У Зэльве памятаюць Ларысу Геніюш

Источник материала:  
У Сьвята-Траецкай царкве адбыўся малебен па-беларуску. Побач з помнікам ля царквы прэзэнтавалі кнігу «Лісты з Зэльвы».Усе, хто прыехаў на ўрачыстасьці, усклалі кветкі на магілу Ларысы і Янкі Геніюшаў а таксама пабычылі ў невялічкім царкоўным музэі Эвангельле, якое падарыла Ларыса Геніюш царкве і сама аздобіла яго аксамітам.
Помнік Ларысе Геніюш побач зь Сьвята-Траецкай царквой у Зэльве
 
11 жніўня ў Зэльву зьехаліся людзі з розных гарадоў і мястэчак Беларусі. Побач зь Сьвята-Траецкай царквой нязвыкла шматлюдна. Пасьля літургіі адбываецца малебен па памерлых. У храме людзі ў жалобных строях, а таксама тыя, хто прыехаў  памаліцца за Ларысу Геніюш. Сьвятар чытае малебен па-беларуску і ў самым канцы пераліку імёнаў гучыць — Ларыса.

Пазьней айцец Аляксандар скажа, што наўмысна чытаў гэтае імя апошнім, бо ведае, што Ларыса Геніюш была вельмі сьціплым і чулым чалавекам, а тут, маўляў, людзі якія прыйшлі памаліцца за сваіх родных.

Пасьля малебну айцец Аляксандар падзякуе ўсім, хто не забывае іх славутую прыхаджанку і ў дзень яе народзінаў штогод прыяжджае ў Зэльву, каб памянуць яе слаўнае імя.
 

Настаяцель Сьвята-Траецкай царквы айцец Георгі і пісьменьнік Міхась Скобла

Ён запрашае нас у невялічкі музэйчык. Тут пад шклом здымкі старой Зэльвы, розныя рэчы, а вось цяпер ужо айцец Георгі паказвае на тое, што адносіцца да памяці Ларысы Геніюш:

«Вось тут інфармацыя аб яе жыцьці: здымкі з пахаваньняў, аўтографы прыхаджанам, вершы, якія, напэўна, нідзе дагэтуль не друкаваліся. Вершы духоўнага зьместу, якія яна сама друкавала на машынцы і замест беларускага „і“ ставіла адзінку. А вось Эвангельле, якое абкладзена ейнымі рукамі».

 

Айцец Аляксандар паказвае царкоўны музэй
 
 

Эвангельле, аздобленае рукамі Ларысы Геніюш, у царкоўным музэі
 
 

Экспанаты царкоўнага музэю, прысьвечаныя Ларысе Геніюш

Ужо на вуліцы, выйшаўшы з музэйчыка, сталая спадарыня, Людміла Дамброўская, кажа , што добра памятае Ларысу Геніюш:

«Дабрадушная была, ласкавая, добрая, спагадлівая, заўсёды дапамагала людзям. Людзі яе таксама любілі, бо яна была чалавекам. Багацьця ў яе не было, толькі ўвесь пакой быў застаўлены кнігамі».

На вуліцы побач з помнікам пачынаецца прэзэнтацыя кнігі Ларысы Геніюш «Лісты з Зэльвы». Укладальнік кнігі Міхась Скобла распавядае пра паэтку, яе жыцьцё, перапіску, яе сяброў і незаўважна для сябе тлумачыць — чаму так многа людзей цягнецца сюды да царквы, да помніка і да дома, дзе жыла паэтка:

«Нам сёньня бракуе сьвятасьці, і мы прыходзім да Ларысы Геніюш. Нам сёньня бракуе шляхетнасьці ў чалавечых аносінах, і мы прыходзім да Ларысы Геніюш. Нам бракуе сёньня нацыянальнага аптымізму, і мы прыходзім да Ларысы Геніюш».
 

Прэзэнтацыя кнігі «Лісты з Зэльвы»

Мастак Алесь Пушкін упершыню ў Зэльве: «Вельмі прыемна было  стаяць у царкве побач зь людзьмі ў чорных строях, якія прыйшлі на паніхіду па сваіх родных. І сярод імёнаў памерлых: Пётар, Ефрасіньня, Фядора, Васіль гучала і імя — Ларыса. Як гэта ўсё ж было прыемна».

Падчас імпрэзы песьні на словы ў тым ліку і Ларысы Геніюш сьпявала Тацяна Грыневіч-Матафонава. Я запытаўся, што яе прывяло  ў Зэльву?

«Цягнула мяне сюды. Якая сіла, пакуль цяжка гэта выказаць словамі. Канечне, гэта важны чалавек для нас усіх. Вось ідзеш па Зэльве і думаеш, што тут хадзілі ўсе твае сябры, і яны таксама ішлі сюды да царквы, бо яна тут жыла недалёка».
 
 

Тацяна Грыневіч-Матафонава сьпявае песьні на словы Ларысы Геніюш

←II Республиканский конкурс киноплаката объявлен в Беларуси

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика