Гучаць пазыўныя «Зова Полесья»
— Народныя майстры, запрошаныя з Гомельскай і Брэсцкай абласцей, ствараюць драўляныя кампазіцыі, скульптуры, якія ў час фестывалю ўстановяць у Нацыянальным парку «Прыпяцкі», — паведаміла «БН» начальнік аддзела турызму Нацыянальнага парка «Прыпяцкі» Алена Андык. — Творы мастацтва ўпрыгожаць тэрыторыю, якая прылягае ў тым ліку і да нашага Музея прыроды. Яго афіцыйнае адкрыццё, дарэчы, запланавана на 25 жніўня. Гэта наш новы турыстычны аб’ект. Там жа пройдуць майстар-класы народных майстроў, прэзентацыя праграмы фільмаў «Вянок Палесся пра наш самабытны край».
Сёння ў Ляскавічах адкрыецца этнаграфічны лагер «Летнік на Петрыкаўшчыне». Ён збярэ моладзь Палесся, якая пад кіраўніцтвам даследчыкаў наведае як мага больш вёсак Петрыкаўскага раёна з тым, каб запісаць захаваныя да сёння ўзоры народнага фальклору — паданні, быліны, песні. Увесь гэты матэрыял потым будзе расшыфраваны і ўведзены не толькі ў навуковы, але і ў паўсядзённы грамадскі ўжытак.
У пятніцу, 24 жніўня, у аграгарадку пройдзе міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Традыцыйная культура Палесся і сучасны свет» — пры дапамозе вядучых спецыялістаў, якія займаюцца вывучэннем гэтага рэгіёна, яго ўнікальнасці.
Агранізатары фестывалю «Зов Полесья» робяць стаўку ў канцэпцыі фэсту і на павелічэнне попыту і развіццё турыстычнай інфраструктуры. Таму ў Нацыянальным парку «Прыпяцкі» падчас правядзення фестывалю этнакультурных традыцый пройдзе тэматычны «круглы стол», які збярэ кіраўнікоў вядучых турыстычных фірмаў і арганізацый краіны, а таксама прадстаўнікоў зацікаўленых міністэрстваў і ведамстваў. На ім будуць прэзентаваны турыстычныя магчымасці Палескага рэгіёна.
Таццяна УСКОВА, «БН»