Зміцер Вайцюшкевіч спяваў басанож ды разліваў малако

Источник материала:  
22.11.2012 13:40 — Новости Культуры


21 лістапада, ужо ў прыцемках, у сталічнай галерэі “Ў” Зміцер Вайцюшкевіч упершыню публічна праспяваў свой новы альбом “Ваячак” на вершы польскага паэта Рафала Ваячака. Прэзентацыю было вырашана правесці ў закрытым фармаце: журналістаў пускалі па спецыяльным спісе, а астатніх — па запрашэннях. У памяшканні было багата віпаў, але ўсім месцаў не хапіла, таму шмат хто са свежай творчасцю любімага музыкі знаёміўся стоячы.

Зміцер Вайцюшкевіч спяваў басанож ды разліваў малако

Зміцер Вайцюшкевіч спяваў басанож ды разліваў малако Зміцер Вайцюшкевіч спяваў басанож ды разліваў малако

Зрэшты, стаяць давялося нядоўга — прэзентацыя новага альбома ад пачатку і да канца заняла ўсяго 45 хвілін. Сорак хвілін Зміцер выконваў песні з дыска, а астатнія пяць дзякаваў перакладчыкам, асвятляльнікам, пастаноўшчыкам, людзям за шырмай і, канечне, прысутным на прэзентацыі слухачам, якія “маглі б дома па тэлевізары самі ведаеце каго слухаць, але ўзялі ды сюды прышлі”.

Зміцер Вайцюшкевіч спяваў басанож ды разліваў малако

Прастора галерэі “Ў” была сфарміраваная з дапамогай шматлікіх шырмаў, абцягнутых шэрай і белай тканінай, на якіх былі размешчаныя чорна-белыя фотаздымкі і карціны, кружэлкі, выразаныя з паперы, а таксама іншыя рэчы. Падлога была засцеленая белай паперай ды даўгімі лістамі чорнай паперы, на якую Зміцер напрыканцы прэзентацыі з жалезнага тазіка ліў малако… Атрымалася эфектна. Дадатковую света-ценевую прастору стваралі святлом, якое сталася асобнай дзеючай адзінкай спектакля-перформанса, у які былі ўплеценыя свежыя кампазіцыі Змітра Вайцюшкевіча.

Зміцер Вайцюшкевіч спяваў басанож ды разліваў малако

Праз белую тканіну, што была нацягнутая за спінай музыкі, раз-пораз праступалі твары, далоні і бутэлькі, лілася вада і малако. На нейкі момант магло сапраўды падацца, што ты апынуўся ў вар’ятні…




Паэзія Ваячака пасуе да растроенай гітары

Як прэзентацыя скончылася, Зміцер запрасіў невялікае кола людзей на фуршэт. Мне ж удалося распытаць вядомага музыку пра басыя ногі і заходнюю арыентаванасць яго творчасці.

— Зміцер, ці маеце вы намер прадставіць дыск польскаму слухачу?

— Мы б вельмі хацелі прадставіць гэты праект у Польшчы. Зараз будзем над гэтым працаваць. Мы да апошняга не ведалі, ці зможа адбыцца прэзентацыя дыска тут, у беларускіх умовах. А пра Польшчу мы думаем. Праўда, мы не ведаем, наколькі буйным можа быць гэтае прадстаўленне. Я супакоіўся наконт папулярнасці і ў Расеі, і ў Польшчы. Паэзія Ваячака ці таго ж Маякоўскага не прадугледжвае вялікай папулярнасці.

— Вершы Ваячака перакладаліся спецыяльна для вашага праекта ці вы проста ўзялі гатовы матэрыял?

— Тэксты для дыска былі перакладзеныя паэтам Андрэем Хадановічам па маёй просьбе, а два вершы ў перакладзе Вальжыны Морт былі мной узятыя з ласкавай згоды перакладчыцы.

— Ці не халодна было выступаць басанож?

— Не, там дэкарацыі лезлі пад ногі. Гэта не самае страшнае. Нягледзячы на тое, што ў маёй творчасці і прысутнічае тэатральшчына, эмацыянальшчына, я трохі хваляваўся, баяўся нешта не так зрабіць. Кепскіх момантаў, на маю думку, не было. Я прадугледжваў, што людзі могуць падумаць: а, зноўку смурняк нейкі, давайце пазітыўчык! Але я на гэта не разлічваю, бо паэзія Ваячака пасуе для растроенай гітары, для нейкай такой дзеі.

— Вы напісалі шмат альбомаў на вершы вядомых беларускіх паэтаў, а зараз ўзяліся за польскую паэзію. Ці значыць гэта, што вы хочаце адысці ад беларускай паэзіі?

— Наш аркестр называецца “Ўсход-Захад”. Першым быў Маякоўскі, потым японцы, потым шведы, потым яшчэ нейкія праграмы, якія не былі даведзеныя да ладу. Ваячак — гэта адказ Захаду. Бо што такое Захад для нас? Для беларусаў гэта не Нямеччына. Гэта не Лондан. Усё ж такі мы ездзім у Польшчу і для нас яна — Захад. Нягледзячы на тое, што мы часам скептычна ставімся, маўляў “курыца — не пціца, а Польшча — не заграніца”. Заграніца! Бо трэба шэнген, псіхалагічна мы ад Польшчы адсталі на гадоў 20-25, і нам давядзецца ў некаторых сферах яе доўга даганяць, нягледзячы на тое, што мы такія чыстыя і светлыя.



Ася ПАПЛАЎСКАЯ

←В Беларуси установлен порядок государственной регистрации фильмов

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика