«Адсюль твой пачатак і тут твой працяг...»
Але справа ўсяго яго жыцця, дзякуючы якой ён стаў знакамітым, безумоўна, выяўленчае мастацтва, прычым у розных яго галінах. Яшчэ ў маладосці ён стварыў шэраг графічных замалёвак як вядомых, так і малавядомых помнікаў беларускай архітэктуры. Ствараў партрэтныя барэльефы родных і сяброў. У сталым узросце зацікавіўся тэмай космасу, якую развіў у сваёй творчасці. Вядомыя яго творы — “Сустрэча вясны на Сатурне”, “Космас”, “Жыццё на Месяцы”, “На адваротным баку Месяца” і іншыя. За вывучэнне тэмы космасу яго нават называюць беларускім Цыялкоўскім.
Нарадзіўся Язэп Нарцызавіч у 1888 годзе ў засценку Пунькі Дзісненскага павета (зараз Глыбоцкі раён) у сям’і збяднелага шляхціца. Бацька памёр, калі Язэпу было ўсяго два гады. Яго і яшчэ пяцёра братоў выхоўвала маці Юзэфа. Ім часта прыходзілася пераязджаць з месца на месца, арандуючы зямлю, і хлопцам прыйшлося рана пасталець.
Але, нягледзячы на адсутнасць грошай, у сям’і шмат увагі надавалася адукацыі. Язэп спачатку займаўся ў прыватнай настаўніцы, потым у Дзісненскай гімназіі, пасля скончыў Віленскую школу малявання, у час службы ў войску вывучыўся на фельчара.
Пасля Першай сусветнай вайны, у час якой служыў на Заходнім фронце, Язэп Драздовіч з-за хваробы пакідае войска. У гэты перыяд ён цікавіцца публіцыстыкай і піша для «Нашай нівы» артыкулы пра сельскую гаспадарку, жыццё і працу хлебаробаў.
Пасля рэвалюцыі прыязджае ў Мінск. Працуе дэкаратарам у тэатрах, выкладае малюнак у гімназіях, ілюструе часопісы. Але яго вабіць малая радзіма. Нягледзячы на тое, што беларусу ў тыя часы нялёгка было прабіцца ці нават проста зарабіць сабе на хлеб у Польшчы, Драздовіч усё ж вяртаецца на Глыбоччыну. Ён разварочвае шырокую культурна-асветніцкую дзейнасць, што, вядома ж, у панскія часы не магло прынесці яму ні грошай, ні павагі ад улады.
Пра той перыяд яго жыцця мне расказвае жыхарка вёскі Загор’е Валянціна Павульская, у той час Пачопка, — дачка вядомага беларускага агранома, публіцыста і грамадскага дзеяча Янкі (Івана) Пачопкі. Валянціне Павульскай ідзе ўжо дзевяноста другі год. Усё сваё жыццё яна правяла на Глыбоччыне. Працавала аграномам у калгасе “Герой працы”.
— Наша знаёмства адбылося, калі я была яшчэ зусім дзяўчынкай, але добра ўсё памятаю. Тады мой бацька вымушаны быў вярнуцца з Варшавы, дзе рэдагаваў часопіс «Праваслаўны беларус». Яны з Язэпам Драздовічам ужо ведалі адзін аднаго, а тут сустрэліся на радзіме і пасябравалі. Да іх далучыўся яшчэ беларускі паэт Міхась Машара, таксама з нашай ваколіцы. Вось так у маёй роднай вёсцы Летнікі стварылася невялікае беларускае гняздзечка, — расказвае яна.
Нягледзячы на тое, што грошай у Драздовіча было небагата, ён, узгадвае Валянціна Іванаўна, заўсёды быў акуратны, элегантна і нават франтавата апрануты: белы касцюм, у руках нязменны кій, зроблены ім самім са знойдзенага ў лесе кораня, — аголеная жаночая постаць.
Ды і наогул ён быў мужчына прыгожы, высокі, станісты — бачна яго было здалёк, і ўвагу ён прыцягваў. Але ці была ў яго каханая дзяўчына, Валянціна Іванаўна не ведае:
— Ён халасцякаваў, і ўсё смяяўся, абдымаючы мяне: «Вось мая дзяўчына, не чапайце яе!» Можа, хто і быў у яго, калі ён жыў у Вільні ці ў Мінску, але ў нашых мясцінах, думаю, не было ў яго каханай.
Так атрымалася, што амаль увесь час, пакуль Глыбоччына была польскай тэрыторыяй, Язэпу Драздовічу прыходзілася працаваць тут літаральна за хлеб. Ён хадзіў па вёсках і размалёўваў дываны. На палатне, пафарбаваным у чорны колер, з’яўляліся прыгожыя пейзажы, кветкі, дрэвы, птушкі. Гэта называлася «маляваць дзеўкам дываны» — для бедных сялян такі дыван быў адзінай магчымасцю неяк аздобіць свой быт, а таксама самым даступным пасагам для дзяўчыны, якая выходзіць замуж.
— Дзядзька Язэп бываў у нас вельмі часта, — узгадвае Валянціна Іванаўна. — Ягоныя браты жылі непадалёк, але беднавата. Мы таксама багацеямі не былі, і таксама самымымі прыгожымі і каштоўнымі рэчамі ў нас былі карціны і дываны Драздовіча. Але з маім бацькам іх характары супадалі, ён казаў заўсёды: «Іду да Янкі душой адпачыць». Ды і хата ў нас была вялікая, на сцяне лёгка можна было расцягнуть палатно для дывана. Так што многія свае творы Драздовіч у нас маляваў. Мой бацька, хаця і не мастак, але ж здольны быў чалавек — таксама раз-пораз станавіўся побач — маляваць. А я назірала. Кожны малюнак на дыване Драздовіча быў адметны, непадобны на папярэдні. Некаторыя ж малявалі па трафарэтах, але Драздовіч ніколі да такога не апускаўся. Вельмі ён любіў прыроду, і любіў яе маляваць. Аднак у асноўным яго карціны былі своеасаблівыя: незвычайныя будынкі, расліны, дзіўныя людзі… Мяне яны вельмі цікавілі, і я пра кожную пыталася: а што тут намалявана, а што тут? А ён адказваў: «Гэта хрэн на месяцы расце, гэта горад на Сатурне, а гэта — жыхары Марса…»
Язэпа Драздовіча, нягледзячы на яго адукаванасць і талент, лічылі дзіваком. І то праўда: ніхто тады пра космас і не чуў нават, а ён не толькі ўвёў тэму космасу ў сваю творчасць (дарэчы, першым у Беларусі і адным з першых у свеце), не толькі вывучаў гэтую тэму, прачытаўшы ўсе перакладзеныя на той час сусветныя працы, але і сам спрабаваў разважаць на гэты конт і нават стварыў уласную тэорыю адносна паходжання планет Сонечнай сістэмы. Ён назіраў за зорамі ў тэлескоп, рабіў чарцяжы руху нябесных целаў і замалёўкі шматступенчатых касмічных апаратаў (!), пісаў працы па астраноміі, артыкулы пра існаванне жыцця на іншых планетах Сонечнай сістэмы: «Нябесныя бегі», «Тэорыя рухаў», «Аб паходжанні падвойных зорак», «Паходжанне самакрутных планет». Дарэчы, «Паходжанне самакрутных планет» Драздовіч даслаў у Дзяржаўны астранамічны інстытут, а таксама ў Акадэмію навук БССР, але там асабліва разбірацца не сталі і проста высмеялі астранома-аматара. Хаця сёння спецыялісты кажуць, што адна з яго тэорый вельмі падобная да сённяшняй тэорыі чорнай матэрыі.
А яшчэ ён бываў на іншых планетах… у сне. А пасля абавязкова занатоўваў ці замалёўваў убачанае ў гэтых «падарожжах».
— Ен казаў вельмі ж дзіўныя і незразумелыя рэчы, і карціны ягоныя былі незразумелыя. Але сёння, калі мы шмат ведаем пра космас, гэта ўжо не так усё дзіўна. Так што ён неяк апярэдзіў свой час. Цікавасць да космасу ў людзях стала праяўляцца значна пазней. А тады яго цяжка было зразумець. Бывала, начуе ў нас, прачнецца, а бацька пытаецца: «Ну, што ты на гэты раз бачыў у сне?» Той і пачынае расказваць-распісваць усялякія дзівосы, а бацька засмяецца, махне рукой: «Не хлусі!» А то і больш моцнае слаўцо ўверне, — смяецца Валянціна Павульская.
Дарэчы, у сне Язэп Драздовіч бачыў не толькі іншыя планеты. Ён, кажуць, меў дар прадбачання. Існуюць звесткі, што аднойчы ў 1923 годзе ў сне ён убачыў страшэнны землятрус, а побач незразумелыя ўсходнія іерогліфы. Па сваёй звычцы, ён запісаў пра ўсё ўбачанае ў сшытак, а праз тры дні з газет даведаўся пра землятрус у Японіі. А за год да гэтага яму прысніўся землятрус, што адбыўся ў Паўднёвай Амерыцы.
Вялікую цікавасць для спеціялістаў можа прадстаўляць дзейнасць Драздовіча і як археолага. Ён стварыў не адну археалагічную калекцыю, займаючыся раскопкамі замчышч у Наваградку, Лідзе, Вільні, Крэве, Гальшанах, Міры. Кожную сваю знаходку ён падрабязна апісваў і замалёўваў. У той жа час збіраў фальклор, ствараў замалёўкі прадметаў матэрыяльнай культуры, архітэктуры, тыпажоў сялян. На жаль, пакуль гэты бок яго дзейнасці падрабязна не даследаваны.
Памёр Язэп Драздовіч у 1954 годзе. Кажуць, яго падабралі на дарозе ў моцны мароз мясцовыя сяляне — ён упаў у снег і страціў прытомнасць, прывезлі яго ў бальніцу, дзе праз некалькі дзён яго не стала…
— Творчасцю Драздовіча доўгі час пасля яго смерці ніхто не цікавіўся, — расказвае Валянціна Павульская. — У нас жа тады было вельмі шмат яго рэчаў: і замалёўкі, і дываны, і карціны, і навуковыя запісы, і чамаданы з археалагічнымі знаходкамі. Памятаю зялёны сундучок, вельмі прыгожы, аздоблены ягонай манаграмай — Я. Д. Пасля таго як яго імя зноў стала «на слыху», усё гэта было аддадзена ў музеі.
Зараз спадчына Язэпа Драздовіча вывучаецца навукоўцамі, яго творы можна ўбачыць у музеях. А памяць яго шануецца не толькі на Глыбоччыне, дзе недалёка ад яго роднай вёскі Пунькі ўсталяваны помнік выдатнаму беларускаму мастаку, навукоўцу і проста дзіваку Язэпу Драздовічу…
Юлія БАЛЬШАКОВА, «БН»
Фота аўтара і з архіва Валянціны ПАВУЛЬСКАЙ
(Заканчэнне ў наступным нумары.)