Першы вакаліст The Beatles: "Я выступаў з беларускімі музыкамі"

Источник материала:  
10.08.2012 12:51 — Новости Культуры

Першы вакаліст The Beatles: "Я выступаў з беларускімі музыкамі"

           


Карэспандэнт НН пагутарыў з Тоні Шэрыданам.

Першы вакаліст The Beatles: "Я выступаў з беларускімі музыкамі"


Альбом "Раннія запісы The Beatles з Тоні Шэрыданам" ёсць у любога аматара ліверпульскай чацвёркі. Першы раз у студыю "бітлы" прыйшлі менавіта як гурт, які суправаджаў спевака Тоні Шэрыдана. Менавіта з ім яны выступалі ў славутым гамбургскім Star Club. "Наша Ніва" паразмаўляла з Тоні Шэрыданам пра тыя часы.

"Наша Ніва": У пачатку 60-х Гамбург быў рок-сталіцай свету. Чаму так выйшла?

Тоні Шэрыдан: У той час у Брытаніі і ЗША ўсе гуказапісваючыя кампаніі, менеджары, радыё- і тэлевядучыя, казалі, што рок-н-ролу засталося жыць максімум год.

Асабліва ў Нью-Ёрку музычныя босы імкнуліся забіць гэтую музыку. І тады брытанскія музыкі пачалі ездзіць іграць у Гамбург. Я туды паехаў на два месяцы, і вось нават цяпер жыву ў Гамбургу. Мы гралі па восем гадзінаў за ноч, кожную ноч, цягам месяцаў. Іншага падобнага месца ў свеце проста не было. Менавіта ў Гамбургу мы перасталі капіяваць выканаўцаў класічнага рок-н-рола. Бралі шкілет песні, і насаджвалі на яе "сваё мяса".

Гамбургскія клубы былі накшталт Акадэміі маладых музыкаў, і з іх пачалася музычная рэвалюцыя 60-х.

Класічны супольны запіс з The Beatles



"НН": Вы выступалі з The Beatles, Gerry & The Pacemakers….

ТШ: Тады ўсе гралі з усімі.

Вайна скончылася не так даўно, і брытанцам, якія ехалі ў Гамбург, "да ворагаў", цяжка было інтэгравацца ў нямецкае грамадства. Але мы тады былі амаль дзеці, нам было па 20 год, і мы разумелі, што мы ніякія не ворагі з нямецкай моладзю
. Дзякуючы музыцы, мы не сталі ненавідзець адзін аднаго.

У Германіі за 12 гадоў улады Гітлера не было ніякай крэатыўнасці, не было літаратуры, мастацтва — усё забаронена.
І ў Германіі адчуваўся культурны голад, яны паступова адкрывалі для сябе джаз і рытм-н-блюз. Абсалютна ніхто ў Гамбургу не выконваў рок-н-рол, калі мы туды прыехалі.

Першы вакаліст The Beatles: "Я выступаў з беларускімі музыкамі"

"НН": Калі вы ўпершыню сустрэлі The Beatles, ці можна было прадказаць іх далейшы поспех?

ТШ: Не-не-не! Калі табе дваццаць, а ты сустракаеш такіх самых дваццацігадовых, і ўсе вы музычныя фанаты з гіганцкім эга і вялікай любоўю да сваёй справы, вы імкнецеся стварыць разам нешта, акрэсліць сваю тэрыторыю, прымусіць усё навокал рухацца.

Ніхто нават не думаў на тэму будучыні The Beatles. Усе ж лічылі што рок-н-рол вось-вось памрэ. У "бітлоў" была дэпрэсія — яны не бачылі святла ў канцы тунэля.

"НН": Наколькі цяжка было вытрымліваць васьмігадзінныя канцэрты?

ТШ: Гэта была цяжкая праца, але нам трэба было неяк выжываць, увесь час быць бадзёрымі.

Першы вакаліст The Beatles: "Я выступаў з беларускімі музыкамі"


"НН": А з аплатай як?

ТШ: Мы атрымлівалі прыблізна як клеркі ў банку.

"НН": Ці праўда, што Рынга Стар пачаў выступаць з вамі, а не з The Beatles?

ТШ: Так, ён пачынаў у мяне.

Рынга быў вельмі лянівы. Калі ён граў у нашым гурце, мы ўвесь час мусілі даваць яму выспятка, каб ён граў лепей.
Бубначы ўвогуле лянівыя людзі… У The Beatles тады бубначом быў Піт Бэст, вельмі важны чалавек у іх ліверпульскія часы. Але без Рынга не было б The Beatles — быў бы звычайны гурт, з іншым бубначом ім бы не ўдалося ствараць вось гэтую хімію і магію музыкі.
Піт дагэтуль не разумее, што яго вялікая заслуга ў тым, што ён "даў дарогу" Рынга. Ужо дзеля гэтага можна было нараджацца! Піт пакрыўджаны на лёс дагэтуль.

Sweet Georgia Brown



"НН": Джордж Харысан аднойчы сказаў, што ўсяму, што ўмеў, навучыўся ў вас.

ТШ: Ну, не ведаю. Нас ніхто ніколі не вучыў — гэта была наша праблема. Мы вучыліся, слухаючы Элвіса і Джэры Лі Льюіса, мы бралі кавалачкі ведаў, паўсюль, дзе маглі. Але калі граеш па восем гадзін за дзень, у пэўны момант разумееш, што "вось яно — загучала", гэта нешта новае, што ты сам вынайшаў.

"НН": У Джона Ленана заўжды быў цяжкі характар. Ці праяўлялася гэта ў гамбургскія часы?


ТШ: У Джона было складанае дзяцінства: смерць маці, бацька які кінуў сям’ю… Самае шчаслівае было ў Джорджа Харысана. Ды і ў Пола шмат добрага ў жыцці было. Пол у дзяцінстве прапусціў праз сябе ўсю музыку, якая існавала — таму ён і быў найлепшым музыкам у The Beatles.

Мы ўсе нарадзіліся падчас вайны, і гэта наклала на нас адбітак, і гэта засталося з намі на ўсё жыццё. Пасля вайны ніякага "святла" ў жыцці не было, пакуль мы не сутыкнуліся з рок-н-ролам.

Асабліва, калі мы пачулі Элвіса. Мы энэргію, якую іншыя трацяць на дзеўчын, трацілі на тое, каб зрабіць гэтую музыку сваёй.

"НН": Пасля гучнага поспеху "бітлоў" у Брытаніі, чаму вы не вярнуліся да іх?

ТШ: Яны мяне клікалі з сабой у Ліверпуль, казалі, што там можна рабіць тое самае, што мы рабілі ў Гамбургу. Казалі, што мы з імі разам класна гучым і выглядаем. Але я сказаў "не". У мяне кантракт на запіс у Гамбургу, чаго мне вяртацца…

Калі яны сталі звышвядомымі, я за іх вельмі радаваўся. Хаця, калі мы з калегамі пачулі іх першыя сінглы — Love me Do і Please, Please me, мы не маглі зразумець, што гэта такое? Спяваюць нейкае лайно.

"Кахай, кахай мяне" — на каго яны разлічваюць? На дзяўчын-падлеткаў? Але гэта была стратэгія. І змена іміджу, і музыкі. Ад іх адмовіліся ўсе гуказапісваючыя кампаніі, адзіная, якая згадзілася з імі працаваць — ЕМІ. Іх прадусар Джордж Марцін сапраўдны чараўнік, але нават ён не мог уявіць, у якія фігуры яны ператворацца. Пасля першых сінглаў "бітлы" пачалі ствараць геніяльную музыку.

"НН": Але ж вы таксама змянілі сваю музыку ў 60-х?

ТШ: Так, я заўжды любіў джаз, Рэя Чарльза. Мы ўсе слухалі амерыканскую музыку ў дзяцінстве. У Англіі было шмат амерыканскіх салдатаў, якія вярталіся з Германіі. Яны прывезлі нам сваю музыку — менавіта тады я ўпершыню пачуў джаз, Сінатру.

Розніца паміж англічанамі і амерыканцамі была вялікай. Амерыканцы былі пазітыўнейшыя. Англічане не ўсміхаліся, а амерыканцы былі вясёлыя і вельмі падабаліся дзяўчынам.


Выступ у Star Club праз пяцьдзесят год



"НН": Вы і самі гралі на вайне — у В’етнаме.

ТШ: Я заставаўся там васямнаццаць месяцаў і амаль з’ехаў з глузду — на вайне ўвогуле цяжка не з’ехаць з глузду. Даволі хутка я зразумеў, што музыка адбівае ахвоту ваяваць. Ад яе хочацца дамоў. Аднойчы мы на Каляды выконвалі White Christmas, і салдаты проста плакалі…

У канцы 1967 года англійскія газеты далі інфармацыю, што я загінуў у В’етнаме. Я адразу ж напісаў маці, што са мной усё ў парадку, але яна не магла паверыць, і мне давялося ехаць у Германію, каб яе ўпэўніць. У свой час яна не магла паверыць, што я паеду ў Германію спяваць для "ворагаў", а пасля на наступную вайну — каб спяваць для амерыканцаў.

"НН": Чым вы займаецеся цяпер?

ТШ: Ведаеце, я ніколі не хацеў рабіцца "зоркай", заўжды быў такім валацугам. Мне нецікава трапляць у чарты, я выступаю, запісваю музыку. Мы пісалі разам з жонкай, але ў мінулым верасні яна памерла, і я дагэтуль не магу аправіцца, вельмі перажываю… Ездзіў во ў Індыю, шукаў сабе гуру.

Першы вакаліст The Beatles: "Я выступаў з беларускімі музыкамі"

Я ніколі не хацеў трапіць у шоу-бізнэс, бегаць паміж гуказапісваючымі кампаніямі. Мне падабаецца заставацца вольным. Я выступаю па ўсім свеце.

Дарэчы, у Санкт-Пецярбургу, у Расіі, давялося іграць з беларусамі.

Хлопец, з якім мы працавалі ў Расіі, сказаў: "Я прывяду табе двух цудоўных гітарыстаў". Яны прыехалі з Беларусі, мы з імі шыкоўна сыграліся. Аднак фінансавыя праблемы не дазволілі нам паехаць разам далей, каб мы маглі пару месяцаў папрацаваць і запісаць альбом. Шкада, я б вельмі хацеў гэта зрабіць — яны мяне натхнілі.

Імёнаў іх у мяне няма, але калі яны прачытаюць нашую гутарку, яны знойдуцца.

Той самы канцэрт у Санкт-Пецярбургу



"НН": ЦІ падтрымліваеце вы стасункі з Полам і Рынга цяпер?

ТШ: Не асабліва. Я збіраўся на сямідзесяцігоддзе Рынга, але не выйшла — былі іншыя справы. Пару гадоў таму мы бачыліся з Полам, калі ён прыязджаў у Гамбург. Паразмаўлялі пра маладосць, згадалі старыя часы, абмеркавалі што адбываецца з нашымі старымі знаёмымі… Але гэта, скажу шчыра, вельмі нудна.

Пол ён, ведаеце, сентыментальны, любіць вяртацца ў "старыя часы", а я жыву сённяшнім днём, і не вельмі люблю згадваць Гамбург.

←Что читает минская молодежь

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика