Спачатку – баян, потым клавішныя, а зараз – кларнет
— Калі маленькая была, мяне ў прыродзе ўсё цікавіла. Як верабей свішча, салавей спявае. Чаму таполя так шуміць, а бяроза інакш. Дык я брала берду і спрабавала пераймаць іх гукі. Вельмі любіла музыку. Ушчамлюся ў машыну, у якой бабулькі на працу ў калгас едуць, і слухаю, як яны спяваюць. А ў восьмым класе мы з маці паехалі на базар вішні прадаваць, і ўпрасіла я маці купіць мне гармонік, — расказвае Паліна Паўлаўна.
Пасля, ужо ў Магілёўскім культасветвучылішчы, яна засвоіла баян, у сталым узросце — клавішныя. Зараз падумвае над тым, каб навучыцца граць на дзедавым кларнеце, які захоўвае дома, — вельмі прывабна ён гучыць.
Яе непадробная любоў да творчасці, захапленне культурнымі здабыткамі Беларусі не могуць не ўражваць! Мабыць, таму ў «Бярозаўскіх пералівах» удзельнічаюць не толькі сталыя людзі, але і моладзь.
— Імкнуся прывіваць любоў да народнай музыкі моладзі, асабліва дзеткам. Яны любяць і «Рэчаньку» танцаваць, і «Падыспань». А самае галоўнае для мяне, ведаеце што? Не прапусціць дзетак, калі яны маленькія да мяне прыходзяць, каб таленты іх вызначыць. Я ім даю берду — шумавы інструмент, які робіцца з часткі ткацкага станка — праз яго звычайна ніці прапускаюцца. Калі дзіця прадудзіць пэўную мелодыю, рытм — значыць, ёсць здольнасці.
— А што больш любіце: граць або песні спяваць?
— І песня, і гармонік — душа народа. Кажуць так: «Я гармонікам зайграю — птушка ў садзе запяе. А як песню заспяваю — жаль вам душу ўскалыхне». Так што яны адно без аднаго існаваць не могуць…
Ёсць у Паліны Паўлаўны яшчэ адна мара: нарэшце сістэматызаваць увесь назапашаны ёю фальклорны матэрыял. Усе цікавыя абрады, песні, казкі, прымаўкі, загадкі, прыпеўкі яна запісвае на магнітафон, відэа, а то і ў звычайны сшытак. За гады назбіралася шмат, але не ўсё ўваходзіць у канцэртную праграму калектыву. «Але ж гэта такі скарб! Нельга, каб ён проста так ляжаў. Яго людзі павінны чуць, бачыць і радавацца», — кажа Паліна Паўлаўна.
На здымку: Вячаслаў ШАДРЫН, Паліна і Пётр ЛАПАЦІКІ.
Юлія БАЛЬШАКОВА, «БН»
Фота Мікалая БАРЫСЕНКА