КУЛЬТПОШУК. Яўгенія Жуковіч: «Калі я не буду здымацца, па сценах буду поўзаць!»
Яўгенія Жуковіч з дзяцінства хацела быць толькі актрысай. Трохгадовая Жэня паказвала на тэлевізар і даводзіла бацькам, што хоча туды. На пытанне: «А як ты ўлезеш у тэлевізар» у маленькай Жэні не было адказу. Але жаданне ад гэтага не знікала. І нават не меншала. Вельмі карцела дзяўчынцы, каб яе на экране паказвалі. Хацелася быць, напрыклад, Алай Пугачовай…
Але стала Жэня вядучай актрысай Тэатру беларускай арміі. Шмат здымаецца ў кіно: на яе рахунку — больш за трыццаць роляў! Разам з мужам гадуе двухгадовага сына Глеба, які ўжо зараз лічыць да пяцідзесяці па-руску і да дзесяці па-англійску.
Яўгенія Жуковіч. Актрыса. Нарадзілася ў сям’і беларускага паэта Васіля Жуковіча. З 1999 года працавала ў ТЮГу, у тэатры «Беларускія сезоны», у Новым драматычным тэатры. Зараз — актрыса Драматычнага тэатра Беларускай арміі. Здымалася ў фільмах і серыялах: «Закон» (2002), «Леди на день» (2002), «Анастасия Слуцкая» (2003), «В июне 41-го» (2003), «Небо и земля» (2004), «Фабрика грез» (2004), «Мужчины не плачут» (2004), «Вызов», «Вызов 2» (2006), «Ермоловы» (2008), «Вольф Мессинг: Видевший сквозь время» (2009), «Тропинка вдоль реки» (2011) і іншых. У 2006 годзе атрымала Прыз Саюза тэатральных дзеячоў Беларусі «Крышталёвая кветка» за ролю ў спектаклі ДТБА «Не пакідай мяне» |
Сястра-футбаліст і дырэктар-вярблюд
Калі Жэня была маленькая, яна не толькі хацела «ў тэлевізар», але шмат фантазіравала і прыдумляла. Гэтаму спрыяла выхаванне — бацькі чыталі дачцэ добрыя кнігі, вадзілі ў гурткі, у музычную школу… А брат Яўгеніі, старэйшы за яе на адзінаццаць гадоў, прыдумляў разам з сястрычкай цікавыя забаўкі. Смеючыся, Яўгенія прыгадвае гульню «Папрыгунчык», якую з дастаткова нецікавай і аднастайнай яны з братам ператварылі ў… футбол! «У нас былі каманды. Блакітныя фішкі — «Спартак», белыя — «Дынама-Мінск»… Паміж футбольнымі клубамі праводзіліся спаборніцтвы. Кубае УЕФА, напрыклад», — прыгадвае Яўгенія. Да Жэні з братам далучаліся суседзі, таксама брат з сястрой. Калі праігрывала Жэня, то ёй ад брата пасля «турніру» моцна перападала. У суседзяў была тая самая сітуацыя: брат сяброўкі-суседкі вельмі сварыўся, калі сястра-»футбаліст» саступала суперніку.
Яшчэ адна гульня з дзяцінства запомнілася асабліва. Былі ў Жэні з братам фігуркі розных жывёлак і прыдумалася цікавая ролевая забаўка: кожная жывёлка мела сваю пасаду. Калі гралі ў школу, то вярблюд быў дырэктарам, а бегемотыха — настаўніцай… Чаму дырэктар — вярблюд? Гэта вырашаў брат, якому тады было 17 гадоў, і ён браў на сябе такія складаныя пытанні, сыходзячы з жыццёвага досведу. Брат жа веў дзённікі за вучняў зайцаў і ваўкоў, ад імя настаўніцы-бегемотыхі пісаў заўвагі…
Яўгенія гаворыць, што старэйшы брат настолькі шмат часу бавіў у гульнях з ёй, што нагуляўся на ўсё жыццё наперад. Са сваімі трыма дзецьмі ён ужо не гуляецца так, як некалі з сястрычкай.
«Я была галоўным белым мустангам!»
Да сваёй мары быць у тэлевізары Яўгенія ішла паступова і настойліва. У 8-9 гадоў яна наведвала дзіцячую студыю пры Беларусьфільме. Дзяцей там займалі ў перадачах і масоўках.
Пасля Жэня захапілася танцамі. Ды настолькі, што мара стаць актрысай часова саступіла месца жаданню быць балерынай! Але, як высветлілася, не лёс: памкненне займацца харэаграфіяй наведала дзяўчынку, калі ёй было дзесяць год, а ў балетную школу трэба было ісці раней… Жэні ж хацелася менавіта танчыць. Кар’ера харэографа яе не надта цікавіла.
Нягледзячы на тое, што з балетам не склалася, мэтанакіраваная, упартая дзяўчына ўсё адно пачала наведваць харэаграфічную студыю. У ансамблі «Мульцік» яна стала вядучай танцоркай! Паколькі пастаноўкі ансамбля былі тэматычнымі, то Жэня была галоўным белым мустангам, галоўным паваронкам, кляксай…
На сцэне дзяўчына адчувала сябе настолькі камфортна, што думала паступаць у харэаграфічнае вучылішча. Але на падрыхтоўчых курсах выкладчыкі таго вучылішча параілі дзяўчыне: «Сюды ідуць тыя, у каго няма мазгоў. А ты дзяўчына разумная, не паступай сюды лепш. Ты ж не хочаш ногі як у слана!»
Зараз Яўгенія тыя дзіўныя словы ўзгадвае з ўдзячнасцю: добра, што не пайшла тады ў харэаграфічнае.
На рэжысуру — з Лікай Ялінскай
Ідэй у Жэні наконт адукацыі асабліва не было. І бацькі параілі ёй пайсці ў Ліцэй БДУ. «І я паступіла туды на беларускую філалогію. Гэта была не мая воля — воля бацькоў. Але ж цікавая воля!» Прыгадваючы сваё навучанне ў Ліцэі, Яўгенія некалькі разоў паўтарае: навучанне там прайшло «як у тумане». Але было насамрэч цікава: задавалі чытаць кнігі, якія ніколі б не параілі настаўнікі ў звычайных школах. Там было зусім мала матэматыкі і фізікі, якія Жэня не любіла і па якіх у школе атрымлівала тройкі ды чацвёркі. Да таго ж, яна працягвала займацца танцамі. «Мне тады было вельмі добра. На танцы хаджу? Хаджу. Кнігі цікавыя чытаю? Чытаю. Матэматыкі няшмат? Няшмат!» — узгадвае Яўгенія з усмешкай.
Ліцэй БДУ яна скончыла з медалём і без іспытаў паступіла на філфак БДУ, аддзяленне славянских моў (беларуска-польская філалогія). І тут пачалося… Уводзіны ў літаратуразнаўства, паэтыка, рыфміка, мовазнаўства… «Для мяне гэта было складана! Як тая матэматыка!» Правучылася Яўгенія на філфаку два месяцы і сыйшла: не змагла больш цярпець. Вельмі моцным быў кантраст паміж цікавымі заняткамі ў Ліцэі і нецікавымі на філфаку. Бацькі, заўважыўшы, што дачка пахмурнее і вельмі нервуецца, сказалі ёй тады: «Ідзі ты куды хочаш, абы здаровая была!»
Яўгенія пайшла да Ядзвігі Грыгаровіч, рэктара Універсітэта культуры. Папрасілася перавесціся з філфаку на харэаграфічны факультэт, але рэктар сказала, што так нельга: у межах аднаго ўніверсітэта пераводзіцца можна, а так… І прапанавала дзяўчыне падаваць дакументы на дадатковы набор на аддзяленне рэжысуры і тэатральнай творчасці. «Разам са мной у гэты дадатковы набор, які быў у лістападзе, паступалі Ліка Ялінская ды сын Раінчыка. Яны пасля адразу перавяліся на эстраднае аддзяленне. Можа, гэта дзеля іх і ладзілася?.. Не ведаю. Але дзіўным быў гэты раптоўны дадатковы набор…» — дзеліцца Яўгенія.
Пасля таго, як дзяўчына паступіла на рэжысуру і тэатральную творчасць да Рыгора Баравіка, рэктар сказала, што цяпер яна можа пераводзіцца на харэаграфію. Але Жэні настолькі падабаліся заняткі, якія яна наведвала, што дзяўчына падумала: нашто мне тая харэаграфія, калі тут яднаецца ўсё, што трэба?.. І не стала пераводзіцца.
Калі Яўгенія была студэнткай трэцяга курса Інстытута культуры, Рыгор Баравік прапанаваў ёй паступаць на курс акцёраў тэатру і кіно ў Акадэміі мастацтваў. Вучылася паралельна на рэжысёра і на актрысу ў розных ВНУ. Праўда, першы дыплом ёй так і не спатрэбіўся: у Яўгеніі склалася артыстрычная кар’ера.
Грала прынцэс і малпу
Пасля заканчэння Інстытута культуры Яўгенія па размеркаванні трапіла на беларускае радыё. Два гады працавала рэжысёрам музычных праграм. Але такая праца ёй не падабалася: «Мне трэба было рабіць заўвагі масцітым акцёрам, некаторыя з якіх жа ў мяне выкладалі!»
Калі размеркаванне скончылася і Яўгенія атрымала другі дыплом, яна прыйшла ў Тэатр юнага гледача і папрасілася туды. Андрэй Андросік разгледзеў у маладой акторцы талент і узяў у трупу тэатра. Там яна грала ролі Папялушкі, усіх прынцэс і адну малпу. Асабліва спадабалася ёй праца ў спектаклі «Рыцар Сонца» па п’есе вядомага сучаснага літаратара Пятра Васючэнкі. Там актрыса выконвала адначасова дзве ролі: Златы і Зоські.
Менавіта з гэтым спектаклем звязаны і вельмі прыемныя ўспаміны аб глядацкай любові. Дзяўчынка, якая была на гэтай пастаноўцы не адзін раз, падарыла актрысе… настольную гульню, зробленую самастойна! Там былі кубікі, фішкі, поле для гульні па матывах спектакля. Былі клеткі «Андрусь задумаўся, прапусціце ход», «Вы трапілі ў замчышча Дармідонта — вярніцеся на тры клеткі назад»...
Прыемных адзнак любові маленькіх гледачоў было шмат. Бывала, дзеткі дарылі актрысе цацкі з адарваным вушкам, якіх падчас спектакля не выпускалі з рук…
«Мужа і сына мне наваражыў Дудараў»
З ТЮГа Яўгенію Жуковіч звёў Аляксей Дудараў. Вядомы драматург, кіраўнік Драматычнага тэатра Беларускай арміі ўбачыў актрысу падчас рэпетыцый спектакля да свайго юбілея. Убачыў і запомніў. Праз год ці нават два ён знайшоў яе, запрасіў на гутарку. І пераманіў у свой тэатр.
Яўгенія з вялікай цеплынёй гаворыць і пра ТЮГ, і пра Тэатр Беларускай арміі, у якім працуе дагэтуль. У апошнім тэатры яе асабліва прываблівае тое, што яна мае магчымасць шмат часу аддаваць працы ў кіно. «У іншых тэатрах ты заняты штовечар: калі не выконваеш ролю, то задзейнічаны ў масоўках. Стаіш як мэбля, такая дэкарацыя з людзей. А ў нашым тэатры мы маем не такі вялікі рэпертуар, ёсць час займацца і іншымі праектамі», — расказвае актрыса. Спачатку Яўгенія была вядучай актрысай тэатра, а зараз там усе вядучыя — у кожнага ёсць свае ролі.
Мужа свайго Яўгенія сустрэла дзякуючы спектаклю «Не пакідай мяне» па сцэнары Аляксея Дударава. Ён пісаў ролі спецыяльна для актрыс свайго тэатра. Яўгенія кажа, што драматург убачыў і раскрыў яе характар з неверагоднай дакладнасцю: «Аказалася, што ён мяне на той момант ведаў лепш, чым я сама!»
На адзін са спектакляў прыйшоў Дзмітрый, будучы муж Яўгеніі. Калі яна ў вобразе гераіні сыходзіла за кулісы са словамі"Дзімка?", яе партнёр па сцэне адказаў ёй: «Ён мне прадставіўся як Дзмітрый Мікалаевіч…» Выйшла так, што героя Дзімку, пра якога гаварыла на сцэне гераіня Яўгеніі, і яе будучага мужа завуць аднолькава! Дудараў угадаў і імя, і імя па-бацьку. Пасля таго, як у пары нарадзіўся сын, драматург сказаў актрысе: «Я табе мужа напісаў і сына напісаў. Цяпер засталося табе дажыць як мінімум да васьмідзесяці гадоў...» (паводле п’есы, гераіня, якую выконвае Яўгенія ў спектаклі «Не пакідай мяне», дажывае менавіта да гэтай даты).
«А я паліць не ўмею!»
У кіно Жэня пачала здымацца яшчэ студэнткай. Прыходзіла на «Беларусьфільм», знаёмілася з асістэнтамі па акторах, прыносіла ім свае фотаздымкі са словамі: «Вось мае фота, вазьміце мяне ў кіно». Яе пачалі запрашаць. Спачатку ў эпізоды, пасля пачалі даваць больш сур’ёзныя, нават вядучыя ролі. Тыпажы, якія грала актрыса, вельмі розныя, нават супрацьлеглыя. Але калі раней ёй давалі толькі станоўчых персанажаў, то апошнім часам давяраюць граць сцервозных, нахальных жанчын... «Зараз складана здымацца, калі ў цябе няма агента, які цябе прасоўвае. Тыя беларускія акцёры, якія працуюць з рускімі агентамі, плоцячы ім нейкую суму ад ганарараў, не хочуць дзяліцца кантактамі… А ў нас жа агентаў наагул няма…» — кажа Яўгенія.
Гаворачы пра кастынгі, актрыса адзначае, што заўжды няёмка, калі цябе прыдзірліва разглядаюць: «як кабылу прадаюць!» На маё: «Але ж ты ведала, у якую прафесію ідзеш!» яна адказала: «Я думала, што мяне гэта не будзе тычыцца…»
Зараз Яўгенія Жуковіч ужо не так часта сама ходзіць на пробы і кастынгі. Рэжысёры, з якім яна працавала раней, самі запрашаюць яе ў свае фільмы. Яна плённа супрацоўнічае з рускімі рэжысёрамі Ігарам Штэрнбергам ды Уладзімірам Краснапольскім. Калі размова заходзіць пра беларускія фільмы і беларускіх рэжысёраў, Яўгенія адно паціскае плячыма…
На здымках апошняй карціны рэжысёра Аляксандра Даругі быў смешны выпадак. Па сцэнары гераіні, якую выконвае Яўгенія, трэба было паліць: «Я там грала ўрача ў нямецкім шпіталі. Наагул ролі медсёстраў мне давалі часта, разоў дванаццаць, але вось каб ўрача, то першы раз. Мая гераіня павінна была забіць пацыента. Яна нервуецца, перажывае і выходзіць папаліць. А я паліць не ўмею! Ніколі гэтага не рабіла. Ні ў кіно, ні ў жыцці. Рэжысёр сказаў, што гэта не грае мне на руку: актрыса павінна ўмець усё! Выходжу я на ганак шпіталя, спрабую падпаліць цыгарэту — і тут пачынаецца моцны вецер: яна не падпальваецца! Мучылася я, мучылася, як чую голас рэжысёра: «Адмяняем паленне!» Так я і не навучылася паліць…»
Расказваючы пра сябе ў кіно і на сцэне, Яўгенія Жуковіч паглядзела на мяне сур’ёзна і сказала: «Я без гэтай прафесіі жыць не магу! Калі не буду здымацца, па сценах буду поўзаць».
Ася ПАПЛАЎСКАЯ