«Спецыяльна на свята ў Ляскавічы вязём новую песню»
— Міхаіл Паўлавіч, калі арганізоўваўся фестываль, то ў першую чаргу ставілася мэта захаваць этнічнае багацце палешукоў. Ці слушная гэта задача?
— Безумоўна, наш калектыў таксама ўсім сэрцам падтрымлівае гэты фестываль. Як і яго прызначэнне — захаваць і прымножыць этнакультурныя традыцыі палешукоў, іх самабытнасць. І тое, што фэст атрымаў статус міжнароднага, толькі яшчэ раз падкрэслівае яго значнасць і неабходнасць. Дарэчы, наша місія таксама падобная — захоўваць скарбы роднай зямлі. Гэта наша духоўная гісторыя, святыня, карані. А тое, што ўсё гэта робіцца на фоне ўсеагульнага культурнага «гнюса» (я маю на ўвазе масавую поп-культуру), яшчэ раз падкрэслівае своечасовасць і неабходнасць «Зова Полесья».
— Як вы лічыце, ці правільна выбрана месца для фэсту?
— Ну дзе ж вы знойдзеце больш багаты і таленавіты край, чым Палессе! Колькі тут рамеснікаў, музыкаў. А якая прырода! Гэта вам заяўляю як самы глыбокі — тураўскі — паляшук. Я нарадзіўся і жыў у вёсцы Тонеж — гэта былы Тураўскі, а зараз Лельчыцкі раён. Нас у сям’і ўсяго пяць братоў. Лёс усіх далёка раскідаў: двое жывуць зараз у Пецярбурзе, трэці — у Еўпаторыі, чацвёрты — у Калінкавічах. Але ўсё ж такі даволі часта прыязджаем у родную старонку на Пасху ды іншыя святы. Палескі край проста так не адпускае!
— Вы кажаце, што даволі часта бываецце на Гомельшчыне. Скажыце, як змяняецца гэты рэгіён, на ваш погляд?
— Бачу, што шмат увагі надаецца гэтаму краю. Таму Гомельшчына і змяняецца ў лепшы бок. Самае добрае, што з’яўляецца вытворчасць, напрыклад, будуецца калійны камбінат у Петрыкаве. Такія прадпрыемствы даюць людзям надзейную будучыню, тым больш што Палессе — зямля, багатая на прыродныя выкапні. Развіваецца турыстычная галіна. Праўда, самому мне яшчэ ніколі не давялося адпачыць у палескай аграсядзібе, але ўсіх запрашаю. Якія ў нас прыгожыя мясціны — некранутая прырода, рачулкі, азёры, векавыя сосны, дубы, бярозы. А колькі грыбоў і ягад у лесе! Хоць сам у гэтым годзе і не збіраў, але пакаштаваць давялося — прывезлі гасцінец з радзімы. Да Чарнобылю гэта быў проста казачны край. Дасць бог, зусім «выветрыцца» гэтая радыяцыя…
— Ваш калектыў, можна сказаць, стаў пастаянным удзельнікам «Зова Полесья». А якую праграму вы прапануеце палешукам сёлета?
— Усе кампазіцыі, іх мелодыка, тэксты — народныя, толькі крыху ўпрыгожаныя, у харавой ды аркестравай «аправе». Увогуле, народная музычная творчасць па сваёй прыродзе сінтэтычная: арганічнае зліццё песні, танца і музыкі. Таксама ў нас ёсць і новыя песні, прысвечаныя сучаснасці. Вось, напрыклад, спецыяльна на ляскавіцкае этнасвята вязём новую песню беларускага кампазітара Міхаіла Вайцяхоўскага. Ён, дарэчы, сам паляшук, толькі брэсцкі — родам з Лунінца. А яго песня, якую мы выканаем, называецца «Спявай, маё Палессе». Гэта светлая мажорная кампазіцыя, якая апавядае пра адраджэнне вёскі, пра тое, каб яна мацнела, быццам горад.
— А вось цікава, ці ёсць у рэпертуары вашага калектыву народныя паляшуцкія кампазіцыі?
— Так, ёсць. Напрыклад, вясёлая кампазіцыя-танец, якая так і называецца: «Дзяўчына з Палесся». Праз пластыку танцорка расказвае пра вясёлую сімпатычную паляшучку, якая заляцаецца адразу да трох хлопцаў, і ў выніку ўсе трое падаюць, а яна ідзе далей… Вось такая гумарэска. Ці таксама паляшуцкая песня «У полі туманочак» — яе выконвае наш жаночы хор. Усе гэтыя ды іншыя кампазіцыі з задавальненнем выканаем у жніўні на свяце.
— Дзякуй, Міхаіл Паўлавіч! Творчых поспехаў вам і вашаму калектыву! Да сустрэчы ў Ляскавічах!
Гутарыла
Надзея БУТОВІЧ, «БН»
Фота Мікалая ВАЛЫНЦА