Памёр Уладзімір Пузыня
18.09.2012
—
Новости Культуры
Майстар-рэстаўратар і майстар па вырабу старажытных нацыянальных музычных інструментаў, выканаўца на іх, педагог, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Уладзімір Пузыня адышоў у іншы свет...
Уладзімір Якаўлевіч нарадзіўся 26-га лютага 1940-га году ў вёсачцы Суцін недалёка Талькі на Любаньшчыне. Скончыў школу, працаваў качагарам, потым лякальшчыкам на заводзе. Скончыў музычную семігодку, музычную вучэльню па класу трубы, але хвароба не дазволіла граць на ёй. Уладзімер трапіў у магілёўскую школу мастацтваў па рэстаўрацыі, там вывучыў майстэрства іканапісу. Асвоіў шмат якія духавыя інструменты, выкладаў у дзіцячай музычнай школе, саліраваў у народным аркестры Жыновіча.
У 1970-я гады разам з Уладзімірам Крайко пачаў рабіць дудкі, ліры, зрабіўся майстрам па вырабу і рэстаўраванню беларускіх народных інструментаў, стварыў сваю майстэрню. З 1982-га году Уладзімір Пузыня працаваў у Інстытуце Культуры (цяпер Беларускі Дзяржаўны Універсытэт Культуры) выкладчыкам (пасля старэйшым выкладчыкам) па авалоданні ігрою на беларускіх народных інструментах. Там ён хутка стварыў лабараторыю па адраджэнню і вырабу беларускіх народных інструментаў "Беларуская Хатка". У ёй наладзіў рамонт і выраб унікальных ліраў, дудаў, адрадзіў старажытныя, ужо забытыя, сурму і жалейку, хорум, апісанне якога было толькі ў летапісах і на малюнках. У 1990-м годзе Ўладзімір Пузыня напісаў і выдаў кнігу "Школа ігры на беларускіх народных інструмэнтах", у вялікай меры дзякуючы якой упершыню ў гісторыі музычнага мастацтва беларускія народныя інструменты ўвайшлі ў партытуру опернага сымфанічнага аркестра.
Свой вопыт народны майстра перадаў сыну Алесю, які скончыў Універсытэт Культуры. У пачатку 1990-х гадоў ні адзін значны канцэрт ці якая іншая ўрачыстасьць не праходзілі без удзелу музыкаў Уладзімера і Алеся Пузыняў. Яны заўжды былі ў гушчы культурных і палітычных падзеяў Беларусі.
У 1994-м годзе бацька і сын, каб прадстаўляць Беларусь на фестывалі лірнікаў у Францыі, выправіліся туды за свой кошт. Праз год музыкаў запрасілі з канцэртам у ЗША ў штат Тэхас. Калі ў 1995 годзе крута памянялася палітычная сітуацыя, памяняліся і адносіны кіраўніцтва Універсітэта Культуры да "Беларускай Хаткі". У момант зрабіліся непатрэбнымі не толькі беларуская сімволіка, мова і культура, але і самыя беларусы сталі ізгоямі на ўласнай зямлі. Адразу стаў непатрэбным і Уладзімір Пузыня. Спачатку яму далі працу толькі на палову стаўкі, а потым выправілі на пенсію.
Але і пасля выхаду на пенсію Уладзімір Якаўлевіч працягваў актыўную дзейнасць, даючы канцэрты. І вось ён адышоў...
Светлая памяць, дзядзька Уладзімір! «Народная Воля» выказвае шчырыя спачуванні сваякам. Але і ўсім, каму дарагая беларуская культура, бо мы таксама збяднелі з гэтай стратай.