Анімацыйны фільм “Будзьма беларусамі!” пераклалі на шведскую мову

Источник материала:  
20.09.2012 12:59 — Новости Культуры


Анімацыйны фільм “Будзьма беларусамі!” цяпер даступны і па-шведску. Аўтары спадзяюцца, што анімацыя стане добрым прыкладам міжкультурных зносінаў паміж краінамі Еўропы, у прывабнай форме расказаўшы жыхарам Швецыі пра Беларусь.

Пераклад тэксту быў зроблены Таццянай Баўдэр і адрэдагаваны Клаўдыяй Сэдэрхольм. Гэта ўжо чацвертая моўная адаптацыя мультфільма (дагэтуль пабачылі свет руская, польская ды англійская версіі).



Таццяна Баўдэр — актыўны прамоўтар беларускай спадчыны ў Швецыі, куратар фестывалю беларускай культуры ў Хельсінборгу. Кіраўнік кампаніі, якая займаецца культурнымі і дзелавымі кантактамі паміж краінамі Скандынавіі і Усходняй Еўропы. Пераклад песні стаў для Таццяны справай гонару, а вынік — чарговай цаглінай у мур культурных стасункаў дзвюх краінаў і ўкладам у міжнароднае жыццё мультфільма, якое ідзе поўным ходам.

Анімацыя толькі што “вярнулася” з японскага фестывалю HIROSHIMA 2012, дзе рэжысёр Юлія Рудзіцкая прадставіла яе бамонду сусветнай анімацыі. Варта адзначыць, што адбор для паказу ў конкурсе прайшлі ўсяго 67 фільмаў з 2600. Прыкладна такім жа па жорсткасці быў і адбор для спецпаказу, дзе анімацыя ганарова прадставіла Беларусь. Фестываль у Хірасіме ўваходзіць у сусветны топ-10 па наведвальнасці і топ-5 па колькасці дэманстраваных стужак сярод фестываляў анімацыі.

Паводле шчырага прызнання Юліі Рудзіцкай, “быць у Хірасіме ў конкурсе і паказах — ужо вялікі гонар і ўзнагарода”. Цяпер анімацыю чакае ўдзел у конкурсах фестываляў Tindirindis (Літва) і Klik! (Нідэрланды) а таксама трансляцыі ў медыяцэнтры фестывалю Cannes Corporate Media & TV Awards (Аўстрыя). Працягваюцца і ратацыі мультфільма ў чацвертым туры кароткіх фільмаў тэлеканала Eurochannel, які вядзе вяшчанне па ўсім свеце.

Міжнародным поспехам мультфільм абавязаны крэатыву рэкламіста Юліі Ляшкевіч, майстэрскай працы Юліі Рудзіцкай, саўндтрэку ў выкананні Аляксандра Памідорава і Лявона Вольскага і зладжанай працы каманды “Будзьма!”.

З 2008 года культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!» спрыяе кансалідацыі беларускага грамадства праз узмацненне нацыянальнай ідэнтычнасці. Аднайменная анімацыя ўпершыню змясціла гісторыю краіны ў 5 хвілін, а таксама нанесла моцны ўдар па стэрэатыпах пра беларускую “памяркоўнасць” і “пачатак гісторыі краіны у 1917 годзе”, стаўшы сапраўднай візітнай карткай Беларусі ў свеце.



←29-го сентября стены нового многоэтажного бизнес-центра "Волна" станут полотнами для лучших граффити-художников Беларуси.

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика