Алег Хаменка: «Камяніца» — гэта фестываль тых, хто транслюе беларускасць
15 верасня на тэрыторыі музея народнай архітэктуры і побыту пад Мінскам адбудзецца фолк-фестываль "Камяніца". У ім возьмуць удзел гурты "Іван Купала", "Ліцвіны", "Юр`я", "Крамбамбуля", FolkRoll, Pawa, Re1ikt, Irdorath, Silver Sky, а таксама Наста Някрасава. У гэтым годзе ўпершыню ў дадатак да асноўнай прафесійнай сцэны ў межах свята будзе працаваць сцэна для аматарскіх калектываў.
Як паведаміла 5 верасня на прэс-канферэнцыі ў Мінску дырэктар музея Святлана Лакотка, летась фестываль адзначаўся вялікай колькасцю наведвальнікаў у параўнанні з папярэднімі гадамі. Дзякуючы гэтаму на рахунак музея паступілі звыш 40 мільёнаў рублёў пазабюджэтных сродкаў. Яны былі накіраваны на выкананне работ па рэстаўрацыі помнікаў.
"Камяніца" — гэта, бадай, адзіны фэст, дзе будзе працаваць вялікая дзіцячая сцэна, — адзначыла спявачка, куратар аматарскай сцэны фестывалю Руся. — Гэта, мне падаецца, можа стаць добрым пачаткам для таго, каб у дзетак загарэўся імпэт пасля заканчэння дзіцячага садка ці музычнай школы і далей займацца гэтым. Бо, адчуўшы сябе на сцэне, на дарослым фестывалі, яны, пэўна, адчуюць, што здольны нешта рабіць у гэтай сферы".
Руся паведаміла, што заявак на ўдзел у фестывалі прыйшло даволі шмат — у спісе 14 толькі дзіцячых гуртоў, з якіх усяго чатыры з Мінска.
"Гэты фестываль — ужо чацвёрты, — нагадаў вядучы і мастацкі кансультант фестывалю Алег Хаменка. — Галоўных мэтаў мы дамагліся, і цяпер ужо можна агучыць стратэгію "Камяніцы". Фестываль прадстаўляе не носьбітаў нацыянальных традыцый, як мы імкнуліся раней, а іх сучасных транслятараў. Якіх сёння багата, але якія самі не разумеюць, што яны сапраўды транслююць беларускасць ці новыя традыцыі фальклору ў першапачатковым разуменні гэтага слова, сённяшнюю народную мудрасць".
Фолк-фестываль "Камяніца" заснаваны ў 2009 годзе. Яго галоўныя мэты — прапаганда традыцыйнай культуры і дапамога музею, на тэрыторыі якога знаходзіцца ўнікальная калекцыя аўтэнтычнай беларускай драўлянай архітэктуры XVIII—XX стагоддзяў. //BelaPAN
Відэа Сяргея САЦЮКА