Ад ростаняў да ростаняў

Источник материала:  
«БН» ПРАЦЯГВАЕ своеасаблівую літаратурную вандроўку, якую распачала сёлета ў гонар 130-годдзя нашага выбітнага класіка Якуба КОЛАСА. І цяпер разам з вамі, паважаныя чытачы, перакідваем масток са Стаўбцоўшчыны, дзе ўжо пабывалі, на Піншчыну. Адпраўляемся туды ў падарожжа, каб прайсці сцежкамі знакамітага юбіляра…

Усё пачынаецца… з любві

Чым жа асаблівым вызначыліся гэтыя мясціны ў жыццёвай і творчай біяграфіі народнага паэта? Чым могуць здзівіць турыста? Якімі цікавымі гісторыямі ўразіць? Пуцяводная зорка прывяла Якуба Коласа на Палессе пасля заканчэння ім настаўніцкай семінарыі, калі паэт паехаў туды выкладаць навуку сялянскім дзецям. Сваю працу сціплага вясковага настаўніка Канстанцін Міцкевіч лічыў самай пачэснай і пісаў, што перад ім стаяла адказная задача — «усімі сіламі, усім сэрцам служыць працоўнаму народу». Першыя гады настаўніцтва прайшлі на Палессі ў вёсках Люсіна і Пінкавічы. Калі ў Люсіна, цяпер Ганцавіцкі раён, Колас сумленна адпрацаваў год, павёз дзяцей здаваць іспыты ў Жабчыцы. Настаўнік хваляваўся, але экзамены вучні здалі добра, іх нават хвалілі!..

А шлях паэта ў Пінкавічы пачынаўся з трапяткога і… нешчаслівага кахання.  Хто добра памятае трылогію «На ростанях», успомніць і Ядвісю. У яе вобразе і ўвасоблена дзяўчына, якая паланіла сэрца Якуба Коласа. Але вось бяда: пан не захацеў аддаць сваю дачку за беднага настаўніка, таму адвёз яе ў Навагрудак і аддаў замуж за шляхціца. Вядома, Коласа гэта падзея вельмі засмуціла, ён моцна перажываў, казаў, што «тут больш не магу знаходзіцца, таму што кожная травінка, кожнае дрэўца мне напамінала гэтую дзяўчыну». І папрасіў, каб яго перавялі ў другую мясціну. Яму сказалі: «Паедзеш працаваць у глыб Палесся».

— І калі Канстанцін Міхайлавіч адкрыў карту, то не знайшоў на ёй нашых Пінкавіч. Збянтэжыўся… Са сваім драўляным чамаданчыкам сеў у цягнік, спытаўся ў мужчыны, што сядзеў побач: «Можа, вы ведаеце такую вёску Пінкавічы?» — «Ведаю, не хвалюйцеся. Яна ўсяго за пяць вёрст ад горада Пінска», — распавядае пры сустрэчы ў вёсцы Пінкавічы Пінскага раёна коласазнаўца Ніна Палавец, яна ж — дырэктар Літаратурна-краязнаўчага музея Якуба Коласа, які пасля рэканструкцыі і капітальнага рамонту адкрыў сёння свае дзверы для наведвальнікаў.

Калі ты не паляшук, то ты і не чалавек?!

…Нарэшце Пінск. Канстанціну Міхайлавічу параілі з вакзала ехаць на Каралінскі рынак, зараз у горадзе гэта плошча Леніна. Якуб Колас так і зрабіў. Хадзіў па рынку, падышоў да аднаго мужчыны: «Можа, вы падкажаце, дзе тут ёсць сяляне, якія б давезлі да вёскі Пінкавічы?» Той на яго ўважліва глянуў, моўчкі адвярнуўся і пайшоў. Настаўнік не зразумеў, збянтэжыўся: «Што ж я такога сказаў?» Агледзеў сябе: «Можа, апрануты не так?» І пайшоў далей. А чалавек, якому Колас задаў пытанне, за ім следам пакрочыў, слухаў, пра што незнаёмец з людзьмі гаворыць. І калі пачуў, што гэта прыехаў настаўнік, сам падышоў да Коласа, дапамог знайсці яму возніка і растлумачыў, дзе знаходзіцца вёска Пінкавічы.

— Канстанцін Міхайлавіч старгаваў возніка за рубель і ехаў па брукаванай у той час дарозе ў нашу вёску. Дарэчы, Якуб Колас потым успамінаў, што калі хадзіў у Пінску па рынку, там былі такія ганаровыя палешукі і паляшучкі і так звысоку на ўсіх паглядалі, што, здаецца, калі ты не паляшук, то і не чалавек, — усміхаецца Ніна Рыгораўна.

Так у 1904 годзе пісьменнік прыехаў у Пінкавічы на возе. Калі вознік спыніўся каля будынка народнага вучылішча, ці, як тут кажуць, школы, Канстанцін Міхайлавіч узрадаваўся. Такая прыгожая мясціна! Школа стаяла на ўзгорку паміж двух вёсак, на тым жа месцы, дзе сёння музей. Вакол узвышаліся магутныя дубы, бярозы.  Недалёка — валасное лясніцтва. Побач — рака Піна. Настаўніку тут дужа спадабалася. Ён любіў лясы, балоты, рэкі. З замілаваннем прыроду апісваў у сваіх творах. Пра Прыпяць напісаў: «Спакойна і павольна, як у зачараваным сне, утуліўшыся ў балоты, нясе сухадоламу Дняпру сваю багатую даніну». Канстанцін Міхайлавіч — назіральны чалавек. Дарэчы, рыса, характэрная пісьменнікам. Ён аглядаў пінкаўчан, мясцовасць і казаў: «О, мабыць тут людзі добра жывуць, таму што зямелька тут чорная, ураджайная». А паглядзеў на школу і мовіў: «І ганачак такі прыгожы, што, здаецца, так бы на ім і сядзеў, не сходзіў бы з яго».

— Маладому настаўніку вельмі спадабаліся нашы людзі. Гаспадыні хадзілі ў такіх белых, прыгожых, хоць і даматканых, адзеннях, былі чысцюткія, акуратныя, — распавядаюць у Пінкавічах. 

Першае, што зрабіў малады настаўнік, — пайшоў па вёсцы. Чаму? Бо адкрыў школьны журнал і бачыць: вучацца 35 хлопчыкаў і толькі адна дзяўчынка. Настаўнік заходзіў у хаты, гутарыў з бацькамі, прасіў: «Аддайце ў школу дзяўчынак!» Бацькі паціскалі плячыма: «А навошта ім тая грамата?! Ім трэба ўмець прасці, ткаць, займацца гаспадаркай. А грамата ім не патрэбна». Усё ж такія намаганні настаўніка былі не зусім дарэмнымі. Потым яшчэ адна дзяўчынка прыйшла на вучобу.

Дарэчы, у той час, па няпісаных канонах, якія склаліся, першы візіт настаўнік павінен быў нанесці мясцовым  святару, старасце, але Якуб Колас у першую чаргу пайшоў да сялян. І ў Пінкавічах жылі дзве паненкі, якія ўспаміналі: маўляў, настаўнік Міцкевіч быў з простых людзей, не з інтэлігентаў. Ім не спадабалася, што спачатку ён завітаў не да іх, а да простых вяскоўцаў.

Царскія ўмовы

У будынак народнага вучылішча можна было трапіць праз два ўваходы. Першы вёў у пакой настаўніка, а другі — у класы. У першую змену займаліся меншыя дзеткі, у другую — старэйшыя.

Дык вось, Якуб Колас жыў якраз пры школе — гэта першы пакой у сённяшнім музеі. Экспазіцыя называецца «Сялянская хатка». Зразумела, што тут цэлая калекцыя прадметаў з мінулага. Трэба адзначыць, пакой Канстанціну Міцкевічу дастаўся немаленькі. «Пасля Люсіна ў Пінкавічах у мяне былі царскія ўмовы», — успамінаў сам Якуб Колас.

Пры школе жыла-была і старожка цётка Ганна, ці Ганна Іосіфаўна Снежка. У музеі захаваліся яе ўспаміны. Жанчынка гатавала ежу Канстанціну Міхайлавічу, прыбірала, паліла ў печы ў халодны час, насіла ваду, якую пілі дзеці. Аднойчы, падчас зімовых канікул, настаўнік паехаў дадому і загадаў, каб Ганна Іосіфаўна прыбрала школу. Яна некалькі дзён працавала, як пчолка: старанна бяліла сцены, печы, мыла падлогу. А гразі было шмат, бо дзеці хадзілі ў лапцях. Наносілі яе столькі, што лапатай трэба выграбаць. І вось прыехаў настаўнік у Пінкавічы, паглядзеў на працу Ганны і падзякаваў аж некалькі разоў. Старожка адзначала, што Колас быў добры і спагадлівы чалавек.

Цікавы яшчэ адзін выпадак. У першы дзень заняткаў, якія павінен быў праводзіць Якуб Колас, прыйшла цётка Ганна і сказала: «Дзеткі, сядайце ціхенька за парты, зараз прыйдзе настаўнік». Канстанцін Міхайлавіч зайшоў у клас, пазнаёміўся з дзецьмі, а потым кажа: «Можа, у вас да мяне ёсць якія-небудзь пытанні?» Адзін смялейшы хлопчык падняў руку: «Канстанцін Міхайлавіч, а чаму вы прыйшлі да нас без лінейкі і без указкі?» — «А навошта яны мне?» — «Чым вы нас біць будзеце?» Вось што хвалявала дзяцей.

Канстанцін Міхайлавіч засмяяўся і адказаў: «Калі вы будзеце добра сябе паводзіць,  я вас ніколі не буду ні біць, ні ставіць у кут».

— І гэта было сапраўды так. Якуб Колас ніколі не зневажаў дзяцей, адносіўся спагадліва. Любіў вучняў, і тыя адказвалі яму тым жа, — кажа Ніна Рыгораўна. — Вера Данілаўна, унучка паэта, распавядала мне такія ўспаміны Якуба Коласа. Вясковым дзецям было вельмі цікава паглядзець, як жыве настаўнік, ім здавалася, што ён не такі, як ўсе, незвычайны чалавек.

…Якуб Колас вечарам сядзеў у сваім пакоі і правяраў сшыткі. Нехта пастукаў у шыбу. Настаўнік выглянуў раз — нікога няма. Толькі ўзяўся другі сшытак правяраць — ізноў стук-стук. Якуб Колас ціхенька выйшаў з другога ўвахода, падышоў да дзяцей, якія хаваліся, абняў іх рукамі, як крыламі, і прыгарнуў да сябе: «А, злавіў я вас». Вучні спужаліся: «Ну, — думаюць, — зараз настаўнік нешта нам кепскае зробіць». Але Канстанцін Міхайлавіч запрасіў іх у свой пакой, паказаў, дзе ён жыве, дзе спіць, дзе прымае ежу, дзе сшыткі правярае. І сказаў: «Вы не хавайцеся, не стукайце ў акно, бо мароз, шкло разаб’ецца. Вельмі дорага абыдзецца вашым бацькам яго ўстаўляць. Прыходзьце да мяне так». Напаіў дзяцей гарбатай. І яны пасля таго сталі да настаўніка хадзіць у госці. А яшчэ,  калі прыйшлі дахаты, расказалі аб сваіх прыгодах бацькам. І з таго часу да Коласа не толькі дзеці, але і дарослыя вяскоўцы часта заходзілі.

Алесік з Палесся

У трылогіі «На ростанях» апісаны яшчэ адзін выпадак, які адбыўся на самай справе і добра характарызуе Якуба Коласа.

Вучыўся ў школе хлопчык-сірата Алесік. Ён жыў з дзевяностагадовай сляпой бабуляй, хадзіў брудны, непрычэсаны, з поўнай галавой вошай. Канстанціну Міхайлавічу заўсёды шкада было такіх закінутых дзяцей. І ён аднойчы сказаў: «Алесік, прыйдзі сёння трошкі раней». Хлопчык прыйшоў, Якуб Колас яго пастрыг, памыў. А да гэтага з’ездзіў у Пінск, купіў яму кашульку, паясок. І вось пераапрануў Алесіка, прывёў і пасадзіў у класе. А з гэтым хлопчыкам, бо брудны такі, ніхто не хацеў дзяліць месца за адной партай. І з Алесікам сядзелі два браты Канстанціна Міхайлавіча, бо бацька Якуба Коласа ўжо памёр, і каб неяк дапамагчы сваёй маці, настаўнік забраў у Пінкавічы Юзіка і Міхася. Дык вось, тады былі парты шырокія, за імі змяшчаліся па тры чалавекі. І загадаў старэйшы брат, каб  Юзік з Міхасём сядзелі з Алесікам. У той час ніхто не мог не паслухацца настаўніка!

І вось прыйшлі дзеці на ўрок і пытаюцца ў Якуба Коласа: «Канстанцін Міхайлавіч, а што, у нас новы вучань у класе?» — «Дзе?» — «А вось гэты хлапчук». — «Дзеці, а вы не пазналі? Гэта ж наш Алесік». А той падхапіўся, залез на парту і давай паказваць-хваліцца, якую яму кашульку купіў настаўнік.

— Якуб Колас пасадзіў яго на месца і кажа: «Дзеці, зараз кожную суботу хто-небудзь з вас будзе браць гэтага хлопчыка дахаты, каб ваша маці мыла і яго самога, і яго бялізну, таму што яму няма каму дапамагчы». Пасля гэтага выпадку нашы сяляне вельмі сталі паважаць настаўніка, пабачылі, што ён з простых людзей, любіць дзяцей, — дапаўняе Ніна Палавец.

Па коласаўскіх мясцінах вандравалі

Вера ГНІЛАЗУБ, Павел ЧУЙКО (фота), «БН»

(Працяг будзе.)

←Едем в столицу за лишним билетиком!

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика