўдныя канцэрты, фестывалі. Я вельмі рады, што зараз сталі больш сталымі "Калядны фэст", "Таўкачыкі на Каляды", іншыя фестывалі — гэта вельмі добра. А вось што да святкавання Калядаў у клубным фармаце — гэта мне падаецца цікавым, бо гэта своеасаблівы "Новы год-2". Мы хацелі пасля перапынку сустрэчы зрабіць крыху па-іншаму, мы зараз апрабоўваем гэты фармат і будзем вучыцца ў саміх сябе. У нас тут ёсць людзі ў калядных строях. Пакуль што людзі яшчэ крыху збянтэжаныя: а ці можна так ці іначай выглядаць? І апранаюць традыцыйныя клубныя сукенкі. Але я думаю, што на наступныя калядныя сустрэчы мы зробім калядны дрэс-код".

Гаворачы пра паплечнікаў, якія зайгралі падчас канцэрта, Алег Хаменка адзначыў: "Я запрасіў вельмі цікавыя гурты. Dzivasil — гэта беларускі, але містычны, шаманскі такі калектыў. І гурт традыцыйнага фальклору Guda, але яны не проста адраджэнне традыцый ці рэканструкцыя, гэта ўжо натуральнае існаванне ў нашых умовах. Яны так мысляць. Гэта не проста адраджэнне музейных экспанатаў, але сучаснае мысленне. Мне падаецца, што яны зробяць тое, чаму я магу ў іх навучыцца!"

Падчас святкавання Калядаў было паказанае традыцыйнае шэсце калядоўшчыкаў з Казой, Буслом і Мядзведзем.

Праект "Калядныя сустрэчы" Алег Хаменка з паплечнікамі пачаў ладзіць у 1997 годзе. Канцэрты адбываліся на розных пляцоўках: у палацы культуры МАЗ, тэатры эстрады, Купалаўскім тэатры.



←У Мiнску прэзентаваная кніга выбраных твораў паэта Эдуарда Акуліна

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика