“Адкрываючы кнігу – адкрываеш Сусвет”
Фестываль дзіцячага чытання пад такой назвай прайшоў у бібліятэцы сямейнага чытання “Верасок” 5 кастрычніка.
Ён падвёў вынікі шматлікіх конкурсаў і мерапрыемстваў, якія былі праведзеныя на працягу Года кнігі.
Звычайна, калі заходзіш у бібліятэку, здаецца, што трапіў у нейкі іншы свет. Адчуваеш таемную цішыню, нават пахі тут асаблівыя. А вось у дзень правядзення фестывалю ўсё было зусім інакш. Адусюль чуліся дзіцячыя галасы. На калідоры рыхтаваліся да выступлення творчыя калектывы, усе з нецярпеннем чакалі пачатку мерапрыемства.
Сюрпрызам для гледачоў і першым нумарам фестывалю дзіцячага чытання стала выступленне вакальнага ансамбля дзіцячай школы мастацтваў. Затым гледачоў зачаравалі сваім майстэрствам удзельнікі творчых калектываў Палаца культуры Маладзечна.
Галоўнай інтрыгай было ўручэнне прызоў удзельнікам праграмы дзіцячага чытання “Рознакаляровыя старонкі лета”. Каб атрымаць свае прызы, маленькім удзельнікам прыйшлося прайсці праз выпрабаванні, якія падрыхтавалі ім супрацоўнікі бібліятэкі. Нязнайка і Каралева кніг правялі конкурсы, з дапамогай якіх упэўніліся, што канкурсанты сапраўды адукаваныя, начытаныя і разумныя хлопчыкі і дзяўчынкі. Апошнім і самым цяжкім было выпрабаванне Бабы Ягі, але і з ім гледачы справіліся “на выдатна”.
Напрыканцы былі ўзнагароджаныя пераможцы фестывалю, у лік якіх трапілі тыя, хто прачытаў за лета не менш за пятнаццаць кніг на беларускай мове. Напрыклад, у намінацыі “Чытаючая сям’я” былі адзначаныя Вадзім і Віка Свянціцкія, якая прачыталі 54 кнігі.
На фестываль былі запрошаныя госці: творчы калектыў мінскага абласнога тэатра лялек “Батлейка” і тэатральная студыя “Казка” цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Маладзік”. Іх выступленні яшчэ раз паказалі, як патрэбны людзям кнігі і якую значную ролю выконваюць яны ў жыцці.
Дар’я ВАЛЬВАЧОВА, школа журналістыкі “Маладзік”.
Фота забяспечана Наталляй ШУЛЬЖЫЦКАЙ.