ПРАЦОЎНЫ СТОЛ. Алег Хаменка. Скрынка з акрэдытацыямі ды пухнаты Марсаход
Вядомы музыка, лідар гурту “Палац” Алег Хаменка, як і большасць музыкантаў, працуе ў розных месцах: дома, у студыі, на колах. Дома робіць аўтарскую радыёперадачу “Фолк-брама”, у студыі запісвае песні ды робіць аранжыроўкі, у паездках вядзе перамовы… Паказваючы свае хатнія працоўныя месцы, Алег прыадкрыў таямніцу стварэння музыкі (нават прапанаваў прыдумаць хіт сумеснымі намаганнямі), распавёў пра белага пухнатага ката Марсахода, паказаў вялікую калекцыю бэджаў-акрэдытацыяў на розныя музычныя фестывалі, а таксама падзяліўся, навошта “Палац” падаваўся на “Еўрабачанне” ды чаму маладыя людзі, якія займаюцца музыкай, не маюць ў Беларусі перспектыў.
Мужчынская мара
Гэта маё асноўнае працоўнае месца. Мара любога мужчыны — канапа ды тэлевізар! (смяецца) Магу і ляжаць, і сядзець — як мне захочацца. Для мужчыны, тым больш для такога, як я, самае лепшае месца працы! Тэлевізар не замінае: уключыў «Еўраньюс», ды хай балбоча сабе. Можа, хто на такой падстаўцы і сняданкі ў ложак носіць, а я на ёй “галівуджу”.
Песня за хвіліну
Гэты ноўт набыў нядаўна, ён вельмі моцны. На ім можна рабіць усё: і радыёперадачы мантажыць, і музыку пісаць. Вось глядзі: напяваеш нешта, а пасля з дапамогай спецыяльнай праграмы ствараеш мелодыю. Прынцып вельмі просты. Гітара другая ў мяне тут стаіць недзе, але я рэдка граю на ёй. Гэта такая “рыба”, якую, канечне, нікому не паказваеш. Бывае, нешта прыдумалася, не адыходзячы ад таго ж тэлевізара, узяў ды “намычаў” мелодыю, а пасля, калі папёрла, то і музыка ствараецца. Хто яго ведае, калі прыйдзе тое натхненне. Бывае, сядзіш перад камп’ютарам, а яно і з’явілася. Трэба, каб было нешта пад рукамі, каб адразу прыдуманае занатаваць, а то згубіцца.
Пухнаты Марсаход
Кот стары ўжо вельмі. Колькі яму гадоў дакладна, я і не ведаю. Мы яго падабралі на сметніку, ён вельмі слабы быў. Нехта выкінуў: нагуляўся, відаць. Ты ўяўляеш, які ён прыгожы быў маленькі? Гэта ж не кацянятка, а цуд проста! А як вырас, то гаспадары ад яго і пазбавіліся… Мы назвалі яго Марсаходам, бо тады, калі мы яго знайшлі, амерыканцы “згубілі марсаход”. Цяпер завем Марсікам, часам Маўсік, бо ён мяўкае так: “Маў”… У мяне яшчэ другі кот ёсць — Фелікс. Жыве зараз у доме цешчы. Як яны жылі тут разам, то Фелікс Марсіка моцна задзіраў, а цяпер, як пажыў асобна, то і не пайшоў да мяне, можа, крыўдуе, а можа, не пазнаў.
Партрэт ад Варашкевіча
Гэта партрэт аўтарства Варашкевіча (саліст гурту “Крама”. — А.П.). Мне здаецца, я вельмі падобным выйшаў. Ігар мастак звышталенавіты. Я даўно хацеў такую штуку, прасіў, Ігар толькі ў гэтым годзе, да юбілею, намаляваў. (усміхаецца)
“Славянкі базар” ды “Еўрабачанне”
Во бачыш, што ў мяне ёсць! Гэта Вераніка Круглова з нашымі песнямі ў конкурсе на “Славянскім базары” некалі здабыла. (смяецца) Во напісана: «тысяча дзевяцьсот дзевяноста трэці год». Было і такое ў нашай біяграфіі.
Вось ты пра “Еўрабачанне ” згадала. Мы выдатна разумелі, што гэта не наш фармат. Але не сцёб тое быў! Гэта ж было акурат праз тры тыдні пасля таго, як Праляскоўскі сказаў нам, што мы “разбароненыя”. А як паказаць, што мы можам выходзіць да публікі? Прэс-канферэнцыю збіраць ці што? Трэба было з’явіцца на тэлебачанні ў нейкай праграме, каб нас убачыла ўся краіна. Каб арганізатары фэстаў і адміністратары клубаў не хваляваліся і больш упэўнена адчувалі сабе пры арганізацыі нашых выступаў. А “Еўрабачанне-Еўрафэст” — гэта варыянт, конкурс, які глядзелі ўсе. Трэба было не ладзіць прэсухі, а выйсці на тую сцэну. Прычым варта было выйсці ўсім: і нам, і “Краме”, і “Дзюбелям” і N.R.M., а яны тады не пайшлі — можа, правільна, а можа, і дарэмна! Мне падалося, што нас тады спецыяльна “падрэзалі”. У нас быў даволі моцны твор, можна было б зрабіць заўважны нумар — і відавочна ён выходзіў у фінал. Але як гэта так: толькі што былі пад забаронай, а тут паедуць?..
Зараз правільна Піт (Піт Паўлаў, лідар гурту N.R.M. — А.П.) зрабіў, што паўдзельнічаў ў адборы на “Еўрабачанне”. Можа, трэба больш адказна падрыхтавацца, каб пераканаўча выглядаць. Бо гэта тая ж самая барацьба супраць забаронаў.
Малыя «Рок-кароны»
А вось яшчэ «Рок-кароны». Іншыя ў маіх сяброў захоўваюцца. Колькі іх усяго ў нас, я і не памятаю. Чатыры, здаецца, а можа, і пяць… Яны ў сяброў, бо што мне іх тут збіраць. А гэтыя дзве трымаю, бо яны да пары! Яны крышачку адрозніваюцца. На іх жа нават год не пазначаны. Гэта малыя кароны, вялікай у нас і не было.
Чароўная скрыня
Вось у мяне тут скрынка, у якой розныя акрэдытацыйныя бэджы ды значкі. Шмат рознага тут захоўваецца. Гэта не настальгія, не збіральніцтва. З часам шмат якія падзеі, выступы забываюцца. А так узяў, адкрыў ды ўзгадаў, дзе ў якім годзе быў, падрабязнасці ўсплываюць. Тут акрэдытацыі ды значкі з фестываляў, на якія мы гуртом ездзілі. Адных “Славянскіх” колькі! Вось такога няма ні ў каго: “Славянскі базар-1994”.
Акрэдытацыя-вярблюд
Таксама цэлая калекцыя “Басовішчаў”. Вось з самых першых нашых “Басоў” 1992 года! Дваццаць год таму было. Гэта па сутнасці першы фестывальны выступ — зусім нядаўна 20-годдзе гурту адзначылі… А вось гэты цацачны вярблюд — акрэдытацыя на музычны фестываль “Галасы Азіі”, што ў Казахстане ладзіўся. Яны прапагандавалі вярблюда гэтага як сваю нацыянальную жывёлу, сімвал краіны. Без яго не зайсці было на тэрыторыю фэсту. А вось акрэдытацыя на мой фестываль! Гэта я рабіў мастацкую частку рок-фестывалю BelaMusic у 2009 годзе. Шкада, што адзін раз прайшоў толькі.
Маладзечна-93 і -94
А вось гэтыя акрэдытацыі “Маладзечна-93” ды “Маладзечна-94” асаблівыя для мяне. У дзевяноста трэцім годзе пасля “Басовішча” дзевяноста другога года мы ўжо сталі папулярнымі, нас заўважылі і пачалі паўсюль запрашаць. Мы тады заявіліся фестывальна, што мы — “Палац”.
Значок, пра які не ведае БТ
Ёсць тут недзе вельмі круты значок, якім я ў свой час нават ганарыўся. А, вось ён. Тут год не стаіць, але даўно тое было, здаецца, дзевяноста чацвёрты год. Пра гэта нават і не ведае Белтэлерадыёкампанія. Мы самі прадстаўлялі нашу нацыянальную тэлекампанію ў Еўрапейскім вяшчальным саюзе! Гэта першыя крокі нашай Белтэлерадыёкампаніі (тады НТКБ) у ім. Круцізна ў чым? Такой значкі няма ў БТРК. Наш гурт тады яны не падтрымалі, EBU нас запрасіў прыехаць за свае грошы і прыватна прадставіць Беларусь на фэсце ў Нямеччыне, то мы і трапілі туды, і вельмі ўдала выступілі…
Любімая фотка
Во люблю я гэтую фотку! Гэта мы рабілі піўны калядны фэст. Такая фотка была адурэнная! Куды яна знікла, не ведаю… Неяк яна выпадкова ў нас з’явілася, здаецца, Міхаіл Маруга зрабіў, але і знікла яна невядома дзе. Вось толькі значок з ёй застаўся.
Сябра журы
Тут і акрэдытацыі з удзелу ў розных журы ёсць. Вельмі цікава бывае часам! Шмат таленавітай моладзі ў нас, але ж крыўдна, што амаль бесперспектыўна гэта ўсё. Узровень годны, але ж яны ўсе нацэленыя з’язджаць. У Маскву ці на Захад куды. Няма ім дзе выступаць. Яны ж хочуць не проста граць, а зарабляць грошы, каб іх слухалі ды паказвалі! Дабрачынна зараз ужо ніхто граць не хоча. Моладзь з камерцыйным намерам. А дзе тут якая музычная камерцыя, калі нават гандлёвыя камерсанты стогнуць?..
Капітан каманды
Гэта медаль з дабрачыннай імпрэзы, што ладзіла Тамара Лісіцкая. Там ўдзельнічалі дзеткі з інтэрнатаў. Яны падзяліліся на каманды ды вучыліся гуляць ў боўлінг. Каманда пад маім кіраўніцтвам заняла тады другое месца.
Ролевыя гульні
Люблю часам пагуляцца. У мяне ёсць пару досыць цікавых гулек. Стралялкі ды машынкі я не люблю. Я аматар ролевых гульняў: як кніжку чытаеш. Там персанажы ёсць цікавыя, рыцары, палацы розныя, карацей, ролевыя стратэгіі.
Узнагарода БТ
А вось гэтая кветачка — гэта мяне калісьці БТ узнагароджвала. Няма подпісу на ёй, не ўзгадаю, які гэта быў год. Ці намінацыя “Гурт года”, ці нешта падобнае… Але тое, што гэта бэтэшная прэмія, то дакладна.
Плюшавы казёл
Вось у мяне казёл ёсць. Капялюш мой, але носіць яго ён. Гэта музычны казёл. Вось у яго і ноты тут ёсць. Мне яго падарылі некалі на калядным фестывалі — паддзяўбнулі мяне так. І казёл, і шляпа — падарункі. Бывае, што кветкі ці гарэлку няёмка дарыць, дык дораць цацкі розныя.
Шум дажджу
Вось такія падарункі я люблю. Адна мінская дзяўчына сама робіць такія штукі. Яна была на нашым канцэрце ды так уразілася, што падарыла мне гэты “шум дажджу”. Класная рэч.
Лялька, што не апускае рук
Гэтая лялька — таксама падарунак. Гэта нейкі забабон. Во тут напісана ў яе: “Дарылі са словамі: “Не журыся, не маркоцься, рукі не апускай”. Гэту ляльку робяць на дабрабыт і просяць у яе выгод для сябе “гэтулькі, колькі трэба”. Яе дораць з пажаданнямі ўсяго найлепшага, з пажаданнямі дабра. Гэта лялька ніколі не апускае рук”. То хай стаіць ды рукі не апускае.
Ася ПАПЛАЎСКАЯ, фота аўтара