Уладзімір Арлоў выдаў кнігу вершаў на беларускай лацінцы
Вечарам 24 верасня ў кнігарні "ЛогвінаЎ" адбылася прэзентацыя новай кнігі Уладзіміра Арлова "Свецяцца вокны, ды нікога за імі", паведамляе БелаПАН.
Дзве часткі кнігі склалі папярэднія паэтычныя зборнікі "Паром праз Ля-Манш" ды "Усё па-ранейшаму, толькі імёны змяніліся". У трэцяй частцы — неапублікаваныя вершы апошніх гадоў.
Акрамя аўтара ў кнігарні выступілі фундатар кнігі Павел Бераговіч ды яе рэдактар — філосаф і літаратар Валянцін Акудовіч.
У кароткай прадмове Уладзімір Арлоў адзначыў: "Бывае так, што збярэшся пісаць раман, раскладзеш перад сабой чыстыя аркушы паперы, а пачнуць пісацца вершы. Так адбылося і ў мяне. Давялося на некалькі гадоў адкласці прозу. Гэты зборнік стане своеасаблівай памяццю пра маё доўгае падарожжа да берагоў прозы".
Пісьменнік патлумачыў прысутным, чаму вырашыў выдаць кнігу на беларускай лацінцы: "Я збіраўся напісаць кнігу толькі лацінаю, без кірыліцы, але Ніна Мацяш мяне адгаварыла. І тады я вырашыў, што выдам зборнік паэзіі, надрукаваны дзвюма версіямі беларускага правапісу: і кірыліцай, і лацінкай. Мне вельмі хочацца, каб беларусы не забыліся на сваю лацінку, на якой былі створаныя многія вялікія творы мастацтва нашымі знакамітымі продкамі".
Афармляў кнігу Генадзь Мацур. Наклад выдання 500 асобнікаў.