Звінелі косы на «Спораўскіх сенакосах»
Сёлета прыняць удзел у папулярным спаборніцтве, якое штогод праходзіць на Бярозаўшчыне і стала ўжо традыцыйным, пажадалі 15 каманд. Многія з іх абаранялі гонар свайго раёна, і варта адзначыць, што зрабілі гэта надзвычай дастойна.
У чэмпіянаце, які праходзіў на балотах побач з вёскай Здзітава, мераліся сіламі касцы з мясцовых СВК “Спорава”, ААТ “Пескаўскае”, СВК “Вінец”, рэспубліканскага заказніка “Званец”, што ў Драгічынскім раёне, упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Бярозаўскага райвыканкама, таварыства “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Нават беларуска-нямецкі дуэт быў прадстаўлены на спаборніцтвах. Трыццаціградусная спёка пасля толькі што прайшоўшай навальніцы не напужала іх удзельнікаў. З дыстанцыі не сышоў ніхто, як ні было цяжка. А тое, што пацягаць касу ў балотнай траве, сярод купін, — справа няпростая, было заўважна па адзенні касцоў, якое вельмі хутка станавілася мокрым ад поту.
У цяньку дрэў побач з сенакосамі працаваў выязны гандаль. У павільёнах можна было набыць бутэрброды і салодкія напоі, марожанае і кандытарскія вырабы, але найбольшым попытам у гарачы дзень, асабліва ў касцоў, карыстаўся хлебны квас, за якім стаяла чарга.
Пасля камандных спаборніцтваў касцы спаборнічалі і ў асабістым першынстве. І тут Віктар Здановіч пацвердзіў свой высокі клас.
Другую ступеньку пьедэстала ў камандным першынстве занялі Аляксандр і Міхаіл Дзецукі з рэспубліканскага заказніка “Званец” Драгічынскага раёна. Трэцяе месца — Мікалай Пашкевіч і Іван Равенька з СВК “Спорава”. Па ўмовах чэмпіянату, пераможцаў узнагародзілі дыпломамі і каштоўнымі падарункамі. Акрамя таго, некаторыя ўдзельнікі спаборніцтваў атрымалі прызы сімпатый гледачоў.
На здымках: Андрэас ХАБЕРЛ (злева) и Ян ПІЦЕРС прыехалі
на спаборніцтвы з Германіі; Каманда галоўных спецыялістаў Бярозаўскага райсельгасхарча — Сяргей КРАЎЧУК (злева) і Сяргей ЛЕВАНЮК.
Аляксандр КУРЭЦ, «БН»
Фота Віталя РАІЦКАГА