Паліна РЭСПУБЛІКА: “Мне падабаюцца разумныя мужчыны...”
Некаторыя параўноўваюць яе з Земфірай і Алінай Арловай. У свае 18 гадоў беларуска Паліна Паланейчык з’яўляецца пераможцай фестывалю “Бардаўская восень-2011”. Паліна распавяла “Народнай Волі” не толькі пра тое, як нараджаюцца песні, але і якім мужчынам яна аддае перавагу.
Грашовае пытанне -- не самае галоўнае
-- Паліна, скажы, калі ласка, адкуль такі дзіўна-патрыятычны псеўданім?
-- Гэта даўняя гісторыя. І яна мае дачыненне не да Беларусі, а да Лівана. Некалькі гадоў таму я з сябрамі гуляла па горадзе, і мы праходзілі міма амбасады Лівана. Мая вопратка была тых жа колераў, што і сцяг гэтай краіны. Сябры пажартавалі: маўляў, глядзі, твая рэспубліка! З тых часоў гэтая мянушка і прычапілася...
-- У тваёй сям’і амаль усе сябруюць з музыкай. Твае поспехі -- гэта, можна сказаць, сямейная традыцыя?
-- Мае маці, цётачка, бабуля -- усе спявалі і гралі. Але яны не былі прафесійнымі музыкантамі. Я думаю, што гэта стала добрым бэкграўндам для маёй творчасці. Зараз гэта мой уласны, свядомы выбар. Я ніколі не марыла аб іншай прафесіі.
-- Ты стала даволі папулярнай. Гэта прымусіла цябе неяк змяніцца? І наогул, як ты ставішся да ўвагі?
-- У глабальным сэнсе я не адчуваю папулярнасці. Але пасля “Бардаўскай восені” зразумела, што стала зусім іншым чалавекам. Ці, мабыць, я проста адчула сябе. Жыццё змянілася ў лепшы бок, што меня не можа не радаваць.
-- Памятаеш дзень, калі першы раз узяла ў рукі гітару?
-- У меня дома стаяла старая гітара з паламаным грыфам -- на ёй катаўся малодшы брат. Я спрабавала браць акорды, некаторыя веды ў меня былі, але іграць не атрымлівалася. У 14 год у Крыме да мяне прыйшла першая песня, і я вырашыла, што трэба вяртацца ў Мінск і пачынаць вучыцца граць на гітары. Для меня восень заўсёды з’яўляецца пэўным стартам да той ці іншай дзейнасці.
-- А калі ты адчула, што можаш выступіць перад аўдыторыяй?
-- Так атрымалася, што нават з дзіцячага садка я стаяла на сцэне і нешта спявала. Але гэта не было сур’ёзным заняткам. Іншая справа, калі я пачала вучыцца граць на гітары, пайшлі першыя песні. Шмат чаго змянілася з таго часу, але дагэтуль, бывае, няёмка сябе адчуваю, калі выходжу на сцэну. У мяне ніяк не атрымлівацца перабароць адчуванне, што, калі людзі прыходзяць на канцэрт, яны хочуць паслухаць музыку, а я выходжу на сцэну і мне здаецца: я такая вінаватая перад імі... І гэта адбіваецца на маіх паводзінах. У мяне пакуль непрафесійныя адносіны з музычнай дзейнасцю. Раблю не так, як трэба, а як адчуваю.
-- У цябе нямала сумных, меланхалічных песень. Магчыма, яны пісаліся пад адпаведны настрой?
-- Наадварот, сур’ёзную драму атрымлівалася пісаць, калі на душы было добра і спакойна. Я заўсёды кажу, што талент і ўсё астатняе -- гэта не ад цябе, а ад Бога. Нельга ганарыцца сваімі здольнасцямі. Песні часцей за ўсё нараджаюцца, бо ў мяне ёсць уласны свет, у якім жывуць свае ўласныя жанчыны і мужчыны. Гэта не зусім тое, што можна кантраляваць. Я не магу пісаць песні, калі вельмі хачу гэта зрабіць. Песні -- пэўны стан маёй душы, нейкі цуд, які прыходзіць альбо не прыходзіць. Я разумею, што гэта можа знікнуць...
-- Хто для цябе самы галоўны крытык?
-- (Задумалася.) Звычайна, граю песню маці. Запісваю і запрашаю паслухаць. Калі ёй не падабаецца, я не магу яе спяваць, нават калі потым хто-небудзь паслухае і скажа, што песня добрая.
-- Наколькі для цябе важна, каб творчасць прыносіла не толькі маральнае задавальненне, але і матэрыяльны прыбытак?
-- Пакуль што гэтае пытанне не вельмі вострае. Я жыву з бацькамі і не думаю аб тым, што мне заўтра есці. Але, што ні кажы, прыемна, калі ёсць грошы. Сродкі, якія ў меня былі за мінулы год, я адкладвала і за лета набыла музычныя інструменты. Калі пачынаеш нешта рабіць, абавязкова з’яўляюцца незапланаваныя затраты. Але грашовае пытанне для меня зараз не самае галоўнае...
Калі ўсё ёсць, хвалюе толькі курсе валюты
-- У гэтым годзе ты збіраешся выпусціць два альбомы...
-- Хочацца гэта зрабіць. І нешта робіцца, але не так хутка, як хацелася б. Думала да восені паспець, але лета так хутка скончылася...
--У адным з інтэрв’ю ты сказала: “Не хачу ўсё жыццё праспяваць у дуэце з гітарай. Таму буду адгукацца на прапановы, якія палічу цікавымі “. А якая форма выканання цябе б задаволіла?
-- Адносіны з музыкантамі – вельмі высокі духоўны ўзровень. Для мяне адносіны музычныя больш складаныя, чым паміж мужчынай і жанчынай. Зараз ёсць ідэі, буду спрабаваць, ва ўсіх эксперыментах ёсць сэнс. Канешне, хацелася б вазіць свой міні-аркестр, але пакуль не атрымліваецца. (Смяецца.) Усё яшчэ наперадзе.
-- Ты магла б ахвяраваць сваёй творчасцю дзеля кахання?
-- Усё ў жыцці адносна. Гэтыя пачуцці аднаго колеру. Калі ў маім жыцці шмат творчасці, мне складана кахаць. А каханне -- там таксама трэба аддаваць сябе...
-- І як складваліся справы на асабістым фронце?
-- Калі мне хтосьці падабаўся, я не чакала нічога, прыходзіла і казала: “Слухай, такая справа: ты мне падабаешся, я не ведаю, што з гэтым рабіць, давай думаць разам” (Смяецца.) Канешне, такі напор не ўсім падабаўся. Але, напэўна, гэта было ўсё па-дзіцячаму. Для мяне каханне -- гэта ўчынкі, адносіны...
-- Ці занята зараз сэрца Паліны?
-- Ну хто ж жыве з пустым сэрцам? (Усміхаецца.)
-- Якімі якасцямі, на твой погляд, павіне валодаць сапраўдны мужчына?
-- Мне падабаюцца разумныя мужчыны...
-- У адной вядомай песеньцы сцвярджалася, што жаночае шчасце-- быў бы каханы побач...
-- Сям’я -- жаночае шчасце. Мне падабаецца шмат часу праводзіць з сям’ёй. У гэтым сэнсе я шчаслівы чалавек.
-- Паліна, калі б ты злавіла залатую рыбку, якое жаданне агучыла б ёй?
-- Каб родныя і блізкія людзі былі жывы-здаровы. Няма больш чаго прасіць. Жыццё мяне не крыўдзіць. Нават у залатой рыбкі можна папрасіць штосьці, а потым усё стане такім непатрэбным. Таму нічога не прасіла б… Ну, можа, толькі стабільны курс валюты (смяецца).
Візітоўка
Паліна Паланейчык (Паліна Рэспубліка) нарадзілася ў Мінску. Аўтар і выканаўца песень.