Японцы даведаюцца, кім быў Браніслаў Тарашкевіч

Источник материала:  

Японскі даследчык Беларусі Макота Хаясака ў Музеі беларускага кнігадрукавання ў Полацку.

Не часта ў жыцці з’яўляецца мажлівасць пачуць, як жыхар Японіі размаўляе па-беларуску. Між іншым, цікавасць да нашай краіны існуе і на Далёкім Усходзе. Навуковец Макота Хаясака пацвердзіў гэта сваёй дзейнасцю.

Японскі даследчык ужо шмат гадоў вывучае гісторыю і культуру Беларусі. Пры гэтым ён выкладае ў Такійскім тэхналагічным інстытуце. У прафесійнай дзейнасці Макота Хаясака даследуе гісторыю інфарматыкі.

Аб сваёй зацікаўленасці Беларуссю японскі навуковец расказаў у інтэрв’ю “РГ”. 

– Адлегласць паміж Мінскам і Токіа – больш за восем тысяч кіламетраў. Што ж ведае пра Беларусь звычайны японец?

– У маёй краіне не так шмат ведаюць пра Беларусь. Звычайны японец раскажа хіба толькі пра Чарнобыльскую трагедыю, а таксама назаве імя вашага прэзідэнта. У нас таксама ведаюць пра беларускую палітычную сістэму.

– Калі з’явілася ў вас цікавасць да Беларусі?

– Я ўжо даўно пачаў займацца гісторыяй Беларусі, больш за дзясятак гадоў таму, але ў межах гісторыі Рэчы Паспалітай. За гэты час я выдаў тры манаграфіі, прысвечаныя гэтай тэматыцы. Таксама пераклаў з рускай і польскай моў дзве кнігі аб гісторыі Рэчы Паспалітай.
Беларусь і Японія ў 20-м стагоддзі мелі шмат агульнага.

– Адна з вашых навуковых прац прысвечаная дзейнасці Браніслава Тарашкевіча. Чым ён прыцягнуў вашу ўвагу?

– Тарашкевічам я зацікавіўся не так даўно, гады тры таму. Тады я вывучаў дзейнасць Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Гэты перыяд беларускай гісторыі мяне вельмі ўразіў. Мне падалося, што дзейнасць “грамадоўцаў” на чале з Тарашкевічам можна параўнаць з гісторыяй японскага левага крыла ў 1920-30 гадах. Грамада таксама нагадвае аб станаўленні мясцовай інтэлігенцыі таго часу. Вядома, прамой сувязі беларускага і японскага рухаў няма. Але яны вельмі падобныя паміж сабой.


– Вывучаючы Беларусь, вам даводзіцца працаваць з беларускімі кнігамі. Ці не ўзнікае цяжкасцей з мовай?

– Я валодаю рускай, польскай, украінскай, англійскай і французскай мовамі. Яны дапамагаюць паступова засвойваць беларускую. Цяпер я магу без праблем чытаць беларускія тэксты.

– Ці наведвалі вы краіну, якой прысвяцілі некалькі даследаванняў?

– Летась я падарожнічаў па Беларусі. Быў у Віцебску, Гродне, Нясвіжы. Больш за ўсё мяне ўразіў Полацк. Я лічу гэты старажытны горад калыскай усёй Беларусі. Параўнаць яго можна са старажытнай японскай сталіцай Нарай.

– З якімі цяжкасцямі сутыкаецца чалавек з Усходу, вывучаючы славянскую культуру і гісторыю?

– Я не згодны з думкай пра тое, што культуры Захаду і Усходу прынцыпова адрозніваюцца. Так могуць казаць толькі тыя, хто не займаўся грунтоўна гэтай тэмай. Я бачу, што цяпер ідзе мадэрнізацыя ўсяго свету, культуры пераплятаюцца і ўздзейнічаюць адна на адну.

– Цяпер вы рыхтуеце да друку новую кнігу пра Беларусь. Аб чым яна будзе?

– Гэта будзе гісторыяграфічны нарыс з часоў Полацкага княства да сённяшніх дзён. У ім я спрабую прасачыць за развіццём гістарычнай і палітычнай самасвядомасці беларусаў. Шмат увагі надаю не толькі Тарашкевічу, але і кнігавыдавецкай дзейнасці Францішка Скарыны, статутам Льва Сапегі, дзейнасці Кастуся Каліноўскага падчас паўстання, заходнерусізму Міхаіла Каяловіча. Кніга выйдзе вясной наступнага года на японскай мове.


Беларусь і Японія – ці шмат у нас агульнага?

На другім Міжнародным кангрэсе даследчыкаў Беларусі, які прайшоў сёлета ў Коўне, Макота Хаясака выступаў з дакладам на тэму “Палітычная дзейнасць Браніслава Тарашкевіча ў кантэксце Далёкага Усходу”.

У сваёй працы ён звяртае ўвагу на падобныя ўмовы, у якіх развіваўся нацыянальны рух Беларусі і Японіі ў 20-м стагоддзі. І там, і там ён існаваў ва ўмовах міжнароднага камуністычнага руху. Камуністычная Расія распаўсюджвала свае парадкі як на заходнія, так і на ўсходнія краіны-суседкі.

20-е стагоддзе ў Заходняй Беларусі

Пасля Рыжскага міру, заключанага ў 1921 годзе, Заходняя Беларусь апынулася пад уладай Польшчы. Захаваць беларускую культуру падчас актыўнай паланізацыі было нялёгкай справай. У складаных умовах дзейнічаў Браніслаў Тарашкевіч, які ў той час быў абраны ў польскі парламент.

Тарашкевіч склаў першую граматыку беларускай мовы, працаваў дырэктарам беларускай гімназіі ў Вільні, заснаваў Таварыства беларускай школы. Яго “Грамада” аб’яднала вакол сябе рабочых і сялян. Але хутка яе дзейнасць савецкая ўлада назвала “нацдэмаўшчынай”, супраць удзельнікаў пачаліся рэпрэсіі. Гэта быў адзін з першых крокаў па фізічным вынішчэнні беларускай інтэлігенцыі.

У тыя ж гады ў Японіі

Падобныя падзеі можна прасачыць і ў японскай гісторыі. Пасля руска-японскай вайны мясцовае насельніцтва Японіі знаходзілася пад уплывам дзвюх партый – сацыялістычнай і камуністычнай. Асноўнымі ўдзельнікамі сацыялістычнай, як і ў выпадку “Грамады”, былі рабочыя і сяляне. Часам іх дзейнасць не адпавядала поглядам камуністаў. Таму супраць сацыялістаў пачаліся рэпрэсіі – іх высылалі ў Маньчжурыю і Карэю.

Адбывалася гэта ў той жа час, што і ў Беларусі, у канцы 1920-х – пачатку 1930-х гадоў. На новай тэрыторыі японцы пачыналі распаўсюджваць сваю культуру – адчынялі свае школы, вучылі дзяцей японскай мове, часам нават змянялі прозвішчы мясцовых карэйцаў на японскі лад.


Даследчык Макота Хаясака звяртае ўвагу на тое, што змаганне за ўласную культуру і адукацыю на роднай мове засталося ў гістарычнай памяці як беларусаў, так і японцаў. Змаганне праходзіла ў розных умовах, але адстойваць нацыянальныя дасягненні даводзілася і першым, і другім. 

Да таго ж абодва народы пацярпелі ад сталінскіх рэпрэсій. Адбылося гэта ўжо пасля другой сусветнай. Японцы, якія засталіся на тэрыторыі Савецкага Саюза пасля вайны, не вярнуліся дадому. Іх пакінулі на прымусовай працы ў Расіі. Там гэтыя людзі і засталіся.

Японскі навуковец параўноўвае і пасляваеннае жыццё нашых народаў. Да сённяшніх дзён маскоўскія архівы камуністычнага руху закрытыя нават для міжнародных даследчыкаў. Макота Хаясака спадзяецца, што яшчэ пабачыць іх.

Даведка “РГ”. Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ) — масавая легальная рэвалюцыйна-дэмакратычная арганізацыя працоўных ў Заходняй Беларусі ў 1925–1927 гадах. Арганізаваная ва ўмовах сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту з мэтай вызвалення Заходняй Беларусі з-пад улады Польшчы. Яе дзейнасць узначальваў старшыня Браніслаў Тарашкевіч.

Аляксандра ПАРАХНЯ.
Фота забяспечана Макота ХАЯСАКА.

←Произведения Коласа и Купалы... через иероглифы.

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика