У Горках больш няма дома Гарэцкага
04.09.2012 18:33
—
Новости Культуры
У Горках больш няма дома Гарэцкага
У райцэнтры Горкі, што на Магілёўшчыне, разбурылі дом, у якім у дваццатых гадах мінулага стагодзьдзя жыў літаратар і грамадзкі дзяяч Максім Гарэцкі.
На працягу васьмі месяцаў мясцовыя рупліўцы беларускай культуры спрабавалі бараніць гэты будынак. Райвыканкам заявіў, што дом аварыйны, а рамантаваць яго немэтазгодна.
Бурыць дом Гарэцкага на вуліцы Агранамічнай пачалі яшчэ на мінулым тыдні. У нядзелю ад яго застаўся толькі будаўнічы друз і адна драўляная сьцяна. Будынак ламалі экскаватарамі й маніпулятарам лесавоза, які адвозіў драўлянае ламачча на сметнік. Будаўнікі кажуць, што на вызваленым месцы пракладуць дарогу да амфітэатру, дзе адбудзецца адкрыцьцё "Дажынак". Куды падзелася са сьцяны шыльда з апісаннем, хто ў доме жыў, будаўнікі не ведаюць.
За тым, як бураць дом, час ад часу прыходзілі паназіраць жыхары райцэнтру. Адна з іх — спадарыня Лідзія:
"Гляджу й плакаць хачу. Як можна так бяздумна ўсё руйнаваць? Жыў жа тут Гарэцкі. Мне вельмі шкада, што ў нас не застаецца помнікаў. Так вось адным махам зруйнаваць! Я чытала, што будзе пакой, прысьвечаны Гарэцкаму. Ці вось дастаткова гэтага?"
Да гутаркі далучыўся й малады чалавек:
"Шчыра кажучы, я ня ведаю, чаму менавіта яго вырашылі зьнесьці. Ці так каму ён муляў. Ці, можа, тут новае што хочуць пабудаваць".
Аднаго з абаронцаў дома Гарэцкага, кандыдата гістарычных навук Аляксандра Каданчыка навіна пра разбурэнне будынка не здзівіла:
"У мяне тлела іскрынка надзеі, што ўлада апамятаюцца й знойдуць іншы варыянт. Цяпер роспач такая надышла… Я думаю, што на гэтым месцы зьявіцца таблічка, што на гэтым месцы стаяў дом, у якім жылі выдатныя, славутыя людзі. І добра, каб было напісана, што вялікая заслуга ў тым, што гэты дом зруйнаваны, належыць беларускай уладзе".
За час падрыхтоўкі Горак да "Дажынак" зруйнавалі ня толькі дом, у якім жыў Гарэцкі, а й яшчэ некалькі старых будынкаў непадалёк ад яго — на вуліцы Ціміразева. Некаторыя дамы абязлюдзелі — жыхароў адсялілі. Амаль усім адсяленцам далі кватэры ў двух панэльных пяціпавярховіках на ўскрайку сельгасакадэміі.
Ці шкадуюць людзі пра зруйнаваныя дамы?
Спадар сталага веку: "Вядома, шкада. Там жа мы нарадзіліся, выраслі. Вядома, новыя кватэры — гэта добра, але ж гэтыя дамы страх як недабудаваныя. Нас перасялялі на працягу нейкіх двух тыдняў".
Спадар: "У тых дамах мая бабуля яшчэ жыла. Калі памерла, то ў спадчыну засталося. Праяжджаеш там — нешта такое ў душы ёкае. Там будзе зялёная зона".
Спадарыня: "Дужа шкада тых дамоў. Там ёсьць чым дыхаць. Там возера, там прырода. Навошта іх руйнаваць? Дамы ж крэпкія яшчэ. Іх не параўнаць з гэтымі дамамі".
Дамы, якім выпала ацалець, збіраюцца рамантаваць. У іх разьмесцяць установы культуры.
Адзін з іх — на вуліцы Мічурына. Былая жыхарка заяўляе:
"Сказалі, што будзе там музей ці карцінная галерэя. Але ж мы думаем, што ў гэтым доме будзе элітнае жытло для высокапастаўленых чыноў. Як толькі гэты дом увядуць у жылы фонд, мы будзем падаваць у суд. Мы ня супраць вярнуцца назад і жыць у тым найпрыгажэйшым месцы".
Да адкрыцця "Дажынак" засталося дзесяць дзён. На месцы зруйнаваных дамоў — рудыя зямельныя пляміны з кавалкамі нявывезенага будаўнічага друзу.