Пра сукенку ў гарохі і пра тое, як мікалаеўцы выцягвалі з багны Коласаву "Пабеду"

Источник материала:  
03.11.2012 10:07 — Новости Культуры

Пра сукенку ў гарохі і пра тое, як мікалаеўцы выцягвалі з багны Коласаву "Пабеду"

           



"Гыля, гыля,
шары гусі дадому!
Ці вы ў моры
не наплаваліся?
А я й млодая ўсё й
наплакалася,
За нялюбым мужыком
жывучы,
Штовячора
на вячоркі йдучы.
Ой, пайду ж я гляну
пад акно;
А мой мілы
ў суседкі сядзіць,
Суседачку дый
за ручку дзяржыць,
З суседачкай
разгаварвае,
Мяне млоду
абгаварвае..."
 
Гэтую песню любіла спяваць маці Якуба Коласа — Ганна Юр'еўна Міцкевіч. Пра спеўныя здольнасці сваёй матулі не раз прыгадваў і сам паэт: "Улюбёная матчына песня расказвала пра нешчаслівае каханне... Песня бралася ў сілу і запаўняла хату".
 
Хораша спявала гэтую і іншыя песні і родная сястра песняра — Міхаліна. А пачуў я гэты кранальны твор у выкананні нявесткі Міхаліны — 89-гадовай Яўгеніі Мікалаеўны Міцкевіч, старэйшай жыхаркі вёскі Мікалаеўшчына.
 
— Ганну Юр'еўну — маці Коласа — я добра памятаю. Мне было шэсць гадоў, калі яна памерла, — кажа баба Яўгенія, прысаджваючыся за той самы стол, за якім у свой апошні прыезд на радзіму сядзеў яе славуты сваяк Колас. І не толькі ў апошні — кожны раз, калі наведваў малую радзіму, прыходзіў у гэтую хату і нават заставаўся начаваць. Стол шчодра і па-святочнаму накрываўся.
 
— Колас любіў спыняцца ў нас, бо любіў сваю сястру Міхаліну і яе сына Уладзіміра — майго мужа, — кажа баба Яўгенія. — Хоць і іншыя сёстры Маня і Юзя, брат Юзік і пляменнікі хацелі, каб славуты брат і дзядзька таксама спыняўся ў іх.
 
Яўгенія Мікалаеўна нетаропка падсоўваецца да стала-рэліквіі і пачынае дзяліцца сваімі неўміручымі ўспамінамі, па памяці чытаць самую славутую паэму песняра — "Новую зямлю". Ведае яе ад пачатку і да канца, з любой главы можа пачаць і не збіцца. Гэткая ў яе памяць. Цяпер у вёсцы няма больш красамоўнага відавочцы і распавядальніка пра Коласа. Яна, як была маладзейшая, часта дэкламавала любімы твор у клубе на вясковых канцэртах, перад паляводамі, жывёлаводамі і трактарыстамі. Спявала, танчыла, весялілася сама і іншым сумаваць не давала. Яшчэ да пажару спявала ў царкоўным хоры.
 
— Было, што сама сабе чытаю "Новую зямлю", дык наплачуся. Хочаш не хочаш, а прыгадаеш, як некалі жылі, як бедавалі, — кажа баба Яўгенія і раптам, не мяняючы ні тону, ні тэмбру голасу, пачынае чытаць паэму з любімага раздзела "Дзядзька кухар":
 
Наш дзядзька, мілы наш Антоні,
Ў дзіцячым часта быў палоне:
Вось так гуртом яго абсядуць
І час работы яго крадуць...
 
Слухаючы сіплаваты голас бабы Яўгеніі, забываешся пра яе ўзрост, пра тое, што яна простая сялянка з шасцю класамі польскай школы. Падаецца, што расказвае пра саму сябе, пра сваё даўна-далёкае маленства, быццам вяртаецца ў яго. Ад гэтых успамінаў свецяцца бабуліны вочы і разгладжваецца парэзаны маршчынкамі ад доўгага веку твар.
 
...І чаму так, чаму не гэтак?
Прыхілен дзядзька быў да дзетак.
Ён быў настаўнікам, суддзёю,
Калі, бывала, між сабою
Паспораць дзеткі ці паб'юцца,
Дык да каго тады звярнуцца,
Як не да дзядзькі, да Антося?..
 
Пра сукенку ў гарохі і пра тое, як мікалаеўцы выцягвалі з багны Коласаву "Пабеду"
Фота канца 40-х гадоў мінулага стагоддзя: Якуб Колас у Мікалаеўшчыне сярод родных і сваякоў.

Першы раз Яўгенія ўбачыла Коласа ў 1940 годзе, калі ёй было 16 гадоў. Якраз у тым самым годзе згарэла большая палова Мікалаеўшчыны, і паэт-зямляк прыехаў дапамагаць пагарэльцам.
 
— Коласа паставілі на табурэтку, каб быў вышэй і ўсе маглі яго бачыць, бо люду сабралася гэтак шмат! Колас устаў і сказаў: "Я не ўмею красамоўна гаварыць, я толькі пісаць магу", — імкнецца перадаць дакладную паэтаву інтанацыю баба Яўгенія.
 
Калі Яўгенія выйшла замуж за сына Міхаліны і стала Коласавай сваячкай, ёй не раз перападалі падарункі ад песняра. Пра адзін з іх яна нечакана прыгадала.
 
— Канстанцін Міхайлавіч прывёз мне сукенку — шаўковую карычневую ў белыя гарохі. Я была на дзясятым небе! І яшчэ кофту шарсцяную падарыў. І сказаў: "Будзь такая добрая, як мая Маруся". Ніколі не забуду гэтыя словы!
   
Пра сукенку ў гарохі і пра тое, як мікалаеўцы выцягвалі з багны Коласаву "Пабеду"
1956 г. Колас у "Пабедзе"
назаўсёды ад'язджае з радзімы
У падцвярджэнне ўспаміну Яўгенія Мікалаеўна паказвае фотаздымак, на якім яна стаіць побач з Коласам у той самай сукенцы-падарунку. А ўжо шчаслівая!
 
Апошні раз, як вядома гэта і з біяграфіі нашага класіка, ён прыехаў у родную Мікалаеўшчыну 30 красавіка 1956 года. Магчыма, паэт сапраўды завітаў сюды, каб назаўсёды (гэтак яно і атрымалася) развітацца з радзімай. А вяскоўцы памятаюць, што тады ён прыязджаў па гліну, бо ў паэта моцна балелі рукі, а гліна мае ўласцівасць здымаць боль. Асабліва тая, з-пад крыніцы ва ўрочышчы Церабяжы (цяпер там мікалаеўскія могілкі). Яўгенія на ўсё жыццё запомніла той дзень, бо ўпершыню ў сваім жыцці ўбачыла легкавы аўтамабіль — Колас прыехаў на персанальным аўто. Памятае, што вадзіцеля звалі Дзмітрыем і ён, небарака, загнаў аўто ў такую багну, што ўсёй вёскай ледзь выпхнулі.
 
— Наша вуліца (раней называлася Стаўпецкая) у месцы, дзе пераходзілі коні і каровы, аказалася непраезнай. Але хто ведаў гэта? Машыны ў нас хадзілі рэдка. І Коласава "Пабеда" села па самыя масты. Сабраліся людзі, сталі пхаць машыну туды-сюды. Што ні рабілі, не маглі даць рады. Толькі калі ляснік даў каня, неяк удалося яе выцягнуць. Потым дружна мылі "Пабеду". Колас, выйшаўшы з хаты, заплаціў мужыкам "барыша" — даў грошы.
 
Муж Яўгеніі Мікалаеўны Уладзімір (пляменнік Коласа) паспеў у той дзень зрабіць колькі фотаздымкаў, і цяпер ёсць неабвержнае сведчанне таго развітальнага прыезду паэта на радзіму. Фотааматар нібы прадчуваў: праз тры з паловаю месяцы песняра не стала.
 
На пахаванне Якуба Коласа ў сталіцу з Мікалаеўшчыны паехала шмат люду — родныя і сваякі, калгаснікі і школьнікі. Вядома, не магла там не быць і Яўгенія. Але спачатку на сваім падворку разам з суседкамі спляла вялізны вянок з каласоў: у гэты час у полі яшчэ не ўсё жыта было пажата, павезла яго на развітанне з вельмі дарагім чалавекам.
 
— Яшчэ добра помню, як Колас казаў: "Усе мае творы ацэняць пасля смерці". Хіба не гэтак яно сталася? — не столькі вуснамі, колькі вачамі запыталася ў мяне Яўгенія Мікалаеўна. І сама сабе адказала: "Нас не будзе, а Колас будзе жыць".

←На премьере фильма "В тумане" в минском кинотеатре "Октябрь" не было свободных мест

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика